Вядомага экскурсавода звольнілі з музея за верш пра Лукашэнку
Сёння стала вядома, што з Нацыянальнага Мастацкага музея звольнілі яго лепшага экскурсавода — Мікіту Моніча.
Напярэдадні Мікіта напісаў верш, прысьвечаны Аляксандру Лукашэнку.
Беларусы актыўна пішуць словы падтрымкі Мікіту на яго старонцы ў Facebook і шкадуюць аб тым, што музей страціў такога таленавітага работніка.
Сам Мікіта пракаментаваў сітуацыю ў сваім відэа, апублікаваным у Facebook:
— Па-першае, я хацеў бы сказаць дзякуй неверагоднага водгуку. Гэта дзівосна. 17 чэрвеня я апублікаваў вершык. Ён быў апазіцыйна накіраваны, на мой погляд, досыць акуратны і выказваў маё асабістае меркаванне, агучанае на маёй асабістай старонцы ў Facebook. Вершык выклікаў вялікі рэзананс, мноства каментароў, лайкаў, цёплых слоў. І за гэта таксама вялікі дзякуй. Але ён выклікаў і іншую рэакцыю. У той жа вечар патэлефанавалі з адміністрацыі Нацыянальнага музея і сказалі, што вось такі інцыдэнт адбыўся, трэба з гэтым нешта рабіць. На наступны дзень мы сустрэліся з дырэктарам музея. І да гонару яго трэба сказаць, ён не хацеў мяне звальняць. Гаворка ішла пра тое, каб я прыбраў верш і не падводзіў музей у гэты цяжкі перадвыбарчы час.
Мая сустрэчная прапанова яму была: давайце я вершык не буду прыбіраць, а вы мяне звольніце па пагадненні бакоў, як гэта і адбылося. Так музей будзе выведзены з-пад удару, а я змагу ў далейшым выконваць свае функцыі — вадзіць дзіцячыя экскурсіі. Бо нашы палітычныя погляды не могуць перашкодзіць таму, каб дзяцей, нашу будучыню, грамадзян, беларусаў і іх бацькоў далучаць да пышнага мастацтва і багатай калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея. І мы дамовіліся аб гэтым. Я паабяцаў не публікаваць інфармацыю аб сваім звальненні, не рабіць з гэтага падзеі. І ціхенька жыў далей, працягнуў чытаць лекцыі ў зуме, вадзіць экскурсіі па Мінску. Але ўчора гэта стала публічна вядома, і панеслася.
Што можна сказаць. Ніхто не павінен быць звольнены з працоўнага месца з-за сваіх палітычных поглядаў. Гэта дрэнна, гэта барбарства. Я зрабіў так, як лічыў правільным. І калі апублікаваў верш, і калі прапанаваў музею, які з'яўляецца такім жа закладнікам нашай палітычнай сітуацыі, звольніць мяне. І зараз я шчыра спадзяюся, што ў будучыні я змагу рабіць самую галоўную справу свайго жыцця — вадзіць дзетак, распавядаць ім пра мастацтва і бачыць, як паступова ў іх вачах запальваецца агонь адкрыццяў, захопленасці творамі мастацтва. І я шчыра буду шчаслівы, калі змагу гэта рабіць на базе найлепшай мастацкай калекцыі ў гэтай краіне. Гэтая калекцыя — здабытак народа Беларусі, не ўласнасць дзяржавы. І калі фізічна я не змагу гэта рабіць, я прыдумаю іншы фармат. Тут была б дарэчная цытата пра «не разбiць, не спынiць, не стрымаць». Мастацтва — гэта галоўнае.
У сувязі з гэтым, каб два разы не ўставаць. Па-першае, да 2 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць выстава «Чырвоны колер нацыi», і гэта ачмурэнная выстава. Я вельмі раю вам схадзіць туды. Па-другое, 15. ліпеня будзе лекцыя «Навошта спажываць мастацтва», яна будзе зробленая разам з тэатрам СХТ. Гэта будзе эксперымент тэатральнай майстэрні — фрагменты лекцый будуць перамяжоўвацца тэатральнай чыткай.
Яшчэ раз дзякуй за падтрымку. Любіце музей, любіце мастацтва, спажывайце яго. І будзьце тымі цудоўнымі людзьмі, якімі вы з'яўляецеся. Усё атрымаецца.