Urbi et Orbi: папа Францішак заклікаў да дыялогу для вырашэння сусветных канфліктаў
У традыцыйным калядным звароце Папа Рымскі нагадаў пра мноства канфліктаў па ўсім свеце i адзначыў, што іх магчыма ўладзіць толькі шляхам дыялогу, паведамляе www.dw.com.
Папа Рымскі Францішак у сваёй каляднай прамове ў суботу, 25 снежня,
раскрытыкаваў моцную палярызацыю ў асабістых і міжнародных адносінах і адзначыў,
што ўрэгуляванне канфліктаў магчыма толькі з дапамогай дыялогу. Ва ўмовах
пандэміі COVID-19 «наша здольнасць да сацыяльных адносін падвяргаецца
сур'ёзнаму выпрабаванню», сказаў Пантыфік, выступаючы з традыцыйным
пасланнем Urbi et Orbi («Гораду і Свету») з нагоды каталіцкага
Раства з цэнтральнага балкона сабора Святога Пятра ў Ватыкане.
«Расце тэндэнцыя да сыходу ў сябе, да адзіноты, да адмовы выходзіць, сустракацца, рабіць нешта разам, — сказаў ён. — Сапраўды гэтак жа на міжнародным узроўні ёсць рызыка нежадання весці дыялог, рызыка таго, што складаны крызіс падштурхне да кароткіх шляхоў, у абыход больш доўгіх шляхоў дыялогу. На самай жа справе толькі дыялог дае магчымасць уладзіць канфлікты і атрымаць узаемную і доўгатэрміновую карысць».
«Мы прывыклі да трагедый»
У сваім звароце папа Францішак, якому на мінулым тыдні споўнілася 85 гадоў, нагадаў пра «мноства канфліктаў, крызісаў і рознагалоссяў» па ўсім свеце, у тым ліку згадаў Сірыю, Емен, Ізраіль, Палестыну, Афганістан, М'янму, Украіну, Судан і Паўднёвы Судан.
«Здаецца, што яны ніколі не заканчваюцца, і мы іх ужо амаль не заўважаем. Мы настолькі прывыклі да таго, што велізарныя трагедыі праходзяць бязгучна, і рызыкуем застацца абыякавымі да крыкаў болю і роспачы многіх нашых братоў і сясцёр», — папярэдзіў ён.
Кіраўнік Святога прастола згадаў і аб сітуацыі ў Украіне ды памаліўся аб тым, каб не дапусціць распаўсюджання «метастазаў канфлікту, які зацягнуўся».
Ён папрасіў людзей не заставацца абыякавымі да лёсу мігрантаў, бежанцаў, перамешчаных асоб, палітвязняў і ахвяр гвалту, а таксама заклікаў сусветных лідараў захаваць навакольнае асяроддзе для будучых пакаленняў.