Віктар Марціновіч: Беларусь атрымалася
Газета Глускага райвыканкама «Радзіма» заўсёды была для мяне рупарам часу. Некалі яна паведамляла пра жыццё аднайменнага калгасу, пра надоі, палеткі і трактары.
Ішоў час, Алексіевіч выдала «Цынкавых хлопчыкаў», у Вільні адрадзілі «Нашу Ніву», у Мінску знайшлі Курапаты, Адамовіч напісаў пра беларускую Вандэю, а газета «Радзіма» працягвала паведамляць пра надоі, палеткі і трактары. Газета «Радзіма» сталася для мяне пульсам Беларусі, тым, што кажа Беларусь у сваім глыбокім сне.
«Краiна Беларусь жыве без нас. Без нас будуюцца дамы, дарогі і масты», — напісаў некалі Валянцін Акудовіч, і нас усіх, з нашымі надзеямі, катастрофамі і маленькімі перамогамі, сапраўды не было — прынамсі, на старонках газеты «Радзіма» Глускага райвыканкама. Сюды трапляла толькі галоўнае і сапраўднае: падрыхтоўка тэхнікі да ўборачнай, жніво, канцэрт гурта «Рукі ўверх» у Баранавічах.
Калі ў мінулыя выходныя я адкрыў газету «Радзіма», я раптам зразумеў: нешта змянілася. Назва артыкула была сціплай і плоскай, як неба Глушчыны: «Ён пісаў тое, што бачыў». Пад артыкулам змешчанае невялічкае фота. Артыкул — пра Васіля Быкава…
«Простыя рэчы» — паведамляе нам бігборд на трасе, што вядзе з Мінска ў Заслаўе. На бігбордзе выяўленыя лодка і возера. Ён рэкламуе агратурызм. Бігборд прысутнічае ў некалькіх варыяцыях, кожны з якіх мае гэтае культавае словазлучэнне: «Простыя рэчы». Крышачку раней песня «Простыя рэчы» штовечар гучала на цэнтральным тэлеканале, у роліку velcom. І вось мне цікава: што адчуў Міхал Анепандыстаў? Ці зварухнулася сэрца? Ці прыемна было забароненаму музыку Лявону Вольскаму, калі раптам па ЦТ пусцілі песню, за якую яго памятаюць і любяць?
Удакладню: гэта ўсё не «партызаншчына». Я цалкам выключаю, што газета «Радзіма» публікавала пра Быкава ў абыход выканкама ці velcom рабіў той ролік у спадзяванні, што «пільныя асобы» не зразумеюць, а ўсе астатнія пасміхнуцца вынаходніцтву дасціпных хітраванаў-рэкламістаў, якія такім чынам перадалі прывітос усім нармальным людзям краіны. Не, гэта прыкметы часу, зрухі з самай глыбіні (Глуск!)
Над Мінскам лунаюць расцяжкі з Мірскім замкам. Углядаюся ў слоган: «Гісторыя — тое, што нас аб’ядноўвае». Гісторыю ілюструе не Вялікая Айчынная, а Мірскі замак. У Віцебску тым часам пад выццё па-славянафільску настроеных грамадзян ставяць помнік Альгерду. У Магілёве «за неадпаведнасць рэаліям» змяняюць назву Савецкай плошчы, прычым сваё рашэнне старшыня гарвыканкама абвяшчае па-беларуску.
Выява «Закаханых у небе» Марка Шагала рушыць у святочнай калоне Віцебскай вобласці на парадзе, прысвечаным Дню незалежнасці. Шагал робіцца адным з сімвалаў дзяржавы, недзе паміж гербам і сцягам. У самім Віцебску з Шагала зроблены культ, кшталту таго, што ў Барысаве зладжаны вакол футбольнага клуба «БАТЭ» (там ёсць нават кавярня «БАТЭ», сам бачыў!). Шагал у Віцебску цяпер нават на аўтазапраўках.
І вось ці маглі мы гэта ўсё дапусціць 10–15 гадоў назад? Ці маглі мы марыць, што паўсюль у сталіцы будуць стаяць сіці-лайты з надпісамі «Каханне» — маё першае слова па-беларуску»? Што моўныя курсы будуць збіраць сотні людзей?
Памятаю, 12 гадоў таму, у 2002 годзе, дзяржаўная «Народная газета» надрукавала артыкул Эдуарда Скобелева«Усяму даваць адзнаку кожны мае права», у якім сцвярджалася, што Шагал «скрадаў» народную маёмасць, дапамагаў пазбегнуць службы ў войску сотням адзінаверцаў, з якіх за свае «даведкі» да таго ж патрабаваў «камісійныя». Тады здавалася, што ўсё жывое: гісторыя, архітэктура, жывапіс, літаратура — забароненае ў Беларусі назаўсёды. Што над краінай увесь час будуць панаваць нейкія іншыя сілы і тэндэнцыю гэтую не пераадолець.
Цяпер на адкрыцці дома-музея Васіля Быкава выступае сенатар Мікалай Чаргінец, які перадае ў дар, для калекцыі, архіў свайго ліставання з класікам.
Чамусьці мне здаецца, што калі б па Мінску ліпеня 2014 года прайшоўся нацыяналіст-рамантык з сярэдзіны 90-х, калі б ён завітаў на моўныя курсы, падзівіўся на рэкламу, пачытаў навіны і пабачыў выставы ў музеях (ну, напрыклад, пра сто гадоў беларускага авангарду), ён бы проста не паверыў сваім вачам. У палове рэстаранаў меню па-беларуску. Што праўда, калі спытаць у дзяўчыны-афіцыянткі нешта пра склад страваў, яна хутчэй за ўсё пачырванее і пачне лепятаць, што яна «на мове не очэнь можа». Але тым не меней, тым не меней.
Самае цікавае: перамога прыйшла без пачуцця перамогі. Нацыянальна арыентаваныя сілы не атрымлівалі доступу да ўлады. Проста ўлада праз збег абставін, далёкіх ад пытанняў адраджэння, павольна зрабілася нацыянальна арыентаванай сілай. Так, ёсць і прыкрае: дэвелаперы фактычна разнеслі цэнтр Мінска, цяпер ужо і ўздоўж Свіслачы на Нямізе гуляць непрыемна, так, вуліцы Караткевіча дагэтуль няма, а ў рэгіёнах ідзе такая «рэстаўрацыя» помнікаў, за якую варта было б паадрываць галовы. Але давайце сканцэнтруемся на добрым. На Альгерду ў Віцебску, на мове ў Мінску, на Быкаву, на Шагалу нарэшце.
Здаецца, нядаўні выступ адной знанай асобы па-беларуску быў сігналам да паскарэння працэсаў, пра якія я пішу. Той заснаваны на савецкай ідэнтычнасці (Вялікая Айчынная, братэрства народаў і г.д.) праект, які будаваўся ў Беларусі ў мінулыя гады, пацярпеў паразу ва ўкраінскім Крыме. Не выключаю, што хутка яны паставяць помнікі Радзівілам і Сапегам, а бітву пад Оршай пачнуць святкаваць на ўзроўні гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сенатары пачнуць выдаваць раманы на беларускай мове, а «эстрада», якая цяпер выдае свае «упца-упцы» на фені Мішы Шуфуцінскага, пачне засвойваць фрыкатыўнае «г» непасрэдна на сцэне.
Прыгажосць існага моманту — у тым, што цяпер усё па-сапраўднаму.
Людзі пішуць вершы па-беларуску не таму, што ім загадалі ў райвыканкаме, а таму, што так ім пішацца. Людзі ходзяць на моўныя курсы не праз размеркаванне з дэканатаў, а з цікавасці да роднай мовы. Усе гэтыя дзеянні ў выніку прыводзяць да мяккага адраджэння. Адраджэння не праз выбух свядомасці, а праз павольнае змяненне складу думак у галовах тых, хто думае, што яны — «супраць нацыяналізму».
Шмат гадоў мы прывучалі сабе да думкі, што мы пацярпелі паразу. Але параза людзей не заўсёды азначае паразу ідэі, якую яны ўвасабляюць. Бо сапраўднае не забіць.
Віктар Марціновіч, budzma.by