Віктар Марціновіч: Няма адчування паразы
Я згодны са сваім калегам па літаратурным цэху Уладзімірам Някляевым: 25-га сакавіка сапраўды было страшнейшым за 2010 год. Мы знянацку перажылі самую вялікую драму за ўсю найноўшую гісторыю.
У 2010-м на плошчы былі абураныя выбарамі, людзі, якія хацелі лепей жыць, хацелі абіраць уладу. Цяпер не было ні выбараў, ні Ярмошынай, ні тэзаў пра свабоду і дэмакратыю. Цяпер білі тых, хто ў роспачы. Размова ўжо не пра лепшае жыццё, не пра свабоды, а пра жыццё як такое. Бо грошай няма, працы няма, а падатак плаціць трэба. Да таго ж людзей зганьбілі слоўцам «дармаеды».
І сапраўды, гэта ўжо больш не пра маленькую палітызаваную праслойку — вайна пайшла з усім народам, ці, прынамсі, народ успрымае гэтую вайну як «сваю». І гэта навіна, такога не было раней. Я на свае вушы чуў развагі дзвюх цётачак ля зімніка на пл. Каліноўскага ў 2006-м — яны горача распавядалі адна адной, што ў намётах — «змагары», «фашыкі», «экстрэмісты», а таксама «падманутая моладзь». Цяпер падобныя эмоцыі ўся краіна выпраменьвае зусім у іншы бок.
Вы памятаеце агульны настрой 20-га снежня? Вы памятаеце, што мы пісалі адно аднаму ў сеціве? Гэта быў чорны час смутку і расчаравання: зіма тады прыйшла на 5 гадоў (а падавалася, назаўсёды!). І вось што мяне здзіўляе ў панядзелак пасля пагрому 25-га — дык гэта тое, што ніякай дэпрэсіі няма.
Святкаванне сарвалі, пратэсты тых, каму няма чаго есці, разагналі. Чаму ж няма адчування паразы? Мабыць, праз усведамленне таго, што гэта не канец, а толькі пачатак.
Глядзіце: ці вырашаныя праблемы, якія выгналі людзей на вуліцы?
Ці адменены дэкрэт? Не! Ці зрабілася ў Беларусі больш працы? Не! Ці з’явіліся на кірмашах вакансій заяўкі з хаця б за $300 у месяц, разлічаныя на ўсіх? Не (калі такія ёсць — дашліце іх, калі ласка, у каменты да гэтага паста). Ці зменшылі пенсійны ўзрост? Не! Ці вярнулі ільготы пенсіянерам і студэнтам? Не! Дык пры чым тут няісны «Белы легіён» і «экстрэмісты», адзінай сапраўднай зброяй якіх былі беларускамоўныя кнігі?
Узаемаадносіны «лідараў» і «пратэстантаў» змяніліся. Некалі Мікалай Статкевіч да хрыпаты клікаў людзей на вуліцы, а прыходзіў толькі актыў партый. Цяпер людзі валяць на плошчу самі і ўжо потым глядзяць, хто наўкол з лідараў.
Праблемы не вырашаныя, бо ў краіне няма грошай. Калі б былі колішнія аб’ёмы нафты і танны газ, дармаедскі дэкрэт не спатрэбіўся б, пенсіянеры былі б сытыя, а найбольшай праблемай (што хвалявала б 3 адсоткі грамадзян) заставаліся б свабода слова, Ярмошына і выбары. Грошай няма, пачынаюцца беспарадкі. З пратэстоўцамі паводзяць сябе так, як паводзілі ў «тлустыя» гады, думаючы, што бэсцяць «апазіцыю».
Але тут, акрамя вышэйзгаданага значнага пашырэння кола пацярпелых да агульнанацыянальных памераў, ёсць яшчэ адна неспадзяванка. Бо ў 2006-м можна было пабегчы да Расіі — яна тады была заможная і ветлівая. І нават у 2010-м, ужо пры іншых настроях у Крамлі, звярнуць заходні вектар у славу ўсходняга атрымалася.
Цяперашні момант у адносінай з Масквой вельмі добра характарызуецца сутаргаватымі спробамі перастрэцца з Пуціным у Сочы, доўгім чаканнем, якое скончылася бясплённа. У тым кірунку няма не тое што паразумення — страчаныя нават былыя (хуткія) каналы сувязі. А таму працягваць бамбіць вось гэтую пургу пра «лагеры баевікоў» у Літве, Польшчы ўжо не выпадае — трэба тэрмінова адкручваць назад.
Вы ж разумееце, што тэрмінова вызвалены Мікола Статкевіч і раптоўна адкрыты доступ публіцы і журналістам у шпіталь да Уладзіміра Някляева — гэта толькі пачатак. Не можа быць аніякай справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, бо:
1) гэта даслоўны паўтор 2010-га, які вымагае такой жа рэакцыі ЕС, а яшчэ аднаго пакета санкцый беларуская знешняя палітыка проста не перажыве;
2) няма не толькі доказаў віны і складу злачынства (аўтамат для пейнтбола, муляжы гранат, у якіх зберагаліся алоўкі, а таксама афіцыйна зарэгістраваная паляўнічая зброя — не злачынства);
3) няма бітага шкла і спробы ўзяць Дом урада штурмам — такім чынам, «экстрэмісты-2017» выглядаюць яшчэ больш карыкатурна, чым «экстрэмісты-2010».
А таму я нават не ўпэўнены, што ўсе, каму цяпер даюць суткі, даседзяць тэрмін пакарання да канца.
Але ёсць адна акалічнасць, якая ўсё ж пакідае прастору для кафкіянскага абсурднага працэсу, спынення адносін з ЕС і, як выніе, вымушанага танца на каленах перад Масквой. Я кажу пра узрост. Фізічны ўзрост.
Рэч у тым, што канчатковыя рашэнні зараз прымаюцца асобамі пасля 60-ці. Я вельмі хацеў бы верыць у версію пра тое, што 25-га сакавіка рэжысаваў нібыта Віктар Лукашэнка (версія Аляксандра Фядуты выкладзеная тут). Але ў мяне ёсць усе падставы меркаваць, што хапун быў прапанаваны зусім іншым спецыялістам па бяспецы. Які, дарэчы, Аляксандру Фядуту добра вядомы.
У фільме «Маладосць» Паола Сарэнціна ёсць вельмі глыбокія словы пра сталенне. Адзін з герояў кажа, што калі ты малады, ты ўвесь час глядзіш наперад, у будучыню. Калі ты стары — засяляеш мінуўшчыну, бо табе асабіста той будучыні Бог пакінуў зусім няшмат. Гэта Маркесава «Восень патрыярха», у якой стомлены герой вошкаецца ў сённяшнім, помсціць сваім колішнім ворагам і спрабуе вырашаць надзённыя задачы без думак пра тое, што будзе праз 5 гадоў. Няісны «Белы легіён», «экстрэмісты», «кактэйлі Молатава», затрыманні па спісах дзесяцігадовай даўніны (некаторыя фігуранты тых праскрыпцый на 25-га планавалі з’ехаць у адпачынак) — усё гэта ўзялося з оптыкі, павернутай назад. У мінулае, а не ў будучыню.
Старыя наогул былі галоўнымі героямі 25-га: вы бачылі, колькі сівых зняможаных пенсіянераў было затрымана. І як яны сябе паводзілі пры затрыманнях. Генерацыя, якая некалі была апірышчам савецкага рэваншу, раптам пайшла на вуліцы, каб выбачыцца перад маладымі. І паспрабаваць забяспечыць ім (нават не дзецям ужо — унукам!) нармальную будучыню. І відушчасць гэтай генерацыі яшчэ праявіць сябе.
Пачуцця расчаравання няма. Нават калі яны саб’юць гэтую хвалю пратэстаў крымінальнымі справамі і ўсеагульным хапуном — далей будуць іншыя хвалі. Бо тады, калі трэба было мадэрнізаваць прамысловасць, вярхі будавалі лядовыя палацы, калі трэба было развіваць прыватную ініцыятыву — прасавалі прадпрымальнікаў. Як вынік — мы маем у сярэднім дзве дрэнныя эканамічныя навіны ў дзень, паліва і камуналка даражэюць і будуць даражэць, а ісці рабіць хутка можна будзе толькі на лесапавал, за міску супу.
Што будзе далей? Далей слова скажуць маладыя. Хутка з вязніцаў выпусцяць астатніх. Зміцер Дашкевіч выйдзе ў анлайн, запарыць сабе гарбаткі (спадзяюся, кот Леапольд мільгане ў кадры) і распавядзе пра планы на вясну. І стрым зноўку праглядзяць дзесяць тысяч чалавек. І, спадзяюся, краіна павернецца ад мінулага, ад ягоных страхаў і параноі, да будучыні.
Так што пачуцця расчаравання няма. З днём волі вас, даражэнькія!
budzma.by