Віктар Марціновіч: Дваццацігадовыя Брэжневы
Віктар Марціновіч піша пра каструбаватую і кабінетную мову маладых чыноўнікаў, якой тыя карыстаюцца ў сацыяльных сетках.
У мяне ёсць адна патаемная асалода. З мэтай узбагачэння стылістыкі персанажаў я пільна чытаю акаўнты людзей, якія прымаюць у Беларусі законы, якія пабылі чыноўнікамі і ў патаемнай надзеі на вяртанне ў абойму паліваюць свет ручаямі сваіх дзяржаўных думак. Ці людзей, якія толькі што прыйшлі ў кабінеты і думаюць, што цяпер яны — улада, а таму трэба распавесці гэтай гламурнай чэрні, якая посціць катоў, бікіні і махіта ў інсце, у чым яна, уладная сутнасць і прыдворнае хараство.
Ёсць адна мажная жанчынка, што паспела ладна парабіць у вертыкалі, а цяпер наседжвае заробак у Авальнай зале. Яе мова — гэта проста падарунак Сарокіну. Ці нават так: гэта ненапісаны ліст Салтыкова-Шчадрына Зошчанку і Платонаву, які перахапіў і апублікаваў Сарокін. Вось, здавалася б, сама прыйшла ў чужыя, варожыя нам сацыяльныя медыя, у свет напаўаголеных цыцак і хайпу. Прыйшла проста з пыльнага кабінета з фікусам, пентыумам і партрэтам Цара над рыпучым крэслам.
Ну падумай ты, як і што посціць! І ці трэба тут, у гэтым вымярэнні жывых і вострых на язык людзей, у прынцыпе з’яўляцца! Не, яна піша. Клацае па экранчыку. І фатаграфуецца. А потым зноўку піша. Набірае жменькі лайкаў. Думае, мабыць, што выглядае вельмі сучаснай.
Чалавека можна вывесці з кабінета, але кабінет з чалавека не выведзеш. Кабінет у чалавеку назаўсёды. І гэты кабінетны фэйсбук, кабінетны інстаграм — нешта зусім новае. Такога раней не было.
Галоўны прынцып іх мовы: ні ў якім разе не выкарыстоўваць таго слова і такога звароту, які не глядзеўся б натуральна ў газеце «Праўда» 1976 года. Натуральна, яны пішуць рускай. Натуральна, руская багацейшая за той скаверканы наваяз, які быў створаны ЛЕФаўцамі і «Ізвесціямі» ў 1920-я. Натуральна, можна было б уключаць тут Жукоўскага, Ламаносава. Пісаць хаця б вось оды.
Гэта было б гэтаксама смешна, але хаця б жыва. «Яго сіяцельства губернатар Гомельскага краю сёння па абедзе меў ласку адзначыць Авальную залу сваёй вялебнай прысутнасцю з мэтай трымання справаздачы па планах па нарыхтоўцы камбікармоў». Чык — і іранічныя смяюцца, праўладныя млеюць, магутны стыль праймае кожны завіты бігудзямі локан.
Але не: іронію, у тым ліку самаіронію, як і вялікі стыль, могуць дазволіць сабе толькі жывыя.
Мова беларускіх кабінетаў у інстаграме — мёртвая. І гэта цікавей за ўсё, калі гэтыя посцікі ствараюцца маладымі, да трыццаці, хлапцамі і дзевачкамі.
Вось хто-хто, а яны маглі паспрабаваць адаптавацца, як гэта робіць добра вядомая Марыя Захарава з рускага МЗС. У прынцыпе, калі адкінуць тое, што Марыя Захарава піша і кажа, яе мова — цалкам у фармаце.
Нашы ж карыстаюцца зваротамі з інструкцыі па запаўненні анкеты ў Заводскім РУУС.
«Калі табе 22 гады, а ты ўжо Брэжнеў», як пракаментаваў гэта ў ФБ адзін незалежны журналіст.
Скуль бярэцца ў іх, узгадаваных тым жа фэйсбучыкам, тым жа інстаграмам, той жа рагачоўскай згушчонкай і сыркамі ў шакаладзе, што і ўся астатняя краіна, гэтая старанна выгадаваная застойная каструбаватасць?
Мне падаецца, адказ трэба шукаць у прыродзе мовы.
Мова даецца чалавеку, каб, калі яму ёсць што сказаць, ён ёю (мовай) карыстаўся. Мова застою, мова Брэжнева — знаходка людзей, мэтай якіх было не казаць нічога. І паколькі савецкая наменклатура ўсё ж мусіла нешта гаварыць, то бок шырока раскрываць рот і накіроўваць паветра з лёгкіх на галасавыя звязкі, то 40 гадоў таму яны прыдумалі спосаб гаварыць, не гаворачы нічога.
Утвараць стылістычны абырвалг замест простай і яснай перадачы сэнсаў.
Што можа паведаміць малады носьбіт пінжака і вастраносых чаравікаў з падпечка Авальнай залы людзям і свету? Ідэалогію? Дык яе няма. Не паўстала, бо «партыя» апошнія 25 гадоў займалася выключна вырашэннем тактычных задач: дзе ў каго ўзяць, каб потым не аддаваць. Цяпер нават пра ворагаў не асабліва задвінеш, бо незразумела, дзе яны, тыя ворагі. Думкі пра сэнс жыцця? Дык няма ў іх думак. Тых, што з думкамі, далей за аддзел у райвыканкаме не прасоўваюць, бо шкодная гэта штука — чыноўнік з думкамі. Пра жыццё? Дык тут жа асабліва і дольчэвіту сваю не пакажаш — вокамгненна які-небудзь Нехта падрыхтуе даследаванне пра крыніцу твайго дабрабыту і яе абумоўленасць тваім татам, які ў кабінеты трапіў значна раней за цябе.То вось яны і посцяць, гаротнікі.
Капіпэйсцяць стыль, які памёр, калі на свеце не было яшчэ нават іх бацькоў.
І калі хто-небудзь з вас раптам пазайздросціць іхным дзяўчатам ці бойфрэндам — хай зойдзе ў тыя акаўнты і паглядзіць, з кім і чым тыя стасуюцца штодня.
Віктар Марціновіч, budzma.by