У беларускай апазіцыі называюць правакацыйнымі заявы аб грузінскім фінансаванні

Заявы расійскага апазіцыянера Канстанціна Лебедзева аб фінансаванні беларускай апазіцыі кіраўніком камітэта па абароне і бяспецы парламента Грузіі Гіві Таргамадзэ беларускія апазіцыйныя палітыкі называюць правакацыйнымі і не адпавядаючымі сапраўднасці.



ee0430b5_fdcd_451e_9d92_1de0a453e8b2_w640_r1_s.jpg

Канстанцін Лебедзеў

У інтэрв'ю "Коммерсантъ-Online" Лебедзеў, прыгавораны Маскоўскім гарадскім судом да двух з паловай гадоў калоніі за арганізацыю беспарадкаў на Балотнай плошчы 6 мая 2012 года, распавёў пра курыраванне беларускай апазіцыі і яе фінансаванне грузінамі.
"Мая пазіцыя і мае ацэнкі фарміруюцца выключна на тэксце публікацыі, — заявіў БелаПАН лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. — Не ведаючы чалавека асабіста, я б усё спісаў на вясну. Калі мой дыягназ не падтрымаюць псіхіятры, тады Лебедзеў — правакатар. Трэцяга пункту гледжання ў мяне няма".
Намеснік старшыні Беларускай партыі левых "Справядлівы свет"Валерый Ухналёў "ніколі не чуў" пра грузінскае фінансаванне беларускай апазіцыі. "Я не чуў, каб яны не тое што фінансавалі, але нават нейкім чынам кансультавалі, дапамагалі, — заявіў ён БелаПАН. — Я ўжо даўно ў апазіцыі, з многімі арганізацыямі, якія аказваюць пэўную дапамогу беларускім апазіцыянерам, знаёмы. Але ніколі ні пры якіх акалічнасцях з Грузіяй не меў спраў і не чуў, каб яна займалася пытаннямі беларускай апазіцыі".
У інтэрв'ю Лебедзеў заявіў, што ў 2006 годзе ў Беларусі "сачыў, як расходуюць сродкі мясцовыя актывісты". "Заданні былі простыя: праверыць, ці расклеілі плакаты, колькі на акцыі насамрэч было народа, пагутарыць з тым ці іншым чалавекам, перадаць інструкцыі", — паведаміў ён.
У 2010 годзе Лебедзева, паводле яго слоў, запрасілі папрацаваць у Мінск у чарговы раз. "Я ўжо ведаў, што з 2008 года яны (Таргамадзэ і яго людзі. — БелаПАН.) памірыліся з беларусамі. Лукашэнка тады павярнуўся ў бок Еўропы, і да яго прыехаў Беразоўскі. Грузіны памірыліся з беларусамі і праз Сухарэнку, тагачаснага кіраўніка КДБ Беларусі, пачалі туды наязджаць. І ў 2010 годзе Таргамадзэ паведаміў мне, на якіх умовах гэта адбылося: яны вельмі хацелі, каб Лукашэнка адвярнуўся ад Расіі. Адной з умоў было, што ўсе свае даныя па беларускай апазіцыі, з якой яны працавалі вельмі даўно і ўклалі туды шмат грошай, яны здаюць КДБ. Яны паведамілі ім пра ўсе акцыі, якія спансіравалі, і здалі ўсіх беларускіх апазіцыянераў, з кім яны працавалі. На выбарах у 2010 годзе яны далі мне заданне: пахадзі па сябрах-апазіцыянерах, даведайся іх планы і раскажы нам. Пасля гэтага я купіў дыктафон і стаў запісваць такія размовы. Даў паслухаць мясцовым сябрам-актывістам, яны, вядома, здзіўленыя былі. Сітуацыя была непрыемная", — сказаў Лебедзеў.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН