Ва ўрочышчы Курапаты адбылося штомесячнае ўшанаванне ахвяраў сталінізму

29 лютага ва ўрочышчы Курапаты, якое знаходзіцца на паўночна-ўсходнім ускрайку Мінска, адбылося традыцыйнае ўшанаванне ахвяраў сталінізму. Ва ўшанаванні ўдзельнічалі 11 чалавек — актывісты аргкамітэтаў па стварэнню руху салідарнасці “Разам і партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя, малебнаў за вызваленне палітычных зняволеных, а таксама міжнароднага гісторыка-асветнага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства “Мемарыял.



8f97d1d7e02158a83ceb2c14ff5372cd_logo.jpg

29 лютага ва ўрочышчы Курапаты, якое знаходзіцца на паўночна-ўсходнім ускрайку Мінска, адбылося традыцыйнае ўшанаванне ахвяраў сталінізму. Ва ўшанаванні ўдзельнічалі 11 чалавек — актывісты аргкамітэтаў па стварэнню руху салідарнасці “Разам і партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя, малебнаў за вызваленне палітычных зняволеных, а таксама міжнароднага гісторыка-асветнага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства “Мемарыял.

Яны запалілі знічкі каля каменя з надпісам “Ахвярам сталінізму і каля “Крыжа пакуты, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць бязвінна палеглых людзей, праспявалі песні беларускага нацыянальнага адраджэння і правялі малебен.

Грамадскі актывіст Ганна Шапуцька падкрэсліла, што грамадскае ўшанаванне будзе працягвацца да таго часу, пакуль у Курапатах не будзе абяцанага помніка ад дзяржавы, а грамадства не асэнсуе, што адбывалася ва ўрочышчы падчас сталінскіх рэпрэсій. Паводле яе слоў, з сённяшняга дня грамадзяне Беларусі жывуць у іншай рэальнасці, бо дзеянні беларускіх уладаў выклікалі дыпламатычную вайну паміж кіраўніцтвам краіны і Еўразвязам. Разам з тым, Шапуцька выказала надзею, што ў гэтай новай сітуацыі рэпрэсіі ўладаў супраць дэмакратычных актывістаў не будуць узмацняцца, а наадварот, выклічуць вызваленне палітвязняў. Паводле яе слоў, сёння адбыўся круглы стол па пытаннях салідарнасці з палітзняволенымі. “На жаль, пакуль гэтая салідарнасць не мае агульнанацыянальнага характару, — зазначыла Шапуцька. На яе думку, грамадства павінна выкарыстоўваць усе мажлівасці, каб праявіць такую салідарнасць. “І штомесячныя ўшанаванні ў Курапатах дазваляюць спакойна гэта зрабіць, — сказала грамадскі актывіст. Яна прапанавала стварыць на інтэрнэт-сайце Фэйсбук старонку пра Курапаты, каб інфармаваць людзей пра ўшанаванні ва ўрочышчы і збіраць матэрыялы, якія тычацца сталінскіх рэпрэсій 1920–1950-х гадоў на Беларусі.

                                     Малебен у Курапатах

Намеснік старшыні аргкамітэту па стварэнню руху салідарнасці “Разам, актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксандр Макаеў адзначыў, што ў Беларусі Курапаты сімвалізуюць непазбежныя наступствы абвастрэння класавай барацьбы падчас будаўніцтва сацыялізму ў Савецкім Саюзе — сталінскі тэзіс, які апраўдваў масавыя расстрэлы бязвінных людзей розных нацыянальнасцяў. “Шкада, што пакуль нешматлюдныя нашы ўшанаванні памяці палеглых беларусаў — ахвяраў таталітарнага рэжым. Гэтаму замінаюць і сённяшнія улады. Але я веру, што ў будучай вольнай Беларусі ў Курапатах паўстане велічны нацыянальны некропаль, які стане месцам народнага пакаяння — пераасэнсавання мінулага, адмовы ад насілля і вяртання да агульначалавечых норм жыцця, — сказаў Макаеў. На яго думку, традыцыйныя ўшанаванні ахвяраў камуністычнага тэрору ў Курапатах дазволяць дастукацца да сэрцаў і сумлення беларусаў.

Удзельнік абароны Курапатаў беларускай моладдзю ў 2001–2002 гадах, былы палітзняволены паводле падзей 19 снежня 2010 года на сталічнай плошчы Незалежнасці Васіль Парфянкоў адзначыў, што Курапаты з’яўляюцца месцам, якое заўсёды яднала беларускі народ. “Успамінаю, як дзесяць год таму мы разам рабілі святую справу, абараняючы Курапаты ад знішчэння, — сказаў Парфянкоў. На яго думку, гэты вопыт салідарных дзеянняў грамадства не страціў сваёй актуальнасці і сёння.

За ўшанаваннем наглядалі шэсць супрацоўнікаў міліцыі ў форме і цывільным.

Чарговае памінанне ў Курапатах адбудзецца 29 сакавіка ў 17.00.