Віктар Марціновіч: Беларуская мова зноў стала прыкметай ворагу?

Віктар Марціновіч разважае на budzma.by аб тым, што беларуская мова зноў зрабілася палітычным маркерам.

viktor_martinowitsch_2015_in_zurich..jpg

Як і вы, я не ведаю, што дакладна адбылося ў Ваўкавыску. Ад каго дакладна «паступіў сігнал». Дапускаю, што інсайдаў мы ніколі не пачуем, занадта малы інцыдэнт, каб на яго звярталі ўвагу буйныя выкрывальнікі.

Гэта магло быць звычайным «эксцэсам выканаўцы». Праслухоўка магла зведаць, што «змагары» «нешта зацеялі», перадаць па ланцугу «аператыўную інфармацыю»: у адным месцы збіраецца ажно 35 чалавек, якія «гавораць не па-нашаму». І пакацілася завядзёнка.

Што для мяне тут прынцыпова — гэта мова.

Як прыкмета таго, што «трэба прадпрымаць меры».

І не трэба рабіць выгляд, што — праехалі. Паколькі ўсіх адпусцілі і нават «занятак узнавіўся» — дык нармальна. Будзьма далей!

Не, таварышы.

Гэта — не нармальна.

Бо, калі б тыя 35 чалавек сабраліся ў гурток крою і шытва, ланцуговая рэакцыя бы не была запушчана. То прычына — мова. Як і з тымі пенсіянерамі, што чыталі кніжкі Гілевіча.

Беларуская мова заўсёды, ўсе гэтыя гады, была другаснай прыкметай ворагу.

Што цікава, першасныя прыкметы «ненадзейных элементаў» увесь час змяняліся. Зараз гэта — бел-чырвона-белы сцяг, у траўні 2020 — белая стужка, у 2010-м годзе — сіні бранзалет, у 1998-м годзе — прыналежнасць да БНФ. І, калі бракавала яўных прыкмет, калі на заплечніках у групы падазраваных не было значыкаў з «Пагоняй», бралі ў першую чаргу тых, хто гаварыў па-беларуску.

За апошнія 30 гадоў я памятаю некалькі стадый заняпаду роднай мовы. У канцы 1980-х яна лічылася «гаворкай калхазанаў». Лічылася, дарэчы, тымі калхазанамі, якім бракавала выхадаў на тэатральныя ці мастацкія колы, дзе вельмі разумныя і адукаваныя людзі з Мазураўскіх часоў гаварылі па-беларуску. Паколькі ў «мікрараёнах» жылі пераважна гараджане першай генерацыі, чые бацькі яшчэ мелі невыкараняльныя фрыкатыўныя «г», іхныя дзеткі імкнуліся гаварыць як мага чысцей на мове Пушкіна.

Пасля прыйшлі 1990-я і мова зрабілася палітычным маркерам. Калі ты гаварыў на ёй, значыць ты меў дачыненне да Фронту, а над кампутарам тваім быў раздрукаваны партрэт Пазьняка побач з чарговым факсам ад КХП-БНФ. Вось гэта ўсё.

Затым прыйшлі лагодныя нулявыя, калі ў росквіце мадэлі ніхто не сумняваўся, калі сістэма магла дазволіць квітнець у сваім садзе ружам усіх колераў.

У дзясятых па-беларуску загаварылі ўжо нават у офісах, новая крэатыўная класа з «хабаў» і «крэатыўных кластараў» з асалодай адасаблялася ад сваіх барадатых рускіх калег тым, што чытала Някляева і Арлова, а не Уліцкую з Сарокіным.

І, здавалася б, гэта было ў інтарэсах сістэмы, бо тая паступова атрымлівала падмурак, абапершыся аб які, можна было даваць выспятка ўсім гэтым інтэграцыйным дарожным картам, усім ідэям увесці рускі рубель.

І вось мы зноўку тут. У 1990-х.

Мова — палітычны маркер. Нават не задумваючыся пра палітыку, нават проста імкнучыся ўдасканаліць сваё дзеканне і цеканне, ты ўспрымаешся як «ненадзейны элемент». Як аб’ект, варты асаблівай увагі.

Паўтаруся: так было і раней, проста каўтнуўшая свабоды моладзь, што збіралася на афіцыйныя канцэрты ў гонар БНР, не чула погруку казёных ботаў у сябе за спінамі.

Цяпер — нават калі здарэння з чытачамі-пенсіянерамі і Ваўкавыскімі мовалюбамі не паўтарыцца — назад не адкруціш.

Выказванне на адной з афіцыйных дзяржаўных моваў перапрагамавалася ў палітычную дзею.

Што цікава, справа быцця беларусам у Беларусі заўсёды вымагала высілкаў.

Гэта так проста — чытаць тут па-руску! Слухаць «Кровосток» і «Земфіру», глядзець ТНТ і чакаць кожнага выпуску Вані Урганта. А вось каб пачаць слухаць Сержука Доўгушава, каб знайсці фільм пра Касцюшку «Рака Лёсу», каб адшукаць непадцэнзурнага Быкава — тут патрэбна работа. Часам цяжкая, часам — прыгодніцкая. А чалавеку ж некамфортна работаць там, дзе ён шукае палёгкі і адпачынку (бо менавіта ў адпачынак людзі слухаюць музыку і глядзяць youtube).

Для таго, каб стаць беларусам, заўсёды патрэбны штуршок.

У кожнага з нас ён, гэты штуршок, — свой. Напрыклад, нікому невядомы «вершаплёт» Ян Неслухоўскі аднойчы схадзіў ў гарадскі тэатр, паслухаў украінскіх актораў трупы Міхайлы Старыцкага і зразумеў, што пісаць трэба сваёй мовай.

Так у нашай літаратуры з’явіўся Янка Лучына.

Кагось гэты новы статус, што атрымала беларуская мова ў сакавіку 2021, — адштурхне.

Але для кагось — зробіцца запрашальнікам у беларускі свет.

Чамусці мне падаецца, такіх будзе болей.