У 2022 годзе Беларусь закупіць 4 мільёны вакцын супраць каронавіруса
У бюджэт 2022 года Беларусь заклала грошы на закупку 4 мільёнаў вакцын супраць каронавіруса.
Усяго на ахову здароўя пойдзе 8,4 мільярда беларускіх рублёў. З іх на вакцыны збіраюцца патраціць 240 мільёнаў рублёў, піша Еўрарадыё са спасылкай на дэпутатку Таццяну Рунец.
Відавочна, што чыноўнікі вырашылі пайсці простым шляхам: палічылі, колькі ў краіне яшчэ невакцынаваных грамадзян. Але забыліся, што праз паўгода пасля вакцынацыі яе трэба рабіць зноўку — ці «бустэр», ці поўны курс. Гэта значыць, што вакцын трэба набыць значна больш.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец таксама расказала, колькі дзяржава траціць на лячэнне хворых каронавірусам у бальніцах.
«Адзін дзень абыходзіцца бюджэту ў суму ад 1,5 да 2 тысяч рублёў. Гэта ў рэанімацыі. У звычайнай палаце —185 рублёў у суткі. Гэта паводле разлікаў Міністэрства аховы здароўя. Гэта таксама вялікія ўкладанні», — лічыць дэпутатка і нагадвае, што за бюджэтныя сродкі таксама закупляецца дарагое абсталяванне, неабходнае не толькі ў барацьбе з каронавіруснай інфекцыяй, але і іншымі хваробамі.