Выбралі? Атрымайце!
Выбары прайшлі, і спраўджваюцца прагнозы экспертаў, што добра пасля выбараў не будзе нікому. Але ж ніхто не чакаў, што першымі непрыемнасці атрымаюць тыя, хто гэтыя выбары забяспечыў і
правёў.
На тыдні беларускі правадыр неаднаразова заявіў пра маштабнае «скарачэнне штату».
1 кастрычніка, прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, Лукашэнка выказаў меркаванне, што «нам давядзецца добра скараціцца ў дзяржаўных структурах, думаю, працэнтаў недзе
на 25–30». І ўдакладніў: «Унізе менш, уверсе больш, выдаліць непатрэбныя функцыі і значна потым павялічыць грашовае забеспячэнне і заработную плату дзяржслужачых. І адсюль
— міліцыі, ваенным і гэтак далей. Я разумею, што мы адразу з такой задачай не справімся, але яе таксама трэба пачынаць».
Тое ж самае ён паўтарыў 2 кастрычніка на нарадзе па пытаннях удасканалення механізму гаспадарання ў аграпрамысловым комплексе краіны. «Я доўга вагаўся, але прыняў для сябе рашэнне —
25–30% кадраў у дзяржорганах мы скароцім. Яны нам проста не патрэбныя. Навошта мы сёння залішне глядзім па палях гэту ўборку? Хай губернатары, і нават не яны, а старшыні райвыканкамаў з
кіраўнікамі гаспадарак забяспечваюць уборку. Але калі яны валяць і губяць грошы, якія ўкладзены ў зямлю, тут трэба саджаць у турму», — заявіў Лукашэнка.
Чым выкліканыя такія выказванні? Верагодна, хранічным недахопам грошай. Усе эксперты адзначаюць, што скарачэнне апарата найперш выпадае на час эканамічнага крызісу. Так было і ў Еўропе нядаўна, і
зараз дакацілася да нас, хаця неаднойчы сцвярджалася: крызісу ў Беларусі няма і быць не можа.
Але большасць экспертаў таксама сцвярджаюць, што скарачэнне апарата выкліча «эфект Паркінсона». Згодна з законамі функцыянавання бюракратыі Паркінсона, пры скарачэнні апарату
колькасць чыноўнікаў і бюракратычных структур толькі павялічваецца.
Вось яскравы і першы прыклад гэтай «барацьбы з чыноўніцтвам». Каб скараціць дзяржапарат, створана яшчэ адна апаратная структура — камісія па рэфармаванні сістэмы
чыноўніцтва. «Я сёння даручыў, — паведаміў Лукашэнка падчас сустрэчы з Шуневічам, — стварыць дзяржаўную камісію. Яе ўзначаліць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта (Андрэй
Кабякоў). Памочнік кіраўніка дзяржавы Наталля Пяткевіч будзе ў яго намеснікам. Яны збяруць дзяржаўную камісію па рэфармаванні органаў дзяржаўнай улады».
Намер скараціць чыноўніцтва шляхам маштабных пасадак, калі яны «валяць і губяць грошы, якія ўкладзены ў зямлю», таксама не можа быць увасоблены ў жыццё — папросту чыноўнікі
зоймуць усё ж значна менш затратныя, але ж бюджэтныя месцы ў турмах. Гэта таксама дзяржаўныя грошы. І да таго ж, у гэтым варыянце таксама «трэба больш золата», бо неабходна
аплачваць працу следчых, міліцыянтаў, судоў, пракурораў, «вертухаяў» і гэтак далей. А ўлічваючы, што перш за ўсё эксперты, дый сам Лукашэнка, кажуць пра скарачэнні ў МУС і сілавых
ведамствах, то якія тут могуць быць скарачэнні?
«Калі мы скароцімся, улады ў чыноўнікаў будзе значна больш. І мы спынім гэту блытаніну і шараханні спецыялістаў: «я тут не хачу, пайду туды». Не пойдзеш, пакуль не атрымаеш
характарыстыку з месца працы. Вось і ўсё», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Зноў, калі чыноўнікам будзе патрэбная характарыстыка з месца працы, то дзе ў выпадку скарачэння ўзяць гэтае месца працы для, напрыклад, маладога спецыяліста? Атрымліваецца, як у анекдоце:
«Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь можа быць толькі той, хто мае стаж працы прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь не менш за пяць год». А каб маладыя спецыялісты дзяржкіравання мелі
патрэбны стаж і характарыстыкі, трэба не скарачаць, а павялічваць колькасць працоўных месцаў для чыноўнікаў.
Куды ні кінь, паўсюль клін. Сістэма завязла сама ў сабе. Выйсце з гэтай «завязкі» толькі адно: распускаць усялякія дзяржструктуры цэлымі «прадпрыемствамі».
Напрыклад, эканомікі ў нас няма — распусціць Міністэрства эканомікі ў поўным складзе. Як нам добра жыць, нам распавядуць па беларускай тэлевізіі — можна поўнасцю звольніць Белстат.
Функцыі кантролю за выкананнем закона, у тым ліку ў галіне СМІ, выконвае пракуратура, а прадпрыемствы з правам выдавецкай дзейнасці рэгіструюцца ў адзіным рэестры — разагнаць непатрэбнае
Міністэрства інфармацыі. І, натуральна ж, разагнаць нікому не патрэбны парламент, а на яго месцы зрабіць шыкоўны гатэль да Чэмпіянату свету па хакеі.
Сапраўды, у выбары мы ўжо нагуляліся. Памятаеце, эксперты казалі пра эканамічны «бэмс» пасля выбараў? Вось яны і скончыліся — і «бэмс» надышоў. Грошы
скончыліся, і мы не толькі думаем, як скараціць чыноўнікаў.
3 кастрычніка праезд у грамадскім транспарце Мінска падаражэў на 200 рублёў. Зараз паездачка каштуе ўжо 1 700 рублёў замест 1 500. У Брэсцкай вобласці праезд падаражэў таксама — на 100
рублёў.
Канцэрн «Белнафтахім» 3 кастрычніка аб’явіў аб чацвёртым сёлета павышэнні цэн на аўтамабільнае паліва. Падаражанне склала ад 4,5% да 6,3%. Бензін
«Нармаль–80» цяпер каштуе 6 750 рублёў (+400), Аі–92 — 6 950 (+300), Аі–95 — 7 500 (+350), дызпаліва — 7 650 (+350).
«Перагляд цэн на нафтапрадукты ажыццёўлены ў сувязі з ростам цаны на нафтавую сыравіну (на 19% у параўнанні з узроўнем чэрвеня 2012 года, калі праводзілася папярэдняя карэкціроўка цэн на
нафтапрадукты), а таксама ў мэтах паэтапнага збліжэння цэн на тавары ў краінах Мытнага саюза і павышэння эфектыўнасці працы беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў для забеспячэння магчымасці далейшай
мадэрнізацыі вытворчасці», — гаворыцца ў прэс-рэлізе канцэрна.
Пачаліся і праблемы з валютай. Асабліва гэта адчуваецца пакуль у малых мястэчках: знаёмая на тыдні па справах ездзіла па лініі Ракаў — Валожын, там на абменніках надпісы пра тое, што
«валюты няма і не будзе».
У Беларусі з 4 кастрычніка павялічваюцца гранічныя максімальныя адпускныя цэны на свініну і ялавічыну патушную. На свініну патушную — да ўзроўню цяперашняй адпускной цаны на буйнакускавы
мясакосны паўфабрыкат у выглядзе адрубоў са свініны, а таксама на ялавічыну патушную — на 30%.
Мінгарвыканкам накіраваў прапанову ў Мінэканомікі: дазвольце перастаць рэгуляваць кошты на некаторыя тавары. Прапануецца выкрасліць са спісу сацыяльна значных тавараў фарш, вараныя каўбасы, сасіскі,
сардэлькі, алей сланечнікавы і рапсавы, каву, чай, сыры з каровінага малака, апельсіны, лімоны, бананы, яблыкі, дзіцячыя тавары. Калі прапанова будзе ўхвалена, то цэны на гэтыя тавары, паводле ацэнак
спецыялістаў, вырастуць на 3–5%.
Знаёмая скардзілася: раней яе дысконтная картка гіпермаркета «Гіпа» дзейнічала на пакупкі больш за 50000 рублёў. Зараз «Гіпа» ўсталяваў новую мяжу дысконту
— 200000 рублёў, і штодзённая зніжка 5% знікла. Гіпермаркету таксама патрэбныя грошы.
А гэта мы яшчэ каштарыс за камуналку не атрымлівалі…
Вось вам і вынікі выбараў. За што змагаліся, тое і атрымалася.