Як марак прыплыў да беларускай мовы
"У недалёкім мінулым я — афіцэр Ваенна-марскога флоту СССР, мне давялося служыць у розных частках, у тым ліку на палігоне ядзерных выпрабаванняў на востраве Новая Зямля, што ў Паўночным Ледавітым акіяне", — напісаў наш чытач. Прапануем ліст з рэдакцыйнай пошты пра шлях звычайнага еларуса да беларусшчыны.
Калі бываеш далёка і падоўгу ад роднага дома, дзесьці ў марах-акіянах, то роднае становіцца вельмі дарагім. І так хочацца раптам стаць чараўніком і хоць бы на пару імгненняў апынуцца на роднай зямлі, убачыць родную хату, сад, маму, пачуць яе голас… А потым ужо зноў можна вярнуцца назад, да свайго мора, на свой карабель.
Падчас урагану на моры разумееш, што Бог ёсць, і ў нейкі момант звяртаеш свой позірк да неба, просіш аб сустрэчы з роднымі хоць бы на адну хвілінку, а потым няхай збудзецца воля лёсу.
Аднойчы з Новай Зямлі мяне адправілі ў камандзіроўку ў Маскву. Тэрмін знаходжання ў Маскве — адзін, толькі адзін дзень. Ад Масквы да роднай хаты ў Беларусі больш за тысячу кіламетраў. Беларускі вакзал, вагон хуткага цягніка на Мінск. На наступны дзень я быў у роднай хаце. Мне ўдалося пабыць у ёй 4, толькі 4 гадзіны. Мае камандзіровачныя дакументы былі ў Мінску несапраўдныя, гэта значыць, што квіток на самалёт, Мінск — Архангельск я купляў за свой кошт. Але ў гэтым выпадку гэта не мела значэння. Душэўны стан, радасць сустрэчы вымераць грашыма было немагчыма. У аэрапорце Архангельска мой багаж, што называецца «пашманалі», але па-боску, рэчы ўсё засталіся на месцы, узялі гарэлку, але толькі палову. На службу я вярнуўся своечасова.
За гады службы перада мною прайшло шмат хлопцаў у матроскай форме — расіян, украінцаў, армян, азербайджанцаў… Узгадваю матросаў з Башкірыі, з Удмуртыі, з Марыйскай Рэспублікі (цяпер Рэспубліка Мары-Эл) і шмат іншых.
У маёй памяці яны пакінулі светлы след. Але больш за ўсё запала ў душу, што ўсе яны між сабой размаўлялі на сваёй роднай мове, і толькі мы — беларусы, размаўлялі не на сваёй.
Да нас, беларусаў, усе ставіліся з павагай і часта пыталіся, як па-беларуску называецца той ці іншы прадмет, прасілі прамовіць што-небудзь па-беларуску. І ніхто ніколі з нас не сказаў, што не ведае мовы, — саромеўся, бо засмяюць, ніхто не сказаў, што яна нам непатрэбная. У далёкіх краях неяк больш абвострана ўспрымалася прыгажосць роднага слова — яго непаўторнасці, такой меладычнасці, якія больш не адчуеш нідзе.
Там я зразумеў як ніколі: словам мы малюем навакольны свет, раскрываем душу. Добрыя сэрцы напоўнены прыгожымі словамі, грубыя — адлюстроўваюць навакольны свет мацюкамі. Можа змяняцца надвор'е, можа мяняцца настрой, родныя ж словы — гэта як зямля, як неба, як позірк, як твар — альбо наша, альбо чужое.
І мяне мучылі пытанні. У нас, беларусаў, няма сваёй мовы? Альбо мы яе ня ведаем? Ці мы забыліся яе? А калі так, то хто мы? А зямля, на якой жывуць нашы родныя, чыя яна?
За гады службы мне давялося пабываць у розных краях: і ў Расіі (Урал, Масква, Ленінград, Архангельск, востраў Новая Зямля, Арол, Растоў-на-Доне) і ў Еўропе, на Украіне, у Прыбалтыцы, на Каўказе. У маёй запісной кніжцы шмат адрасоў маіх добрых знаёмых — з Індыі, В'етнама, Бангладэш, Турцыі, Германіі, Польшчы, Грэцыі, Італіі, Ізраіля, Іспаніі, Алжыру, Албаніі, Балгарыі, Кубы, Бразіліі, ЗША, Эфіопіі, Нігерыі, Сербіі, Македоніі.
Мне заўсёды было вельмі цікава, пра што мараць, пра што думаюць мае знаёмыя з іншых краін? Аказваецца, пра тое ж, пра што і мы: успамінаюць сваіх родных і блізкіх, радуюцца іх поспехам, зычаць ім шчасця і здароўя, усхваляюць прыгажосць роднага краю, спяваюць родныя песні…
Маюць вялікае пачуццё гонару за сваю краіну. Ганарацца сваёй культурай, сваёй мовай, многія з іх ведаюць замежныя мовы, але пры сустрэчы з землякамі карыстаюцца родным словам. Калі яны распавядалі аб сваёй радзіме, іх вочы свяціліся радасцю з кожнай нагоды.
Напрыклад, пакістанец распавядаў мне, што іх алфавіт утрымлівае 52 літары і што іх гаворка вельмі багатая. Латыш тлумачыў, што словы, якія мы называем нецэнзурнымі, у іх мове таксама ёсць, але яны імі ніколі не карыстаюцца ў якасці абразы. Македонец мне пераканаўча тлумачыў, што нашы мовы маюць адну аснову, і ён добра разумеў маю беларускую гаворку.
І вось тэрмін службы скончыўся, я выйшаў на пенсію і вярнуўся ў родны Магілёў, у той горад, з якога калісьці бязвусым юнаком сыходзіў служыць на ваенны флот.
Магілёў — горад як горад, і людзі як людзі, але нешта тут не так.
Калі ідзеш па горадзе, першае, што асабліва кідаецца ў вочы, гэта вялікая колькасць рэкламных шчытоў, і на ўсіх іх рэкламныя надпісы, чамусьці на мове суседзяў. Неяк у мяне самі расейцы спыталіся: «Гэта даніна павагі добрым суседзям, ці пакланенне перад больш разумнымі, а можа гэта адлюстраванне факту залежнасці?»
Ідзеш па Магілёве, па вуліцы Ленінскай, паварочваеш на Катоўскага, а там вуліца Фрунзе, Чапаева, Крыленкі, Гагарына, Астроўскага, Грышына, Крупскай… І думаеш, а як прайсці на вуліцу Купалы, Коласа, а ці ёсць у Магілёве вуліца Міцкевіча, Багдановіча?
Калі ведаеш, што бібліятэкі ў Магілёве носяць імёны Маркса, Пушкіна, Леніна, калі зусім нядаўна ў Быхаве праходзіла свята «Дзень беларускага пісьменства», а на ім выступалі старшыня Магілёўскага аблвыканкаму П. Руднік і міністр культуры Беларусі Б. Святлоў па-руску, то становіцца дабра зразумелымі глыбіні духоўнай пустэчы, да самага ўскрайку якой мы наблізіліся.
Калі мы бачым мора, горы, джунглі — яны нас могуць здзіўляць, зацікавіць. Калі мы пасля доўгага адсутнасці вяртаемся на родную зямлю, яна нас радуе, напаўняе станоўчай энергіяй. Роднае — гэта слова, якое складаецца з адчуванняў, самых лепшых, далікатных, дарагіх. І першае, што робім мы міжвольна, незаўважна нават для сябе, глыбока ўдыхаем паветра... Такія адчуванні больш не паўстануць ніколі і нідзе, толькі ў родным краі. І сонца, і месяц, і зоркі свецяць з неба ўсім людзям, але дома іх святло пранікае глыбей у душу.
Каб нас паважалі там, за мяжой, мы павінны клапаціцца пра свой край, берагчы яго. Калі мы не навучым нашай мове нашых дзяцей, то што берагчы запавядаем мы ім?
Ці ўспомняць нас нашы нашчадкі праз 30–50 гадоў? Абавязкова, але роўна настолькі, наколькі мы пакінулі ім у спадчыну дабрыні, цяпла, любові да роднага слова, роднага краю.
Калі бывае холадна — мы апранаемся цёпла, калі бывае сумна — мы шукаем роднасную душу, калі надыходзіць туга — мы ўспамінаем родны дом, цягнемся да яго ў думках і пачуццях. І вяртаемся.
Вяртанне ў родную хату — гэта парыў душы.