Ян Грыб: «Мяне не запалохаць, хіба што забіць»
Ян Грыб, 80-гадовы беларускі паэт разам з дачкой пайшоў на акцыю 25 сакавіка ў Менску. А замест шэсця і свята пабачыў жорсткі разгон мірных грамадзянаў.

Не вытрываўшы відовішча беспадстаўнага гвалту над
беларусамі, Ян Грыб звярнуўся да афіцэра, што стаяў побач. У адказ апынуўся ў
аўтазаку побач з іншымі затрыманымі. Калі іх пачалі пераводзіць з аўтазака,
паэт скарыстаўся момантам замяшання і шчасліва ўцёк.
Ян Грыб распавядае belsat.eu пра момант свайго затрымання
«Знайшоўся малады жвавы хлопец, які рвануў у адкрытыя дзверы, уключыў усю сваю хуткасць і за ім кінуліся амапаўцы наўздагон. І між амапаўцаў утварылася такая дзірка вялікая і мітусня. А я ж паляўнічы, я хітры. Я ў гэтую дзірку ціхенька праціснуўся… адышоўся трохі і думаю, каб за мною не пагналіся, я буду моцна кульгаць. І стаў моцна-моцна кульгаць, а сам аглядаюся — не, не пабеглі», — распавядае Ян Грыб.
Дачку паэта мінула забава пакатацца ў аўтазаку.

Дзеці паэта з маленства ходзяць разам з ім на вулічныя акцыі і носяць бел-чырвона-белыя сцягі. Аднойчы дзяўчынкі нават выратавалі яго ад гвалту. На адной з акцыяў у 90-я гады міліцыянт збіраўся ўдарыць паэта дубінкай па галаве.
Ян Грыб пра свой вопыт удзелу ў вулічных акцыях
«У маёй Танюшкі была сетка з малаком, і яна гэтай сеткай міліцыянта па шлеме агрэла і кажа: “Гэта мой татка! Што ты робіш! І ён сцяўся, бо гэта ж дзеці, а ён мусіць усё ж чалавек, нягледзячы на шлем і нашыўкі».
Не палохаюць паэта ні міліцыянты ў масках і са шчытамі, ні перспектыва быць закінутым у аўтазак. Нягледзячы на ўзрост і на перанесены інфаркт, ён абяцае зноў выходзіць на акцыі.
«Я хоць паўмёртвы, але пайду. Мяне не запалохаць, хіба што забіць. Я пайду на любыя нашыя акцыі, і дачушкам скажу, каб хадзілі».
Ян Грыб нарадзіўся ў 1936 годзе, друкаваўся ў перыёдыцы, выдаў зборнік вершаў «На сваёй зямлі». Паляўнічы, паэт і адраджэнец, ён таксама ладзіць фэсты беларускай культуры.