Удзелу Беларусі ў мірных перамовах па Украіне перашкаджаюць «красаўцы»?

Некалькі разоў на год Лукашэнка казаў, што ў яго ёсць нейкі «непублічны дыялог» з прадстаўнікамі Захаду. І вось цяпер мы разумеем, з якой прычыны быў гэты дыялог. Прычына — стандартная, і таму гэты загадкавы дыялог хутка скончыцца. Бо не дамовіліся.

img_2231_logo.jpg_logo.webp

Аказваецца, што ў красавіку гэтага года «красаўцы» проста перад дзвярыма дыпламатычнага прадстаўніцтва ЕС у Беларусі арыштавалі прапаведніка евангелісцкай царквы «Дабравесьце» Мікалая Хіла. Рэжым яго затрымання быў стандартны: спачатку — ІЧУ на Акрэсціна, потым — СІЗА №1. Абвінавацілі яго па не менш стандартныхм артыкулах — 130 ч.1 (распальванне варожасці) і 361 ч. 3 (заклікі да санкцый).

Чаму Еўропа пачала заступацца за беларускага прапаведніка? Здавалася б, рэпрэсуюць у Сінявокай дзясяткі такіх. Аказалася, што Хіла — не проста прапаведнік, а мясцовы супрацоўнік дэлегацыі ЕС у Беларусі — дыпламатычнай місіі ЕС у Мінску. І еўрапейцы спрабавалі дамагчыся вызваліць свайго супрацоўніка «ціхенька».

Аніта Хіпер, прадстаўніца ЕС у замежных справах і палітыцы бяспекі, паведаміла выданню POLITICO, што Еўропа ўздымала пытанне Хіла «падчас усіх кантактаў з Беларуссю».

Не атрымалася. І цяпер Еўрапейская служба знешніх сувязяў (EEAS) галосна запатрабавала яго вызвалення. «Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць яго», — заявіла Аніта Хіпер.

Судзіць супрацоўніка дыпламатычнай місіі ЕС пачнуць 23 снежня ў Мінскім гарадскім судзе. Працэс будзе весці суддзя Алена Ананіч, і таму нічога добрага Хіла не чакае. Алена Ананіч вядомая тым, што вынесла больш за 36 абвінаваўчых прысудаў па палітычна матываваных справах, прысудзіла да 18 гадоў калоніі завочна былога афіцэра ГУБАЗіКа Станіслава Лупаносава, да васьмі гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму — адваката Віталя Брагінца. А яшчэ раней, будучы суддзёй суда Першамайскага раёна, выносіла палітычна матываваныя прысуды ў дачыненні да, напрыклад, экс-бізнесоўца і палітыка Андрэя Клімава.

Наступствы асуджэння супрацоўніка дыпламатычнай місіі ў Мінску агучыў літоўскі дэпутат Еўрапарламента ад цэнтрысцкай групы Renew Петрас Аўштрэвічус. На ягоную думку, «рэжым у Мінску тэстуе пазіцыю і рэакцыю ЕС і робіць гэта вельмі правакацыйна», і Еўропа цяпер павінна паслаць уладам Беларусі выразны сігнал аб тым, што асуджэнне Хіла «прывядзе да рэальных дыпламатычных наступстваў». Напрыклад — да высылкі беларускіх дыпламатаў з краін ЕС.

Глядзіце таксама

Я думаю, што беларускія дыпламаты, якія яшчэ знаходзяцца ў краінах ЕС, будуць бясконца ўдзячныя «красаўцам» і Алене Ананіч асабіста. За тое, што іх пазбавяць ад прысутнасці ў «Гейропе» і «загніваючым Захадзе», і яны змогуць свабодна ўдыхнуць паветра Беларусі, перасесці з ненавіснай Toyota на амаль родную Lada Granta і замест бургераў у McDonalds бліжэй да Вялікадня ўзяць куліч у мак.бай.

А каб нашы дыпламаты назад у ЕС не вярнуліся, той жа Мінскі гарадскі суд прысудзіў да 4-х гадоў журналістку Вольгу Радзівонаву. І тут таксама — нібыта, да арыштаў журналістаў мы прывыклі яшчэ з часоў TUT.BY. Але Радзівонава была прысуджаная да зняволення не за супрацоўніцтва з беларускімі «экстрэмісцкімі» рэсурсамі, а за артыкулы ва ўплывовай нямецкай Die Tageszeitung.

«Красаўцы», напэўна, лічаць, што роля СМІ ў Германіі такая ж, як у Беларусі: прапаганда і «чаго хочаце». І яны нават не ўяўляюць, якую вагу незалежная прэса мае ў Еўропе. Асуджэнне ў Беларусі чалавека за матэрыялы ў заходняй прэсе можа адгукнуцца вельмі балюча ўсім удзельнікам гэтай эпапеі. І калі кіраўніцтва Die Tageszeitung запатрабуе прыняць меры да ўсіх фігурантаў гэтай гісторыі — усё роўна, які ў Германіі будзе ўрад, Шольца ці не Шольца. Нямецкая ўлада вымушаная будзе рэагаваць, і рэагаваць жорстка, бо менавіта ад пазіцыі прэсы залежыць грамадскае меркаванне. А ад грамадскага меркавання — лёсы нямецкіх палітыкаў.

Гэта дэмакратыя, дзетка.

Пакуль, праўда, прысуд Радзівонавай не набыў моц і можа быць абскарджаны. Так што час выправіцца ў беларускіх уладаў яшчэ ёсць.

Непрыемнасці ўжо пачаліся. Амбасада Вялікабрытаніі ў Беларусі, амбасада Германіі ў Беларусі, амбасада Нідэрландаў у Польшчы і МЗС Чэхіі заклікалі вызваліць журналістаў, неабгрунтавана затрыманых у Беларусі. Гаворка ідзе, праўда, пра сямёх затрыманых журналістаў беларускіх СМІ — у прыватнасці, закрытай газеты Intex-Press.

За «сваіх» рэакцыя будзе яшчэ горшай.

Сілавікі чарговы раз пакрыўдзілі не толькі нябачную беларускую дыпламатыю, але і эканамічны блок. Бо тут вельмі просты і зразумелы ланцужок: парушэнне правоў чалавека (асабліва еўрапейскага чалавека) — санкцыі — праблемы ў эканоміцы. І не толькі ў эканоміцы.

Вось эканамічны даследчы цэнтр BEROC лічыць, што па выніках года прырост ВУП можа не перавысіць 3,9%. А ў наступным годзе скласці наогул 1,7%. Гэта пры тым, што планы ўрада на ВУП 2025 года — 4%. І пры тым, што BEROC для разліку ВУП браў «базавы сцэнар» — гэта значыць такі, у якім становішча Беларусі моцна не пагоршыцца. Прынамсі, не будуць уводзіцца новыя санкцыі.

Але сілавікі якраз моцна гэтаму спрыяюць — новым санкцыям.

Ну і, вядома, у такіх умовах пад сумнеў ставіцца наш любімы новы фетыш — удзел у перамовах па міру ва Украіне. Ну скажыце, якія могуць быць перамовы з краінай, дзе ў турме сядзіць супрацоўніка дыпламатычнай місіі?