УУС Мінаблвыканкаму: адказнасць супрацоўнікаў міліцыі за невалоданне беларускай мовай не прадугледжана
Упраўленне ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкаму ўстала на бок салігорскіх супрацоўнікаў ДАІ ў справе аб парушэння імі моўных правоў салігорскага кіроўцы Аляксандра Малочкі.
Нагадаем, напрыканцы чэрвеня Аляксандр Малочка быў спынены за дробнае правапарушэнне супрацоўнікамі ДАІ. Мець зносіны з дзяржаўнымі службоўцамі салігорац пажадаў на беларускай мове, але даішнікі не здолелі нават пратакол аб правапарушэнні скласці па-беларуску.
— Справа набыла грамадскі рэзананс, пра гэта шмат пісалі ў Сеціве, і наша партыя вырашыла накіраваць адпаведны запыт па гэтым выпадку ў салігорскую пракуратуру. Пракурор Аўдзей тады палічыў гэткі запыт як нейкае маё асабістае прадстаўніцтва прыватнай асобы, і ў разглядзе справы адмовіў. Давялося пісаць у абласную пракуратуру, — кажа кіраўнік Мінскай абласной арганізацыі партыі АГП Віктар Малочка. — Зрэшты, там скаргу таксама разглядаць не сталі, а адфутболілі яе ва Упраўленне ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкаму. Адказ па сутнасці ўжо даваў часова выконваючы абавязкі начальніка Упраўлення Аляксандр Астрэйка, які яшчэ дзесьці год таму ўзначальваў Салігорскі РАУС. З адказу фактычна вынікае, што супрацоўнікі ДАІ і не павінны ведаць беларускую мову, а проста усе астатнія павінны ведаць рускую.
У лісце спадара Астрэйкі сцвярджаецца, што складанне пратаколу супрацоўнікамі ДАІ на рускай мове, нягледзячы на патрабаванні кіроўцы аб беларускай, цалкам адпавядае дзеючаму заканадаўству і патрабаванням Працэсуальна-выканаўчага кодэдэксу, які дазваляе весці адміністрацыйны працэс на беларускай або рускай мове. Перакладчыка ж Аляксандру Малочка не прадставілі нібыта з-за адсутнасці адпаведнага хадайніцтва, што насамрэч не адпавядае рэчаіснасці.
Адкінуў выконваючы абавязкі кіраўніка абласной міліцыі і закіды Аб’яднанай грамадзянскай партыі аб невалоданні супрацоўнікамі ДАІ беларускай мовай, як адной з дзяржаўных. Аляксандр Астрэйка у чарговы раз спаслаўся на існуючую ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе магчымасць весці працэс на любой з дзяржаўных моваў. Знайшлася для супрацоўнікаў міліцыі і легальная магчымасць ігнараваць моўныя правы грамадзян, нягледзячы на патрабаванне заканадаўства да дзяржаўных службоўцаў аб абавязковым валоданні абедзвюма дзяржаўнымі мовамі. Выявілася, што заканадаўствам краіны, а таксама ведамаснымі нарматыўнымі прававымі актамі Міністэрства ўнутраных спраў не прадугледжана адказнасць супрацоўнікаў міліцыі за невалоданне адной з іх.