«Адабралі ў дзеда ключы. Зачынілі дзверы...»
Моладзевага актывіста Іларыёна Трусава не пусцілі на малітву за незалежнасць Беларусі. Зранку 27 ліпеня міліцыянты ў цывільным заблакавалі хлопца ў кватэры. Аб гэтым на сваёй старонцы ў Facebook паведаміла Ганна Шапуцька.
"У квартэру да бабулі Іларыёна Трусава ўварваіся мііцыянты, сказалі, што не выпусцяць маладафронтаўца да 13-00" — напісала Ганна Шапуцька.
У сваім каментары НЧ Іларыён дадаў, што верагодная прычына ўварвання — малітва за незалежнасць Беларусі, якая мусіць адбыцца сёння:
"Прыкладна гадзіну таму да мяне ў кватэру завіталі міліцыянты ў цывільным — дзверы адчыніла бабуля з дзедам, так што я нічога не змог парабіць. Адзін з іх прадставіўся участковым інспектарам па справах непаўнагадовых (я яго пазнаў адразу, бо ён быў на камісіі ў чацвер), другі назваўся старэйшым інспектарам, але я яго бачу ўпершыню. "Корачак" адпаведна яны не паказалі, запыталіся што я буду сёння рабіць і куды збіраюся. Узгадалі пра мае пасты ў інстаграме і фэйсбуку наконт малітвы і сказалі што да 13:00 яны будуць са мною. Спачатку прапаноўвалі праехаць з імі ў аддзел, а у адказ на маю адмову выйшлі за дзверы, у агульны калідор, сказаўшы, што не будуць нікога запускаць і выпускаць".
Пазней Іларыён паведаміў, што людзі ў цывільным адабралі ў ягонага дзеда ключы ад кватэры і зачынілі яе звонку.
Нагадаем, супольная малітва за незалежнасць Беларусі мае адбыцца сёння ў 12.00 ля Чырвонага касцёлу ў Мінску.