«Усё мяняюць на карысць двоечнікаў». Чаму новыя правілы ЦТ трэба адмяніць

Новыя правілы ацэнкі вынікаў цэнтралізаванага тэставання ў Беларусі выклікалі мноства нараканняў сярод выкладчыкаў. Рэпетытар Яўген Лівянт адкрыта называе іх дэбільнымі, а аўтараў змян — прафнепрыдатнымі. Што выклікала такі гнеў? Разбіраемся разам з ім на прыкладах з рэпетыцыйнага тэставання, якое старшакласнікі праходзяць з 1 кастрычніка па 31 снежня.

ct_3.jpg

«Міністэрства адукацыі ўвяло гэтую сістэму, каб штучна падняць ніжні парог да 50, а прахадныя балы на ўступных іспытах у вну — да 250, — кажа Яўген Лівянт. — Лічу, што новую сістэму трэба тэрмінова адмяняць, а ўсё кіраўніцтва Міністэрства адукацыі і РІКВ павінна быць звольненае за прафнепрыдатнасць».
17 кастрычніка Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў агучыў новыя правілы падліку выніку ЦТ. Кожнаму тэставаму заданню прысвойваецца свой бал, які абітурыент будзе ведаць загадзя. Цяпер можна не выконваць усе заданні. Дастаткова падлічыць, колькі балаў трэба, каб паступіць на запланаваны факультэт, і правільна выканаць неабходнае. Таксама нават за часткова правільны адказ у заданні можна будзе атрымаць бал. Старая методыка такога не прадугледжвала.
Аналіз ацэнкі рэпетыцыйнага тэставання (РТ) паказвае, што цяпер за рашэнне дзвюх нескладаных задач па фізіцы (усяго ў тэсце іх 30) можна атрымаць 15 балаў. А каб атрымаць 80 балаў, неабходна рашыць 24 задачы узроўняў "А" і "В". Выходзіць, што абітурыент з мінімальнымі ведамі застанецца ў плюсе, таму што атрымае больш, чым раней. А вось паказаць вынік, блізкі да 100 балаў, стане складаней: той, хто з усіх заданняў не рашыць 1-3, страціць больш, чым па старых правілах.

rep1_1.jpg

— А вось і вішанька на торце! — іранізуе з гэтай нагоды рэпетытар.
— Гэта не вішанька на торце, а міна хуткага дзеяння пад нашу адукацыю, якая дыхае на ладан, — паныла адказваюць яму пад постам у Фэйсбуку.
На 75 балаў па матэматыцы трэба рашыць больш задач, чым на 80 па фізіцы.

rep3.jpg

«Дастала са свайго архіву раздрукоўкі вынікаў РТ мінулага года, — піша ў каментарыях Галіна Семяновіч. — Сын (у мінулым годзе яшчэ дзесяцікласнік), здаваў тры этапы РТ па фізіцы: за 18 правільных адказаў было 56 і 58 балаў, за 19 — 61 бал. З вышэйпрыведзеных Яўгенам прыкладаў бачна, што цяпер можна рашыць у тры разы менш задач (г.зн. 6), каб атрымаць прыкладна тыя ж балы (55 балаў за 6 задач гэтага года супраць 56 балаў за 18 задач мінулага года).
Зноў сістэму мяняюць на карысць двоечнікаў. Я ўжо цяпер уяўляю, як крыўдна будзе тым, хто рашаць ў чатыры разы больш задач на ЦТ і пры гэтым атрымае толькі крыху вышэйшы бал, чым тыя, хто рашыць толькі 6 задач...»
Рэпетытар перакананы: адэкватнае ацэньванне ведаў абітурыента пачынаецца з 75 балаў. Згодна з новымі правіламі, 65 балаў па ЦТ па фізіцы можна атрымаць за 14 правільна рэшаных задач з 30. Прычым, з часткі "А" — 11, а з "В" — 3. Пра ацэнку якіх ведаў можа ісці гаворка?

rep4.jpg

Ці вось яшчэ — 5 правільных адказаў з 30 (частка "А" — 3, частка "В" — 2) — 51 бал у кішэні!

rep5.jpg


«Новая сістэма разліку балаў ЦТ — гэта апафеоз вар'яцтва, — перакананы рэпетытар, прыводзячы яшчэ адзін прыклад. — Цяпер мы бачым 79 балаў пры ўсяго 4 памылках (адна ў "А", тры ў "В"). Заўсёды гэта было як мінімум 85».

rep6.jpg

Яўген Лівянт піша, што на ЦТ па матэматыцы або фізіцы «метадам тыку» можна даць 3-4 правільныя адказы з 30. Па ранейшай сістэме ацэньвання гэта давала абітурыенту не больш за 12 балаў. Па новай сістэме выходзіць, што цяпер дастаткова адказаць правільна яшчэ два разы — і 50% ведаў як быццам засвоеныя. Пры гэтым у ЦТ па матэматыцы заўсёды ёсць 2-3 прыклады, якія рашаюць амаль усе.
З ЦТ па рускай мове, дзе часта сустракаюцца заданні з некалькімі правільнымі адказамі, такі нумар не пройдзе?
Яўген Лівянт не згодны.

rep7.jpg

«16 адказаў з 40 заданняў залічаныя як часткова слушныя, — абураецца ён. — У выніку напаўпісьменны вучань набірае 60 балаў».
Мы б у гэтым выпадку сказалі, часткова пісьменны.
Але для чаго ўводзіць такія змены? На думку аднаго з каментатараў, атрыманая сістэма ідэальная для чыноўнікаў з Міністэрства адукацыі:
«Навошта мяняць нешта ў навучанні, калі, памяняўшы сістэму падліку балаў, можна рапартаваць аб тым, што ўсе школьнікі паказалі вельмі здавальняючыя вынікі?»
У Беларусі здаралася, што абсурдным законам або пастановам давалі зваротны ход, «прыслухоўваючыся да народа». Можа быць, прааналізаваўшы рэакцыю грамадзян, чыноўнікі ад адукацыі адумаюцца і вернуць методыку ацэнкі на месца?
«Я думаю, што ў бліжэйшыя дні прыдумаюць экстранае апраўданне таму, што адбылося, — мяркуе Яўген Лівянт. — Хутчэй за ўсё, яно будзе гучаць так: па новай методыцы трэба правяраць усе работы адначасова, як на ЦТ, і тады вынік будзе дакладным. А на РТ працы правяралі і ацэньвалі па меры напісання работ абітурыентамі, таму і атрымалася такая карціна».
Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё