«Вагнераўцы» дапамогуць «народнаму адзінству»?

Журналісты «Media IQ» супаставілі выказванні дзяржпрапаганды наконт «вагнераўцаў» і беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. Падвойныя стандарты, сэр!

29.06.2023_minsk_partyzany_rajon_puszkinskaja_logo.jpg

Мяцеж — так дзяржаўная прапаганда Беларусі называе пратэсты 2020 года супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту ў дачыненні да іншадумцаў. Баючыся палітычных рэпрэсій, дзясяткі тысяч людзей пакінулі краіну. На пачатку 2023 года Аляксандр Лукашэнка паклікаў «збеглых», як іх называе тая ж дзяржпрапаганда, дадому. Для разгляду заявак жадаючых вярнуцца была створана спецыяльная камісія, для якой «збеглыя» павінны прынізіцца і «стварыць годны плод пакаяння».

Мяцеж — гэтым жа словам дзяржмедыя называюць і нядаўні паход ПВК «Вагнер» на чале з Яўгенам Прыгожыным на Маскву. Як паведамляюць беларускія дзяржСМІ, пасля ўмяшання Лукашэнкі ва ўнутрырасійскі канфлікт, «вагнераўцам» прапанавалі «сысці ў Беларусь».

Але не ўсе мяцяжы аднолькава карысныя. Хоць абедзве катэгорыі «мяцежнікаў» чакаюць у Беларусі, умовы ім выстаўлены вельмі розныя.

«Збеглыя» вымушаны прайсці праз спецкамісію і, калі камісія так вырашыць, публічна пакаяцца, а таксама панесці юрыдычную адказнасць.

Пра нейкія ўмовы прыбыцця ў Беларусь для «вагнераўцаў» нічога публічна невядома. Але «вагнераўцам» дакладна не трэба прыніжацца і сядзець у зняволенні. Больш за тое: хоць у Беларусі ёсць крымінальны артыкул за найміцтва, «вагнераўцаў» з беларускім грамадзянствам не прыцягваюць да адказнасці, яны і раней спакойна прыязджалі ў Беларусь на пабыўку.

Чаму для ўзброеных наймітаў, якія захапілі за час паходу на Маскву пару гарадоў і забілі людзей, умовы больш лаяльныя, чым для мірных пратэстоўцаў, якія сталі басанож на лавачкі? «Media IQ» разбірае магчымыя прычыны і як яны выглядаюць з пункту гледжання беларускай дзяржаўнай прапаганды.

«Вагнераўцы» менш пагражалі дзеючай уладзе?

Удзельнікі пратэстаў 2020 года ў Беларусі наўпрост патрабавалі сыходу Лукашэнкі і правядзення новых сумленных выбараў.

«Вагнераўцы» дэкларавалі, што не стваралі пагрозы ўладзе Уладзіміра Пуціна. І тым больш не пагражалі Аляксандру Лукашэнку.

З іншага боку, белдзяржпрапаганда сцвярджае, што, умяшаўшыся ў перамовы з Прыгожыным, Лукашэнка «выратаваў Расію ад смуты», якая перакінулася б і на Беларусь. Смутай або смутным часам называюць палітычны крызіс у гісторыі Расіі на стыку 16-17 стагоддзяў, калі ўлада некалькі разоў гвалтоўна змянялася. Гэта значыць, з пункту гледжання беларускіх дзяржаўных СМІ, пагроза для ўлады была: непасрэдная — для расійскай улады і апасродкаваная — для беларускай.

«Вагнераўцы» фізічна мацнейшыя і больш небяспечныя?

«З дапамогай добрага слова і пісталета вы можаце дамагчыся значна большага, чым адным толькі добрым словам», — гэта цытата, якая прыпісваецца гангстару Аль Капоне, добра апісвае розніцу ўспрымання ўладамі «вагнераўцаў» і беларускіх пратэстоўцаў.

Як раней пісала «Media IQ», грамадскі раскол у Беларусі праходзіць па лініі стаўлення да гвалту. Улады і іх прыхільнікі лічаць сілай здольнасць рэалізоўваць волю з дапамогай гвалту, ён з'яўляецца для іх зразумелай каштоўнасцю і аргументам (роўна як для байцоў прыватнай вайсковай кампаніі Прыгожына) — і менавіта з такой сілай яны лічацца.

Удзельнікі пратэстаў жа лічаць больш важным прынцып кааперацыі, дамоўленасці — і ў абсалютнай большасці адмовіліся ад ідэі гвалтоўнай змены рэжыму. Таму, з пункту гледжання беларускіх улад, інтарэсы і патрабаванні мірных пратэстоўцаў можна не браць у разлік.

Пры гэтым дзяржпрапаганда ўсё пераварочвае дагары нагамі: дыскрэдытуе пратэст як «экстрэмісцкі», прыпісваючы ўдзельнікам гвалтоўныя метады, а ўлады выстаўляе не толькі гуманнымі да пратэстоўцаў, якія «спатыкнуліся» (праз «пакаянную» камісію), не толькі дэмакратычнымі праз дыялог з насельніцтвам (сустрэчы з чыноўнікамі і Усебеларускі народны сход), але і прыхільнікамі міру ў вайне з Украінай. Хоць менавіта беларускія ўлады адказныя за дапушчэнне ваеннай агрэсіі ў дачыненні да Украіны з тэрыторыі Беларусі.

«Вагнераўцы» — не грамадзяне Беларусі?

Уцекачы ад рэпрэсій, удзельнікі пратэстаў — грамадзяне Беларусі. А вось большасць «вагнераўцаў» — хутчэй за ўсё, не, яны замежнікі. Гэта значыць, у Беларусь іх запрашаюць не як дадому, а як на нейтральную тэрыторыю — на «рэлакацыю», як сказалі ў падкасце «Мінскага дыялогу». Як у Польшчу запрашаюць на рэлакацыю беларускіх айцішнікаў, так у Беларусь запрашаюць на рэлакацыю расійскіх наймітаў.

Але, па-першае, сярод наймітаў ПВК «Вагнер» беларусы дакладна ёсць, хоць іх і не большасць. Пры гэтым іх (гэтых грамадзян) не прыцягваюць да адказнасці за найміцтва. Не да законаў ужо не часам, а ўвесь час.

Па-другое, калі ўспомніць канцэпцыю Саюзнай дзяржавы, якая прасоўваецца і ўсхваляецца ў дзяржСМІ, то члены расійскай ПВК не такія ўжо і замежнікі. А Беларусь — не такая ўжо нейтральная тэрыторыя.

Прыгожын — сябар Лукашэнкі?

Гэтую банальную версію падзей добра апісаў аналітык Сяргей Чалы ў аглядзе «Беларускага расследавальніцкага цэнтра». Зноў прыходзім да крылатага выразу ад гаранта беларускага суверэнітэту: «Часам не да законаў» — калі па законе павінен адказваць твой стары прыяцель.

Пра сяброўскую сувязь Лукашэнкі і Прыгожына дзяржпрапаганда нічога наўпрост не паведамляе. Сам Лукашэнка кажа, што «я яго проста бачыў пры арганізацыі тых ці іншых мерапрыемстваў, Пуцін жа з ім знаёмы значна больш».

А вось сярод лідараў пратэснага руху ў Лукашэнкі, здаецца, сяброў не засталося. Толькі былыя паплечнікі, накшталт «збеглых» экс-кіраўніка ПВТ Валерыя Цапкалы або экс-міністра культуры Паўла Латушкі, завочна асуджаных на двухзначныя тэрміны зняволення.

«Вагнераўцаў» будуць выкарыстоўваць для Беларусі?

Падобна на тое, што і палітуцекачы, і найміты для чагосьці патрэбны беларускай дзяржаве.

На фоне нядаўняга антырэкорду ў гісторыі незалежнай Беларусі па колькасці працоўнага насельніцтва на фоне эміграцыі 200-500 тысяч чалавек (паводле розных ацэнак) можна меркаваць, што дзяржаве патрэбна працоўная сіла — ад падаткаплацельшчыкаў да работнікаў у калоніях. Што характэрна, «вельмі жорсткая» рыторыка паступова мякчэе. У студзені 2022 Лукашэнка пагражаў: «Кайцеся і станавіцеся на калені, далей будзе горш». У студзені 2023-га гаворка пайшла пра хрысціянскае прабачэнне і індывідуальны падыход — тады і анансавалі камісію па вяртанні. У ліпені 2023-га ў інтэрв'ю АТН свежы вяртанец адзначыў, што «ўжо нават на каленях паўзці не трэба»: паводле слоў маладога чалавека, яго ніяк не пакаралі за ўдзел у пратэстах.

А вось «вагнераўцы» – шматфункцыянальныя. Наконт іх выкарыстання аналітыкі вылучылі мноства версій: для навучання і ўзмацнення войска, для запалохвання суседзяў, для правакацый на заходніх межах…

Калі звярнуцца да першакрыніц, то Мінабароны Беларусі заявіла, што Узброеныя сілы краіны абмяняюцца досведам з ПВК «Вагнер».

А Лукашэнка заявіў, што «вагнераўцы» «ваююць па ўсім свеце, адстойваючы дэмакратыю або незалежнасць тых ці іншых краін, дзе Францыя ці Злучаныя Штаты хацелі б паставіць кагосьці на калені; таму загубіць такое падраздзяленне, я лічу, было б няправільна».

У гэтай цытаце прайграюцца трэндавыя наратывы дзяржпрапаганды, даўно фіксаваныя маніторынгам «Media IQ»: маўляў, Захад толькі прыкрываецца каштоўнасцямі, а на самай справе ён антыдэмакратычны неакаланіяльны гегемон. А вось у Беларусі — сапраўдная дэмакратыя, з «народным веча» ў выглядзе УНС і сустрэчамі чыноўнікаў з грамадзянамі. Гэта значыць ПВК «Вагнер» могуць выкарыстоўваць у Беларусі для «адстойвання» такой «сапраўднай дэмакратыі».

Мяцеж «вагнераўцаў» – канфлікт сярод «сваіх», а пратэстоўцы — «агенты варожага Захаду»?

Цытата вышэй пра «адстойванне дэмакратыі і незалежнасці» ілюструе яшчэ адзін тэзіс: «вагнераўцы» і палітуцекачы знаходзяцца для беларускіх улад па розныя бакі ад раздзяляльнай лініі «свой-чужы». Мяцеж «вагнераўцаў» — канфлікт сярод «сваіх», унутраная разборка. А вось удзельнікі пратэстаў — не «свае», а «здраднікі» і «агенты варожага Захаду» (што, вядома ж, з'яўляецца маніпуляцыяй — ілжывай дылемай). «Агенты» таго самага Захаду, які для «ўсіх нашых» з'яўляецца агульным ворагам, супраць якога трэба арганізаваць «народнае адзінства». Дарэчы, славутае «народнае адзінства» ў Беларусі так і разумеецца: не як дыялог і інтэграцыя розных меркаванняў і пазіцый, а як выбар аднаго боку — «за нашых».

Таму тое, што можна дараваць «сваім», не варта дараваць тым, хто выбраў бок чужынцаў.

Вось чаму ў дачыненні да «вагнераўцаў» «рыторыка Лукашэнкі прымірэнчая, ён перасцерагае ад жорсткіх захадаў: слухайце, ну ёсць каго мачыць, асабліва ведаеце дзе. Ёсць каго саджаць там, дзе гэта трэба».

Улады не тлумачаць проста падвойных стандартаў: чаму да мяцежнікаў — «збеглых» і «вагнераўцаў» — такое рознае стаўленне і чаму для іх такія розныя ўмовы прыбыцця ў Беларусь.

Калі аналізаваць наратывы дзяржпрапаганды, можна ўскосна выказаць здагадку пра галоўную прычыну: у адрозненне ад удзельнікаў пратэстаў, найміты — «свае», бо яны перш за ўсё супраць агульнага ворага — «калектыўнага Захаду». Яшчэ адна прычына ў тым, што «вагнераўцы» могуць дапамагчы ў адстойванні дэмакратыі» ў беларускім яе чытанні.

Астатнія з вышэй пералічаных прычын з'яўляюцца здагадкамі, якія ўступаюць у супярэчнасць з прапагандысцкім дыскурсам.