"Уладзімір Уладзіміравіч, вярніце чатыры тысячы еўра за «Хамяка»!"
Некаторыя з карыстальнікаў, якія разлічвалі на тысячы і дзясяткі тысяч еўра пасіўнага прыбытку ад «Хамяка», засталіся абуранымі вынікамі заробку і пачалі звяртацца па дапамогу да юрыстаў, дзяржаўных інстанцый і нават да Уладзіміра Пуціна. Сабралі самыя смешныя і абсурдныя гісторыі аматараў «бясплатнага сыру».
Гульцы «Hamster Combat» па ўсім свеце абураныя праз выплаты за змарнаваныя гадзіны, дні і месяцы «тапання хамяка». Станам на 16 кастрычніка адзін крыптавалютны токен HMSTR каштуе ўсяго 0,0000000024 еўра.
Адзін з беларусаў вырашыў звярнуцца напрамую да юрыста з Супольнасці абароны правоў спажыўцоў у Рэспубліцы Беларусь, выклікаўшы шмат здзекаў над сабой і, агулам, ідэяй змарнаваць столькі часу ў відавочна бязвыйгрышнай латарэі.
«Іван добры дзень! У мяне пытанне па хамяку, думаю чулі што ўсе тапалі хамяка. Абяцалі што выйдуць на біржу і ўсе заробяць. А цяпер высветлілася, што курс HMSTR амаль нулявы. Людзі сядзелі днямі і начамі і тапалі хамяка. А цяпер атрымліваецца, што ўсе намаганні ў нуль.
Скажыце, ці рэальна нешта зрабіць увогуле? Ці сотні тысяч людзей проста патрацілі месяцы свайго жыцця марна? Дзякуй!», — запытаў карыстальнік у юрыста Івана Райкевіча.
Адказ спецыяліста аказаўся даволі смелым: мужчына прама патлумачыў, што пытанне настолькі ж абсурднае, як і сама сітуацыя ад самага яе пачатку.
«Вашыя чаканні — гэта вашыя праблемы. Так што, займіцеся звычайнай справай, а яшчэ лепей любімай справай, і ўсё ў вас будзе добра. А калі спадзявацца, што, тыкаючы на хамяка, вы станеце мільянерам — то баюся вас чакае пабітае карыта.
Я вось марную свой час на тое, каб зрабіць людзей крыху разумнейшымі, каб дапамагчы ім вырашыць праблемы, дзялюся нейкімі ведамі ў галіне права. Вось чым трэба займацца, а не ціскаць хамячка) Прабачце, калі гэта прагучала крыўдна», — адказаў Райкевіч.
«Зыходзячы з паста — іх сотні тысяч. У вас працы — вагон!», — іранізуе карыстальніца, звяртаючыся да юрыста.
«Парада пра хамяка. Уладкавацца на працу і калі "тапаць" рыдлёўкай на будоўлі, праз месяц пару тысяч рублёў вывесці думаю не будзе складанасцяў», — піша іншы беларус.
Многія карыстальнікі жартуюць, маўляў, не па адрасе мужчына скардзіцца — трэба напрамую да Аляксандра Рыгоравіча. Але жарты перастаюць быць жартамі, калі жыхар расійскай Тулы з аналагічнымі прэтэнзіямі звяртаецца да Уладзіміра Уладзіміравіча.
«Паважаны прэзідэнт Расіі, міністр фінансаў і кіраўнік Цэнтрабанка РФ /…/ звяртаюся да Вас для аднаўлення фінансавай справядлівасці.
Справа ў тым, што траўні 2024 года я ўбачыў рэкламу інтэрнэт-гульні ў Тэлеграме Hamster Combat, ён жа "Хамяк". Вывучыўшы форумы і чаты ўдзельнікаў, а таксама галоўную энцыклапедыю ўсяго інтэрнэту Вікіпедыю я даведаўся, што стваральнікамі гульні з'яўляюцца грамадзяне РФ, багатыя і кіруюць паспяховымі інтэрнэт-праектамі. Таму я паверыў заявам аб тым, што ў дадзенай гульні я атрымаю значную выгаду падчас размеркавання крыптавалюты (не забаронена ў РФ, нават указам прэзідэнта яна легалізаваная). Пляцоўкай гульні з'яўляецца Тэлеграм, які не заблакаваны ў Расіі, уладальнікам якога з'яўляецца Павел Дураў, аб якім гаворыць добрыя словы прэс-сакратар прэзідэнта РФ і іншыя прадстаўнікі ўлады, уключаючы МЗС», — скардзіцца мужчына Уладіміру Пуціну.
Жыхар Тулы тлумачыць, што, выконваючы заданні гульні, ён тапаў хамяка ў сярэднім тры гадзіны ў суткі практычна штодня. Такім чынам, агулам ён на выдаткаваў на «Хамяка» каля 270 гадзін. У выніку лістынгу туляк атрымаў 5890 расійскіх рублёў (201 беларускі рубель ці 56 еўра па актуальным курсе) за тры месяцы ўдзелу.
«Гэтыя 270 гадзін я мог патраціць на сям'ю, адпачынак або працу. Бо я працую аўтамеханікам з норма-гадзінай у 2500 рублёў», — распавядае «падмануты» расіец.
Мужчына вырашыў правесці матэматычныя падлікі і запатрабаваць у дзяржавы вярнуць грошы за «Хамяка», ці, як тлумачыць ён сам, «аднавіць фінансавую справядлівасць». Аматар пасіўнага прыбытку падлічыў, што за тры гадзіны змарнаванага на «Хамяка» часу цягам 90 дзён ён бы мог зарабіць на працы аўтамеханікам 675 тысяч расійскіх рублёў (каля 23 тысяч беларускіх рублёў ці 6400 еўра). У рэальнасці падлікаў можна ўсумніцца, але ў бягучай сітуацыі гэта не мае асаблівага значэння.
Далей у сваім звароце туляк вызнае, што «ў сітуацыі ёсць як мінімум палова ягонай віны», таму змяншае патрабаванне да 300 тысяч рублёў, аднак з прычыны таго, што гульня негатыўна паўплывала на ўнутрысямейныя адносіны, патрабуе павялічыць кампенсацыю да 400 тысяч рублёў (каля 13 700 беларускіх рублёў ці 4160 еўра).
«Заклікаю вас увайсці ў становішча простага працоўнага чалавека, бацькі 2 дзяцей, які мае іпатэку, 2 крэдыты ды мікрапазыку і ажыццявіць выплаты па рэквізітах у дадатку да дадзенай заяве. У сваю чаргу абавязваюся нікому не выдаваць факт атрымання кампенсацыі, каб такія ж гульцы не прыйшлі за мной “паравозікам”», — дадаў ён.
Як бачым, абавязанне альбо пайшло пад адкос, альбо фінансавая справядлівасць не была адноўлена, праз што мужчына вырашыў паспадзявацца на падтрымку народа.
У Цюменскай вобласці 14-гадовы падлетак быў шпіталізаваны з сімптомамі псіхічнага расстройства, выкліканымі гульнёй у Hamster Kombat. Паводле мясцовых СМІ, падлетак устанавіў будзільнік з інтэрвалам у тры гадзіны, каб збіраць у гульні віртуальныя манеты і атрымліваць новыя. Гэта прывяло да хранічнага недасыпання і наступных галюцынацый.
Сям'я падлетка пацвердзіла, што ён хацеў набраць максімальную колькасць ачкоў у гульні, аднак праз праблемы са здароўем юнака даставілі ў спецыялізаваную медыцынскую ўстанову, дзе ён знаходзіцца пад наглядам лекараў.