Урад будзе разглядаць архітэктурную канцэпцыю НВЦ каля Курапатаў

Архітэктурная канцэпцыя Нацыянальнага выставачнага цэнтру ў Мінску распрацаваная і накіраваная Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва для разгляду ўрадам Рэспублікі Беларусь.

kurapaty_nvc_mhvk_1.jpg


Пра гэта паведаміла першы намеснік старшыні камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінскага гарвыканкаму Алена Сухадолава ў адказе на зварот грамадскасці «Захаваем поле-помнік паміж Курапатамі і “Экспабелам”!».
Зварот — рэакцыя грамадскасці на рашэнне кіраўніка краіны аб пабудове Нацыянальнага выставачнага цэнтра (НВЦ) на полі паміж Курапатамі і «Экспабелам». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць узвесці функцыянальны, просты, прыгожы і якасны комплекс без лішніх выдаткаў.
«Паколькі ў гэтым месцы ляжаць тысячы нашых з Вамі продкаў і суайчыннікаў — бязвінных ахвяраў сталінізму, Курапаты сталі святыняй усяго беларускага народу, сваім трагічным мінулым яднаюць нацыю і патрабуюць ад нас адказнага, шчырага і сумленнага стаўлення», — падкрэсліваецца ў звароце грамадскасці.
Аўтары звароту нагадваюць, што Курапаты з’яўляюцца гістарычна-культурнай каштоўнасцю міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-х – 1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”, і зазначаюць: апошнія падзеі ў гэтым месцы смутку і пакаяння, у тым ліку планы ўзвесці НВЦ на полі паміж урочышчам і «Экспабелам», сведчаць пра тое, што ў курапацкім пытанні ўлады ігнаруюць пазіцыю беларускай і міжнароднай грамадскасці.
«Мы лічым, што для захавання Народнага мемарыялу ў Курапатах неабходна перайсці ад супрацьстаяння з грамадскасцю да ўзважанага дыялогу на грунце нарматыўна-прававых дакументаў, аргументаў спецыялістаў і спрадвечных каштоўнасцяў. На нашае меркаванне, асноўнай тэмай такога дыялогу павінна стаць захаванне гістарычнага поля паміж Курапатамі і «Экспабелам», дзе мяркуецца ўзвядзенне НВЦ», — гаворыцца ў звароце.
Яго аўтары акцэнтуюць, сярод іншага, увагу на тым, што ўзвядзенне НВЦ у абраным месцы парушыць звычны выгляд гістарычнага поля з яго ландшафтам, краівяднымі пунктамі і грунтавой “Дарогай смерці”, па якой ахвяраў вазілі ў Курапаты на расстрэл, стане фактарам дадатковага моцнага антрапагеннага ўціску на ўрочышча, непазбежна паўплывае на ўспрыманне самога НВЦ і яго экспазіцыяў, прынізіць Курапаты як знакавы помнік айчыннай гісторыі.
Заходзячы з таго, што абранае для будаўніцтва НВЦ месца не адпавядае архітэктурна-ландшафтнаму атачэнню абодвух складнікаў — як саміх Курапатаў, так і Нацыянальнага выставачнага цэнтру, грамадскасць просіць улады перагледзець тэрыторыю размяшчэння НВЦ і пакінуць поле паміж урочышчам і «Экспабелам», як месца нацыянальнай памяці.
У адказе на гэты зварот грамадскасці намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксей Ананіч паведаміў, што “міністэрствам праводзіцца ўсебаковы аналіз і вывучэнне Вашых прапановаў для разгляду магчымасці іх уліку пры распрацоўцы і ўзгадненні органамі дзяржаўнага кіравання нарматыўна-прававых актаў у дачыненні да размяшчэння Нацыянальнага выставачнага цэнтру”.
Планы ўзвядзення НВЦ каля Курапатаў прадстаўнікі грамадскасці абмеркавалі 25 ліпеня ў Мінску падчас сустрэчы на адукацыйнай пляцоўцы “Тэрыторыі правоў”, дзе правабарончы цэнтар “Вясна” ладзіць выставу здымкаў вядомага фотамайстры Уладзіміра Сапагова (1952-2012). Выстава прысвечаная 30-м угодкам шэсця і ўсталявання Крыжа Пакуты ў Курапатах.

kurapaty_nvc_mhvk_4.jpg

kurapaty_nvc_mhvk_5.jpg


kurapaty_nvc_mhvk_3.jpg

kurapaty_nvc_mhvk_6.jpg


Сярод удзельнікаў сустрэчы – арганізатары першых масавых шэсцяў у Курапаты правабаронца Алесь Бяляцкі і мовазнаўца Вінцук Вячорка, былыя вязні ГУЛАГу акадэмік Радзім Гарэцкі і старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, грамадская дзяячка, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, грамадзяне Нямеччыны Марыён Куле і Крысціян Штэрц.
Алесь Бяляцкі ўзгадаў, што 29 кастрычніка 1989 года на Дзяды ў Мінску тысячы людзей прайшлі ад Усходніх могілак да Курапатаў, дзе правялі мітынг-рэквіем і ўсталявалі першыя крыжы, цэнтральны з якіх назвалі Крыж Пакуты. Гэты семіметровы памятны знак быў зроблены па эскізу выбітнага беларускага мастака Аляксея Марачкіна (Алеся Мары). Многія з удзельнікаў знамянальнага шэсця ў далейшым адыгралі выключна важную ролю ў станаўленні Беларусі як незалежнай дзяржавы, зазначыў Алесь Бяляцкі.

 
Ён прапанаваў на нацыянальным узроўні пачаць збор подпісаў пад зваротам грамадскасці «Захаваем поле-помнік паміж Курапатамі і “Экспабелам”!»
Вінцук Вячорка падкрэсліў, што паўстанне Крыжа Пакуты ў Курапатах стала сімвалам аднаўлення часова перарванай гістарычнай сувязі шматлікіх пакаленняў беларусаў у змаганні за волю і незалежнасць Бацькаўшчыны, і такім чынам засведчыла, што адбылася беларуская палітычная нацыя.
Радзім Гарэцкі апавёў пра пакутніцкі лёс свайго роду ў часы сталінізму і нагадаў, што ў Беларусі больш за 40 Курапатаў — вядомых месцаў чырвонага тэрору, якія патрабуюць грамадскай увагі і належнага ўшанавання памяці бязвінна забітых суайчыннікаў і замежных грамадзянаў.  
Зінаіда Тарасевіч і Радзім Гарэцкі акцэнтавалі ўвагу на актуальнась грамадскага пакаяння за вольны ці вымушаны ўдзел жыхароў краіны ў чырвоным тэроры, а таксама за ўсё тое, што грамадскасць не зрабіла дзеля праўды, свабоды і прыстойнага жыцця. На думку Радзіма Гарэцкага, аўтарытэт грамадскасці наўпрост залежыць ад яе высілкаў па абароне правоў чалавека, сваёй грамадзянскай і людской годнасці.
Удзельнікі сустрэчы атрымалі ў падарунак кніжку “НКВД забіваў у Курапатах…”, прысвечаную мінуламу і будучыні Народнага мемарыялу, а таксама цяперашняй сітуацыі вакол яго.  
Выстава здымкаў Уладзіміра Сапагова экспануецца па 7 верасня ля станцыі метро “Уручча” на пляцоўцы “Тэрыторыя правоў” (вуліца Ложынская, 16, памяшканне 404 на першым паверсе, уваход з вуліцы).  

kurapaty_nvc_mhvk_16.jpg

kurapaty_nvc_mhvk_15.jpg