Вайсковыя могілкі: як знішчаюць унікальны гістарычны ландшафт

Ва ўсім свеце гістарычныя могілкі прывабліваюць турыстаў не толькі імёнамі пахаваных там выбітных асобаў, але і сваёй непаўторнай атмасферай. Але беларускія некропалі могуць яе страціць. Прыклад таму — добраўпарадкаванне Вайсковых могілак у Мінску, якое пераўтварае гісторыка-культурную каштоўнасць другой катэгорыі ў пляскаты палігон.

Вайсковыя могілкі падчас добраўпарадкавання ўлетку 2018 года

Вайсковыя могілкі падчас добраўпарадкавання ўлетку 2018 года

Год таму гісторык і экскурсавод Павел Каралёў зазірнуў на мінскія Вайсковыя могілкі і ўбачыў, што рабочыя пачалі зносіць помнікі. Тады яму паабяцалі, што каштоўныя надмагіллі і агароджы чапаць не будуць. Зайшоўшы на могілкі пазней, ён убачыў, як рабочыя пілуюць балгаркай адну з самых прыгожых агароджаў на магіле прафесара Выдрына. Цудам пілаванне ўдалося спыніць, і агароджу ў выніку адстаялі і прывялі ў парадак. З гэтага моманту пачалася абарона могілак ад татальнай зачысткі, якую з ініцыятывы царквы Аляксандра Неўскага пачаў праводзіць Спецкамбінат КБА.

Туі, мармур і «бульвар» на месцы пахаванняў

Толькі за першы тыдзень мінулага чэрвеня Спецкамбінат дэмантаваў сотню надмагілляў, многія з якіх былі ў досыць добрым стане. Усяго было знішчана каля 300 надмагільных помнікаў. Пры гэтым усе дзяржустановы сцвярджалі, што працы праводзяцца на законных падставах. І толькі пракуратура здолела іх спыніць, зазначыўшы, што на некропалі «патрабаваліся толькі работы па фарбаванні альбо ліквідацыі нязначных пашкоджанняў», а не татальная чыстка.
Гэта надало моцы валанцёрам, якія за мінулае лета прывялі ў парадак каля 150 помнікаў. Яшчэ адной перамогай стаў суд супраць Спецкамбіната сваякоў пахаваных на Вайсковых, чые магілы пацярпелі ад «добраўпарадкавання». Аднак трывожным званочкам тады прагучалі словы юрыста ўстановы Валерыя Жука аб тым, што для добраўпарадкавання могілак праектнай дакументацыі не патрабавалася, але цяпер яна распрацоўваецца, і плануецца знос яшчэ большай колькасці надмагілляў.

Павел Каралёў

Павел Каралёў

Для грамадскасці праект добраўпарадкавання пакуль што — загадка. Абаронцам некропаля ўдалося толькі паразмаўляць з чалавекам, які займаецца яго распрацоўкай. Гэта галоўны архітэктар праектаў УП «Мінскпраект» Мікалай Дзятко, аўтар помніка вайскоўцам, загінулым у гады Першай сусветнай вайны. Па словах Паўла Каралёва, архітэктар мяркуе прыбраць з Вайсковых могілак агароджы і замяніць аўтэнтычныя аб’екты на мармуровыя элементы.
Мяркуецца, што гэты праект — дэталёвае ўвасабленне канцэпцыі па добраўпарадкаванні Вайсковых могілак, зацверджанай Міністэрствам культуры напрыканцы мінулага года. Да гэтай канцэпцыі ў валанцёраў і адмыслоўцаў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны ёсць шэраг нараканняў.
Так, яна прадугледжвае замену агароджы могілак. Мінкульт ужо зацвердзіў адзін з відаў брамы з барэльефамі, якія вельмі нагадваюць выявы з абеліска на Плошчы Перамогі.

Брама з барэльефамі. Фрагмент прэзентацыі Паўла Каралёва

Брама з барэльефамі. Фрагмент прэзентацыі Паўла Каралёва

Таксама плануецца пабудаваць новую браму з боку вуліцы Берасцянскай, дзе яе ніколі не было. Але абаронцы лічаць гэта недарэчным на гістарычных могілках.

Фрагмент прэзентацыі Паўла Каралёва

Фрагмент прэзентацыі Паўла Каралёва

А вось ідэя аднаўлення гістарычнай брамы выклікала ў валанцёраў ухваленне.

histarycznaja_brama.jpg

Фрагмент прэзентацыі Паўла Каралёва

Згодна з канцэпцыяй, тэрыторыя некропаля падзеленая на чатыры зоны, кожную з якіх будуць рэканструяваць па-рознаму. І ў гэтым, на думку Паўла Каралёва, галоўная хіба канцэпцыі: няма цэласнага падыходу да добраўпарадкавання могілак.

Фрагмент прэзентацыі Паўла Каралёва

Фрагмент прэзентацыі Паўла Каралёва

Вялікія пытанні ў абаронцаў да прадугледжанага канцэпцыяй пракладання новых тратуарных дарожак. Калі ўжо і рабіць сцежкі на гістарычных могілках, то пясчаныя ці земляныя «навуковыя» сцежкі з інфармацыйнымі шыльдамі аб пахаваннях паабапал — гэта дапамагло б захаваць ландшафт і развіць турыстычны патэнцыял некропаля, лічаць валанцёры.
Замест дрэваў канцэпцыя прадугледжвае высадку кветак, блакітных ялін і пірамідальных туй. Але такім чынам гістарычны ландшафт могілак акажацца пад пагрозай.
— Рэканструкцыя «па-багатаму» апраўдваецца тым, што могілкі вядомыя як вайсковыя. Але паводле падлікаў Спецкамбіната, з 8253 пахаванняў толькі 745 належаць вайскоўцам, гэта 9 працэнтаў ад усіх пахаванняў. Таму гэта звычайныя гарадскія могілкі. Ніхто не аспрэчвае подзвіг вайскоўцаў, але трэба рабіць правільныя акцэнты, — зазначае Павел Каралёў.
Апроч таго ля царквы мяркуецца стварыць «бульвар», каб было зручней ладзіць хросныя хады, бо цяпер ім замінаюць каляцаркоўныя пахаванні. Спадзяванні на тое, што іх захаваюць, набліжаюцца да нуля…

«Бульвар» ля царквы. Фрагмент прэзентацыі Паўла Каралёва

«Бульвар» ля царквы. Фрагмент прэзентацыі Паўла Каралёва


Што можна зрабіць

У сваю чаргу, апроч крытыкі, валанцёры падрыхтавалі некаторыя рэкамендацыі па ўпарадкаванні Вайсковых могілак. Па-першае, неабходна аднавіць крыжы на сапсаваным (што пацверджана Генпракуратурай) Спецкамбінатам участку. Па-другое, адмовіцца ад падгалоўнікаў. Яны ўжо традыцыйна, у тым ліку ў Беларусі, ужываюцца на вайсковых пахаваннях, але некарэктна глядзяцца на цывільных. Па-трэцяе, уважліва ставіцца да ўсіх помнікаў, нават да тых, што выглядаюць простымі — гэта не нагода іх зносіць. Агароджа, зробленая з вадаправодных трубаў, ці крыж з заводскіх шасцяронак, які бацька змайстраваў для свайго сына, — таксама адметныя і з’яўляюцца прыкметамі свайго часу. Увогуле, Вайсковыя могілкі — цэлая лабараторыя для даследаванняў сацыяльна-дэмаграфічнай структуры насельніцтва і моўных ды мастацкіх асаблівасцяў 1920 – 1950-х гадоў.
Вядома, многія магілы заслугоўваюць лепшых помнікаў, як, напрыклад, нядаўна адкрытае пахаванне мастацтвазнаўцы і гісторыка архітэктура Івана Хозерава. Але гэта павінна абмяркоўвацца з грамадскасцю.
Валанцёры прапануюць праекціроўшчыкам скарыстацца замежным досведам. Напрыклад, узяць на ўзбраенне прыклад добраўпарадкавання на могілках Росы ў Вільні. Там да 2020 года адновяць 6 капліц, больш за 340 надмагілляў, агароджу вакол некропаля, паправяць дарожкі і ўсталююць відэаназіранне. Альбо паглядзець на некранулыя берлінскія габрэйскія могілкі, якія могуць увесці ў роспач супрацоўнікаў Спецкамбіната. Некропаль з часам пераўтварыўся ў эказону, дзе жывуць 600 відаў раслін, жывёл і птушак. Гэта закансерваваная экасістэма, якую ўжо нельга кранаць. Альбо ўвесці сталую пасаду рэстараўратара, як на Маластранскіх могілках у Празе.
Сярод прапаноў таксама — уключэнне Вайсковых могілак у турыстычныя маршруты, выкарыстанне іх як адукацыйна-даследчыцкай пляцоўкі для школьнікаў і навукоўцаў.
Валанцёры гатовыя не толькі крытыкаваць, але і супрацоўнічаць са Спецкамбінатам у рэалізацыі сваіх прапаноў.

Чыноўнікі мусяць адчуваць персанальную адказнасць

На думку прадстаўніка Беларускага камітэта Міжнароднай Рады па помніках і памятных мясцінах (ICOMOS) Цімафея Акудовіча, асноўная праблема добраўпарадкавання Вайсковых могілак заключаецца ў тым, што ніхто не ведае, як падступіцца да гістарычных некропаляў, няма агульнага бачання таго, як гэта трэба рабіць. Беларускі камітэт ICOMOS цяпер спрабуе сабраць кансіліум спецыялістаў у сферы аховы помнікаў, каб стварыць зварот у дзяржаўныя інстанцыі па абароне Вайсковых могілак, а таксама па рэканструцыі беларускіх гістарычных некропаляў увогуле.

Цімафей Акудовіч

Цімафей Акудовіч

— Вайсковыя могілкі — гэта першы прыклад маштабнай рэканструкцыі могілак у Беларусі, і ён стане прыкладам для астатніх рэканструкцый, — зазначае Цімафей Акудовіч.
Ён падкрэслівае, што дадзены некропаль — унікальны прыклад могілкавага гістарычнага ландшафту на тэрыторыі Беларусі, і таму да яго павінна быць асаблівае стаўленне. З улікам гэтага ICOMOS вылучыў чатыры асноўныя пункты, якія ўвойдуць у зварот да дзяржаўных органаў.
Найперш — гэта катэгарычная адмова ад масавага выкарыстання падгалоўнікаў, бо яны кардынальна змяняюць знешні выгляд могілак. Традыцыйна гістарычныя могілкі Беларусі з ХІІ стагоддзя маюць вертыкальную накіраванасць, якую ўвасабляюць крыжы, стэлы, абеліскі. Гэтую адметнасць неабходна захаваць.
Другое — гэта агароджы.Традыцыя іх выкарыстання пачала развівацца ў ХІХ стагоддзі, цяпер яна знікае, і логіка гэтага працэсу зразумелая. Але тым больш важна захаваць прыклад гэтай традыцыі на Вайсковых могілках.
Трэцяе — дрэвы, традыцыйная з’ява беларускіх могілак. У зацверджанай Мінкультам канцэпцыі іх плануюць замяніць на туі, і гэта непакоіць, бо на гістарычных помніках важна захаваць традыцыйныя віды дрэваў.
Чацвёртае — няма сэнсу ў замене і пракладанні новых сцежак на могілках. А вось такія формы кшталту кветнікаў, наадварот, вартыя асаблівай увагі, бо менавіта ў дробязях захоўваецца гісторыя.
На думку актыўнай удзельніцы валанцёрскіх прац на Вайсковых, пісьменніцы і даследчыцы літаратуры Ганны Севярынец, неабходна такім чынам звяртацца да чыноўнікаў, каб яны адчувалі сваю персанальную адказнасць за знішчэнне спадчыны. Толькі тады ёсць шанец нешта захаваць.

Крупцы: тэхніка ездзіла наўпрост па помніках

Вайсковыя могілкі — не першы прыклад пераўтварэння гістарычнага месца пахаванняў у засеяны пляскатымі падгалоўнікамі безасабовы палігон. Раней ідэя Спецкамбіната КБА была рэалізаваная ў 2012 годзе на могілках у Крупцах — колішняй вёсцы, а цяпер мікрараёне ля Драздоў.
Тады на абарону некропаля стала супрацоўніца Інстытута гісторыі НАН Юлія Латушкова, у якой на крупецкіх могілках пахавана тры пакаленні продкаў. Яна распавяла, што яшчэ ў 2007 годзе тут можна было ўбачыць парэшткі пахавальні мясцовых землеўласнікаў. Яе збіраліся рэстаўраваць і будаваць каплічку, але раптоўна на магілах з’явіліся папяровыя аб’явы аб неабходнасці прывесці іх у належны выгляд — такія самыя, як пазней на Вайсковых. Па словах Юліі Латушковай, стасункі са Спецкамбінатам праходзілі пад знакам ілжы. І вось увосені 2011 года на цвінтары з’явіліся сляды ад зрэзаных крыжоў. А потым прыйшла тэхніка, якая ездзіла наўпрост па помніках.

Юлія Латушкова

Юлія Латушкова

У выніку члены сям’і Юліі арганізавалі дзяжурствы на могілках, і ім удалося адстаяць свае помнікі. Але на агульную сітуацыю гэта не моцна паўплывала. На старых могілках, дзе немагчыма было ступіць, каб не стаць на магілу, раптам з’явіліся сцежкі. А да восені 2012 года могілкі ўжо пакрылі падгалоўнікі. Цяпер там голае поле, падгалоўнікі ўраслі ў зямлю.
— Чаму пахаванні ХІХ – ХХ стагоддзяў павінны быць прыведзеныя ў адпаведнасць з нормамі закона ХХІ стагоддзя? Можа, тады і старажытныя курганы трэба прывесці да «належнага выгляду»? — абураецца Юлія Латушкова.
Яна перакананая, што на могілках неабходна правесці музеефікацыю, важна захаваць іх як адзіны комплекс, і недапушчальна змяняць выгляд некропаля, сыходзячы са сваіх эсттычных упадабанняў.

Патрэбная агульная канцэпцыя па ахове могілак

Былы начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі лічыць няправільным тое, што ўсе дзеянні на Вайсковых могілках ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам аб пахаваннях. Паколькі гэты некропаль з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, у першую чаргу тут павінна выконвацца заканадаўства аб ахове спадчыны. Ігар Чарняўскі мяркуе, што трэба стварыць групу з 3 – 5 чалавек, якая б стварыла канцэптуальныя падыходы па ахове могілак у Беларусі. Магілы павінны захоўвацца ў той традыцыі, якая панавала ў час пахавання.

Ігар Чарняўскі

Ігар Чарняўскі

Цімафей Акудовіч дадаў, што падобная камісія будзе стварацца пры камітэце ICOMOS.