Ушанаванне памяці ахвяраў сталінізму ў Курапатах

29 снежня ва ўрочышчы Курапаты адбылося традыцыйнае штомесячнае ўшанаванне памяці ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій перыяду сталінізму. Ва ўшанаванні пад бел-чырвона-белымі сцягамі ўдзельнічалі каля 20 дэмакратычных актывістаў.



kurapati_29_12_13.jpg

Курапаты. Ушанаванне памяці ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій

Прадстаўнікі грамадскасці агучылі каля 200 з 5 772 вядомых імёнаў ахвяраў палітрэпрэсій 1920–1941-х гадоў, расстраляных ў Мінску і пазней рэабілітаваных. Першыя больш за 300 імёнаў ахвяр былі названыя ў Курапатах 29 кастрычніка 2012 года, далей спіс агучваўся на працягу мінулага і бягучага гадоў. 

Удзельнікі ўшанавання ўсклалі кветкі, запалілі знічкі, песнямі беларускага нацыянальнага адраджэння ўшанавалі памяць бязвінна забітых людзей.

Намеснік старшыні аргкамітэту па стварэнню Руху салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў адзначыў, што ўшанаванне праводзіцца штомесячна ўжо пяць гадоў, каб прыцягнуць увагу да неабходнасці грамадскага пакаяння за вольны ці вымушаны ўдзел людзей у злачынствах таталітарнага рэжыму, да неабходнасці ўстанаўлення імёнаў бязвінных ахвяраў і міжнароднага трыбуналу над катамі, каб такая трагедыя больш ніколі не паўтарылася на беларускай зямлі.

Макаеў распавёў, што ўдзельнікі ўшанавання ў Курапатах Васіль Парфянкоў і Уладзь Яроменак зноў знаходзяцца за кратамі, заклікаў гуртавацца ў справе вызвалення гэтых і іншых беларускіх палітзняволеных, у тым ліку Міколы Аўтуховіча, які 7 студзеня адзначае свой чарговы дзень народзінаў. Спадар Алесь выказаў шкадаванне, што на Еўрамайдане ў Кіеве не паўстаў беларускі намётавы лагер, хаця шмат беларускіх патрыётаў удзельнічаюць ва ўкраінскіх падзеях.

Актывіст грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу “Курапаты”, былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі нагадаў, што традыцыйнае ўшанаванне ва ўрочышчы праводзіцца дзеля таго, каб дзень 29 кастрычніка, які грамадскасць штогод адзначае як Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій на Беларусі, быў прызнаны на дзяржаўным узроўні. Як вядома, у ноч з  28 на 29 кастрычніка 1937 года ў Мінску ва ўнутранай турме НКУС БССР (у так званай “Амерыканцы”) былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.

Раманоўскі выказаў шчырую падзяку ўдзельнікам курапацкай талакі, дзякуючы добраахвотнай працы якіх на паўночна-ўсходнім ускрайку ўрочышча на працягу зыходзячага года было прыбрана ад смецця, хмызняку і сухастою каля 1 гектара тэрыторыі. На ягоную думку, сёння гаворка ідзе ўжо пра выратаванне помнікаў нацыянальнай гісторыі і культуры. Пра гэта сведчаць падзеі вакол Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску, апаганьванне смеццем памятнага крыжа ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскаму ў Трасцянцы, а таксама абвастрэнне сітуацыі вакол Курапатаў у сувязі з планамі шчыльнай забудовы прылеглай да іх тэрыторыі.

Старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “КурапатыВацлаў Нямковіч звярнуў увагу на тое, што ў зыходзячым годзе ўзнялася другая хваля абароны Курапатаў пасля таго, як на заходнім ускрайку урочышча паўстаў рэстаранна-забаўляльны цэнтар, “каб людзі нападпітку руйнавалі ў народным мемарыяле крыжы і паскудзілі гэтае святое месца”. Ён назваў гэтае будаўніцтва Траянскім канём, які павінен канчаткова знішчыць Курапаты, а самі падзеі — невыпадковымі. І раней Курапаты нішчыліся, пра што сведчыць пракладка праз урочышча МКАД і трасы газаправода, падчас чаго было знішчана 120 западзін — мяркуемых пахаванняў, затым пашырэнне МКАД, неаднаразовыя эксгумацыі парэшткаў бязвінных ахвяраў, сказаў Нямковіч. Ён падтрымаў ідэю стварэння ў Курапатах адпаведнай дзяржаўнай структуры па вывучэнню прычынаў і наступстваў палітычных рэпрэсій ў Беларусі, па ўстанаўленню імёнаў ахвяраў і катаў гэтай нацыянальнай трагедыі, а таксама заклікаў грамадскасць да салідарнасці ў справе абароны народнага мемарыялу ад забудоўшчыкаў, якія дабіваюцца скарачэння зон аховы ўрочышча.   

  

Наступнае ўшанаванне ў Курапатах адбудзецца 29 студзеня а 17.00.