Вакзал для траіх

Адбылася ў снежні 2011 года ў Мінску сустрэча мясцовага кіраўніцтва з А. Мілерам, уладальнікам «Газпрама». Гулялі яны па Мінску, наведвалі Нацыянальную бібліятэку, і адкрылася ім з даху «дыямента» хараство невымоўнае. Акінуў госць арліным позіркам ускраіны мінскія і вырашыў уладкаваць тут усё па-свойму.



71.jpg

Гэтая незвычайная гісторыя пачыналася так. 17 красавіка ў цэнтры Мінска гулялі трое маладых людзей, і адзін з іх (жыхар Слоніма), разагрэты не па-вясноваму гарачым сонцам, вырашыў выкупацца ў Свіслачы. Убачыўшы журналістак з тэлекамерай, што  апынуліся непадалёк, ён стаў праяўляць свае намеры публічна, так што іх пачулі і іншыя назіральнікі – трое гасцей сталіцы (з Масквы, Украіны і Казахстана). Яны выявілі жывую цікавасць да таго, што адбываецца, а масквіч нават паабяцаў герою са Слоніма прэзент у сто баксаў за яго гераічны ўчынак. Так адбылося адкрыццё купальнага сезона ў Мінску, прытым адкрыта на набярэжнай у цэнтры горада.

Бо нават калі купацца ў неналежным месцы няможна, то за сто даляраў — чаму б і не?
 

Гэтая гісторыя характэрная тым, што яе можна ўявіць у выглядзе анекдота, што абгульняе этнічныя стэрэатыпы. Тады атрымаецца наступнае: гулялі неяк па Мінску ўкраінец, казах і масквіч. Выпадкова заўважыўшы беларуса, які задумаў выкупацца, але ўсё ніяк не мог вырашаецца скокнуць у ваду, яны паспрачаліся на дзвесце даляраў, што будзе далей. Пасля чаго масквіч угаварыў «героя» выканаць сваю задумку за сто баксаў. У выніку наіўны беларус застаўся шчаслівы ў сваёй недасведчанасці, а спрытны масквіч спакойна атрымаў навар з тымі, з кім ён праспрачаўся.

Але можна гэты выпадак спраецыраваць у іншую плоскасць, падаўшы яго іншасказальна — як алегорыю нашых стасункаў са «старэйшым братам».

Скажам, так: адбылася ў снежні 2011 года ў Мінску сустрэча мясцовага кіраўніцтва з А. Мілерам, уладальнікам «Газпрама». Гулялі яны па Мінску, наведвалі Нацыянальную бібліятэку, і адкрылася ім з даху «дыямента» хараство невымоўнае. Акінуў госць арліным позіркам ускраіны мінскія і вырашыў уладкаваць тут усё па-свойму. Прапанаваў ён прыбраць аўтавакзал «Маскоўскі» (відаць, назву даслоўна ўспрыняў) і пабудаваць на яго месцы офіс «Газпрама». Паабяцаў Мілер за гэта куш самавіты, і старшыня Мінгарвыканкама Н. Ладуцька, нядоўга думаючы, пагадзіўся — трэба ж гораду развівацца! За А. Лукашэнкам таксама не заржавела — і ў красавіку 2013 года ўказ пра грандыёзную забудову быў падпісаны. Так і атрымаўся «вакзал для траіх» — галоўных урадоўцаў і алігарха, якія лічаць яго сваёй уласнасцю, а таму вольныя распараджацца ім, як уздумаецца.

У выніку вырашылі беларускія ўлады гэту праблему аператыўна, пагадзіўшыся за 35 млн даляраў расчысціць «месца пад офіс». Як аказалася, усё адно трэба было гэты вакзал зносіць — карысці ад яго мала. А грошы ў справу ўкласці, на карысць выгоду гораду значыць: пабудаваць хмарачос з офісам, жылы дом, гандлёвы цэнтр і аўтаразвязку непадалёк. Ну і што, што кошт пляцоўкі, лічы, удвойчы большы. Затое «Газпрам» нам зніжку на газ зробіць і новыя сховішчы пабудуе. Праўда, уся гэта гаспадарка зараз ужо як бы і не наша зусім. Затое дадзены прыклад стане пазітыўным сігналам для фундатараў — маўляў, мы для іх на ўсё гатовы і кожную прыхамаць задаволім у момант.

Няхай толькі грошы прывозяць тонамі, каб забяспечыць гораду росквіт, а народу — дабрабыт.

Шкада, праўда, вакзал, вельмі ж ён прыгожы і арыгінальны — ну ды ладна. Усё адно ім мала хто карыстаецца, не загружаны ён «на ўсе сто». Аднак і гандлёвы цэнтр на яго месцы можа быць не запатрабаваны — балазе, насупраць ужо ёсць «Еўрапейскі» і «Аляксандраў пасаж». Затое жылы дом пабудуем, ушчыльняцца не трэба. Хоць жыць там будуць галоўным чынам тыя ж расійцы з «Газпрама», ім жа ад офіса недалёка.

Увогуле, як ні круці, а ўсюды спрэс выгоды і мілата ад адносін з суседзямі нашымі. Праўда, без «Маскоўскага» спачатку цяжка давядзецца. Дык жа нездарма быў «Цэнтральны» пабудаваны, дзе ўсё прадугледжана. Ну і што, што там няма месца для адстою аўтобусаў. Затое пад паркінг і гандлёва-забаўляльны цэнтр месца знайшлося. І ўсё для патрэб жыхароў сталіцы, нашых дарагіх мінчукоў прадумана. А прыезджыя і стрываць могуць, калі ўсё адно да нас у госці памкнуліся. Гэта ж усяго толькі вартыя жалю турысты, а не бізнес-кліенты і фундатары, дзеля якіх можна косткамі легчы.

Асобнае дзякуй — журналістам «Вячэрняга Мінска», якія доўга і цярпліва растлумачваюць усім «палітыку партыі». Яны нават прыдумалі выдатны тэрмін: вакзал, аказваецца, трэба ПЕРАПРАФІЛЯВАЦЬ (ВМ № 14 ад 4.04.2013, з. 10).
 

А заадно «перапрафілююць» і ўсю пасажыраплынь, і транспартную схему раёна, змяніўшы маршруты і загнаўшы людзей далей ад метро, на канчатковыя станцыі гарадскіх аўтобусных маршрутаў — д/з «Каліноўскага» і «Славінскага».

Пасажыры будуць проста «шчаслівыя» ад такога клопату, успамінаючы пакуты падчас будавання аўтавакзала. Зараз давядзецца зноў вандраваць па ўскраінах у чаканні, пакуль пабудуюць новы вакзал ва Уруччы. Але за якія грошы?  «Газпрам» жа сплачвае толькі знос «Маскоўскага», а не пабудову новага, якая абцяжарыць нас дадатковымі выдаткамі.
 

Зрэшты, новы вакзал можа і не спатрэбіцца. Вырашаць нашы ўлады, што можна абыйсціся іншымі, якія засталіся — так і будзе. Нічога страшнага, калі спатрэбіцца ўшчыльніцца. Мы ж багацеямі зараз станем, інвестыцыі ракой пацякуць. І дзеля гэтага можна зрабіць усё, што скажуць замоўцы з Расіі: вырашыцца, распрануцца і ў ваду кінуцца.

Аляксей Сарна, «Новая Еўропа»