Андрэй Клімаў. Шляхецкія карані

У сярэдзіне 1990-х Андрэй Клімаў уваходзіў у пяцёрку самых вядомых бізнэсмэнаў Беларусі. А таксама ў кагорту самых яркіх палітыкаў — маладых дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання.



4_1_klimau.jpg

Андрэй Клімаў

А яшчэ быў выдаўцом «Газеты Андрэя Клімава». Аўтарам 9 кніг. І ва ўсіх сваіх іпастасях з’яўляўся адным з самых рэзкіх апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Усё абярнулася для яго гадамі зняволення і пакут. Навошта? Спадзяюся, на гэта пытанне і адкажа мой нарыс.

Шляхецкія карані

Сваім днём народзінаў — 17 верасня 1965 года — Андрэй Клімаў крыху незадаволены. Перш за ўсё, стагоддзем. З сумнай іроніяй адзначае, што нарадзіцца яму трэба было ў сярэднявеччы. Пажадана, у Вялікім Княстве Літоўскім, дзе за імкненне да шчасця сваёй краіны не кідалі за краты...

Калі вучыўся ў чацвёртым класе, маці ўладкавала яго яшчэ і ў спартовую школу на плаванне. Трэніроўкі — двойчы на дзень. А пасля, ужо па ўласным жаданні — футбол-хакей з сябрамі. Часу на вучобу амаль не заставалася, але на «добра» пры яго здольнасцях хапала. Неўзабаве да захаплення спортам дадалося захапленне кнігамі.

Маці Андрэя паходзіць з вядомага ўкраінскага шляхецкага роду Піваваравых, некалі дастаткова заможнага. Але ген багацця перадаўся ёй у крыху іншым выглядзе — багацце душы. Гонар і годнасць — найвышэй за ўсё — навука ад маці.

Як успамінае Андрэй, яна ніколі не шкадавала грошы на тры рэчы — садавіна, адпачынак і кнігі. Запойнае чытанне кніг стала падмуркам фармавання яго характару, самой асобы Андрэя Клімава.

Калі хто памятае, у савецкія часы было шмат розных дэфіцытаў, сярод якіх кнігі займалі адно з самых пачэсных месцаў. Некаторыя кнігі можна было набыць толькі пасля таго, як здасі 10 кілаграмаў макулатуры і атрымаеш адпаведны талончык. Андрэй Клімаў сабраў так каля двухсот кніг.

Юнацкая наіўнасць

У 1983 годзе Андрэй даволі паспяхова скончыў школу і курсы англійскай мовы пры сталічным Доме афіцэраў, на той час прэстыжныя і якасныя. Мабыць, гэта і дало падставу замахнуцца на знакаміты Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін.

Крута, але і наіўна. У чым Андрэй хутка і ўпэўніўся. Для паступлення туды абавязкова патрабавалася накіраванне ад камсамола, па вертыкалі да ЦК уключна. Там Андрэя Клімава бачылі першы раз, і, як трэба было чакаць, паслалі...

Так ён амаль упершыню ў жыцці сутыкнуўся з савецкімі рэаліямі, і на два месяцы сышоў у дэпрэсію. Нікога не хацелася бачыць, а калі служыць у войску, дык толькі ў Афганістане — каб там геройскі загінуць.

Маці адчула гэтыя настроі і расказала пра Львоўскае пажарна-тэхнічнае вучылішча: справа для сапраўдных мужчын — і спорт, і рызыка. Паступіў, скончыў з чырвоным дыпломам у 1986 годзе. Да слова, нашмат раней гэтае ж вучылішча скончыў другі добра вядомы персанаж беларускай палітыкі — спікер Вярхоўнага Савета 12-га склікання Мечыслаў Іванавіч Грыб.

Дарослая праблема

Накіравалі Андрэя Клімава ў Мінск. Начальнікам каравулу пажарнай часткі нумар пяць. Не будзем у тысячны раз узгадваць анекдоты пра пажарнікаў. Адзначым толькі: шмат што з першага ж дня службы пачало ў маладога лейтэнанта выклікаць абурэнне, асабліва выпадкі, калі падначаленыя прыходзілі на службу «пад мухай». Дысцыпліну наводзіў цвёрдай рукой. Хутка начальнік пажарнай часткі ў якасці пакарання парушальнікам увёў: «Пойдзеш у каравул да Клімава»...

Львоўскае пажарна-тэхнічнае вучылішча не давала вышэйшай адукацыі, таму праз год работы Андрэй Клімаў прыйшоў у аддзел кадраў УУС Мінгарвыканкама з просьбай накіраваць яго для паступлення на гістарычны факультэт БДУ.

Выбар для пажарніка, мякка кажучы, неардынарны. Яму адмовілі і настойліва параілі ісці ў Вышэйшую пажарную школу. Клімаў упёрся. Кампрамісам стаў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Было гэта ў 1987 годзе, а скончыць універсітэт ён змог толькі ў 2010-м, пасля трох турэмных тэрмінаў. Хаця сам Андрэй гаворыць пра чатыры. Справа ў тым, што ў 2006 годзе яго арыштавалі, калі ён адбываў «хімію» ў Баршчоўцы, і за быццам бы лаянку на тыдзень закрылі ў рэчыцкую турму. Па ўсім зразумеламу супадзенню, гэты арышт прыйшоўся на дзень прэзідэнцкіх выбараў...

Небяспечны выбар

Не буду пералічваць прыступкі кароткай і вельмі паспяховай кар’еры Андрэя Клімава. Адзначу толькі, што ўжо праз тры гады ён працаваў на прэстыжнай пасадзе ў Галоўным упраўленні пажарнай аховы МУС БССР. Адтуль і звольніўся пасля першай жа паездкі за межы Савецкага Саюза — у Польшчу ў 1991 годзе. Нават тых уражанняў хапіла, каб адчуць, якой на самай справе можа быць свабода.

Звольніўся ў жніўні 1991-га, а ўжо ў лістападзе стварыў Малое прадпрыемства Андрэя Клімава, якое займалася гандлем нерухомасцю, будаўніцтвам, фінансамі, машынабудаваннем і кансалтынгавымі паслугамі. У 1994 годзе на яго базе былі створаны ААТ «Андрэй Клімаў і К», «Мінскі прыватны банк Андрэя Клімава» і «Газета Андрэя Клімава».

На гэты конт прыходзілася чуць шмат розных ацэнак, у тым ліку нядобразычлівых. Я ж не бачу ў гэтым чагосьці экстраардынарнага. Кіраўнік пэўнай справы павінен адказваць за яе якасць сваім прозвішчам.

У 1995 годзе пачаўся палітычны этап жыцця Андрэя Клімава. Ведаю, шмат хто да дэпутацкіх мандатаў вядомых бізнэсмэнаў ставіцца, мякка кажучы, скептычна. І часта мае на тое рацыю, але тут выпадак асобны.

Андрэй Клімаў не толькі перамог у сумленнай барацьбе на выбарах у Вярхоўны Савет 13-га склікання, але і потым неаднойчы сваімі дзеяннямі пераканаўча пацвердзіў, што і ў палітыцы, і ў жыцці ён кіруецца асабістым сумленнем і рэальнымі інтарэсамі людзей.

Гэта не проста словы з якой-небудзь чарговай улёткі. Гэта стала падмуркам для трох крымінальных спраў...

Песімістычны аптымізм

У 1996 годзе Андрэй Клімаў, на той момант сябар пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы і рэформах Вярхоўнага Савета, быў сярод тых дэпутатаў, хто падпісаў імпічмент Лукашэнку. Як лічаць многія, гэта і стала сапраўднай прычынай першай крымінальнай справы. Хаця афіцыйная фармулёўка прысуду была іншай.

Андрэя Клімава арыштавалі 11 лютага 1998 года, а 17 сакавіка 2000-га пакаралі шасцю гадамі зняволення. За тое, што ён скраў у сябе самога буйную суму грошай і здзейсніў такім чынам «крадзеж у асабліва буйных памерах». Спачатку называлася «неліцэнзійная дзейнасць», але потым ад яе адмовіліся.

Умоўна-датэрміновае вызваленне прыйшлося на 2002 год, на 25 сакавіка, на Дзень Волі. На той жа дзень, праз тры гады, ён заклікаў людзей выйсці на Кастрычніцкую плошчу, назваўшы гэтую акцыю «рэвалюцыяй». Як вынік — зноў апынуўся за кратамі.

4_2_klimov_redhitelny.jpg

Рэвалюцыя Андрэя Клімава, 25 сакавіка 2005 г.

Яму далі паўтары гады «хіміі». Першапачаткова адбываў пакаранне ў недалёкіх ад Мінску Крупках, што стала прычынай даволі частых візітаў сяброў-апазіцыянераў, і Клімава перавялі ў вёску Баршчоўка Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.

У снежні 2006 года тэрмін пакарання скончыўся, але на волі давялося пабыць зусім не доўга. Праз тры месяца Андрэя Клімава зноў арыштавалі. На гэты раз за «абразу прэзідэнта» і заклік да «неканстуцыйнай змены існуючага ладу», якія нехта ўбачыў у кнізе «Прагулка з вампірам».

Арыштавалі яго 3 красавіка 2007 года, а 1 жніўня Цэнтральны суд Мінска вынес у пэўным сэнсе этапны прысуд: Клімаў стаў першым беларускім апазіцыянерам, якога пакаралі зняволеннем ва ўмовах строгага рэжыму. На два гады. Кнігу ж загадалі зніш­чыць.

Паўгода Андрэй правеў на Валадарцы, дзе з сардэчным прыступам трапіў у турэмную бальніцу, пасля яго перавялі ў мазырскую калонію строгага рэжыму №20. Ён вытрымаў неверагодны ціск. Але нечакана быў вызвалены, шчасліва трапіўшы пад чарговы віток дэманстрацыі змякчэння палітычнай сітуацыі ў краіне.

Напэўна, нехта пасля такіх выпрабаванняў лёсу сцішыў бы актыўнасць, але гэта не пра Клімава. У 2010 годзе ён уступіў у рух «За Свабоду» і вельмі абураецца размовамі пра яго «сыход у цень». Гэтак жа як, і пра выхад з партыі. Таму акцэнтую ўвагу: Андрэй Клімаў уступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю ў 1997 годзе і з яе шэрагаў ніколі не выходзіў.

На сітуацыю ў краіне глядзіць са своеасаблівым песімістычным аптымізмам. То бок, верыць, што перамены хутка надыдуць, але хвалюецца наконт нашай да іх непадрыхтаванасці.

У 2012 годзе Андрэй Клімаў стварыў і ўзначаліў інвестыцыйную кампанію «Дэстком», якая дзейнічае ад англійскага фонду «Mainerinvestment». Кампанія займаецца падрыхтоўкай інвестыцыйных пляцовак для будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў, гасцініц, гандлёвых цэнтраў, стварэннем банкаў.

Напэўна, пералік яго пасад і заняткаў з часам дапоўніцца новымі, але дакладна ведаю, што там не будзе адной. Андрэй Клімаў прынцыпова не хоча быць прэзідэнтам Беларусі. Нюанс для нашага апазіцыйнага асяроддзя цікавы...