ВКЛ — наша агульная спадчына

У гэтыя снежаньскія дні на базе Універсітэта Вітаўта Вялікага ў Коўна праходзіў міжнародны навукова-практычны семінар, прысвечаны даследаванню аспектаў гісторыі, паліталогіі, культуры народаў, якія засялялі некалі магутную дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае.



vystupaje_tomas_kavaliauskas.jpg

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі: Калегіюм Усходняй Еўропы (Вроцлаў, Польшча), Універсітэт Вітаўта Вялікага (Коўна, Літва) і Інстытут Вялікага Княства Літоўскага (Коўна, Літва).
Асноўнай мэтай мерапрыемства з’яўляецца пашырэнне фармату дыскусіі па пытаннях гісторыі і сучаснасці дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Да ўдзелу ў семінары запрашаліся студэнты з Польшчы і Літвы, а таксама маладыя навукоўцы і выкладчыкі з розных еўрапейскіх краін. Не гледзячы на тое, што першапачаткова было заяўлена, што асноўнай тэматыкай будзе гісторыя польска-літоўскіх гістарычных сувязяў, у ходзе работы навуковага форуму беларуская праблематыка займала ключавое месца.
І тут няма нічога дзіўнага: беларускія землі былі своеасаблівым сэрцам некалі магутнай еўрапейскай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага, ды і сённяшнія еўрапейскія праблемы немагчыма разглядаць і аналізаваць без уліку беларускага фактару.
Своеасаблівым лейтматывам семінара быў дэвіз “маладыя для маладых, так як большасць запрошаных для чытання лекцый навукоўцаў былі ва ўзросце трошкі за трыццаць. Важнай складаючай семінара быў яго міжнародны характар. Рабочай мовай форуму была абрана англійская, якая для большасці літоўскіх і польскіх студэнтаў з’яўляецца, практычны роднай.
Дарэчы, (і гэта адразу кідаецца ў вочы) большасць літоўскіх і польскіх выкладчыкаў у дасканаласці валодае мовай Шэкспіра, чаго, на жаль, не скажаш пра выкладчыкаў, якія працуюць у сучаснай беларускай вышэйшай школе. Толькі маладая генерацыя айчыннага выкладчыцкага складу імкнецца да таго, каб асвоіць адну або некалькі замежных моў, каб надаць сваёй навуковай і выкладчыцкай працы міжнародны статус і не бегаць ад замежнага студэнта, калі той не гаворыць па-руску.
На семінары былі агучаны розныя лекцыі. Цікавы і змястоўны даклад пра гісторыю Віленскай Вострабрамскай іконы Божай маці прадставіў італьянскі даследчык Андрэа Грыфанці. Па меркаванню даследчыка — гэты вобраз з’яўляецца сімвалам, які аб’ядноўвае народы, якія засялялі некалі магутнае Вялікае Княства Літоўскае. Грунтоўны даклад, прысвечаны аналізу праблемы літоўскай нацыянальнай ідэнтычнасці ў ХХ–ХХІ стст. прадставіў літоўскі навуковец Томас Каваляўскас. Дарэчы, падчас выступу літоўскі навуковец прыводзіў факты не толькі з гісторыі сваёй краіны, але і гісторыі сумежных дзяржаў, перш за ўсё, Беларусі і Польшчы.
І гэта не дзіўна, бо працэсы стварэння беларускай, літоўскай і польскай нацый шмат у чым падобныя. Мабыць, ключавым адрозненнем паміж намі з’яўляецца тое, што ў пачатку ХХ стагоддзя суседзі змаглі стварыць свае незалежныя дзяржавы, а беларусы не.
Беларускі палітолаг Андрэй Казакевіч прадставіў аналіз таго, якое месца Літва і Польшча займаюць у сучаснай беларускай палітыцы, а польскі гісторык Томаш Блашчак прааналізаваў гісторыю станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў ХХ стагоддзі.
Важнае месца ў рабоце семінара займалі агульныя для беларусаў, літоўцаў і палякаў гістарычныя сюжэты. Адным з такіх з’яўляецца кровапралітная і жорсткая Вайна 1812 года. І калі ў Беларусі і Расіі аб гэтай падзеі ў кантэксце юбілейнага 2012 года ўспаміналі даволі часта і актыўна, то ў Польшчы і Літве гісторыя “Другой польскай вайны засталася, мякка кажучы, незаўважанай. У сваёй лекцыі я прадставіў і ахарактарызаваў гісторыю гэтага кровапралітнага ўзброенага канфлікту на землях былога ВКЛ.
На самай справе, гісторыя руска-французскай вайны 1812 года з’яўляецца дастаткова актуальнай і для Польшчы і Літвы, бо менавіта на землях некалі магутнай І Рэчы Паспалітай, у якую ўваходзілі і Польшча, і Беларусь, і Літва, разыгрываліся яе важнейшыя падзеі, а былыя грамадзяне Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага максімальна адчулі наступствы сутыкнення Рускай і Французскай імперый.
Асаблівая ўвага ў лекцыі была нададзена пытанню аб тым, ці насіла тая вайна “айчынны характар для ліцьвінаў — грамадзян ВКЛ, продкаў літоўцаў і беларусаў. На самай справе, навязваемы сёння расійскай дзяржаўнай прапагандай ў Беларусі тэрмін “айчынная цалкам не прымальны дзеля выкарыстання ў якасці характарыстыкі Вайны 1812 года на землях былога Вялікага Княства Літоўскага.
“Айчыннай тая вайна для грамадзян ВКЛ была ў тым, сэнсе, што яны, стварыўшы войска Вялікага Княства Літоўскага, змагаліся ў 1812 годзе за аднаўленне незалежнасці ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Так, за Смаленскам і для Расіі вайна стала “Айчыннай, там армія і сяляне абаранялі спрадвечна рускія землі і ваявалі з іншаземным захопнікам. Але гэта ўжо гісторыя Расіі, а не Беларусі.
Больш за тое, на тэрыторыі беларуска-літоўскага краю тая вайна мела ўсе характарыстыкі “грамадзянскай, калі набраныя па рэкруцкаму набору ў рускую армію былыя грамадзяне ВКЛ вымушаны былі змагацца супраць сваіх братоў, якія падтрымалі Напалеона.
За 17 гадоў, якія прайшлі з моманту трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай жыхары беларуска-літоўскага краю не паспелі стаць рускімі ні па духу, ні па светапогляду. Для іх была роднай ўніяцкая царква, яны памяталі пра Магдебускае права, дзякуючы якому іх гарады мелі самакіраванне і, нарэшце, для ліцьвінаў асноўным законам быў Статут ВКЛ 1588 года.
Расійская імперыя са сваім прыгонам, рэкруцкімі наборамі і іншымі атрыбутамі самадзяржаўя была чужой для большасці людзей, якія засялялі беларуска-літоўскі край. Аб тым, што мясцовыя жыхары ўспрымалі рускіх салдат на тэрыторыі ВКЛ як замежнікаў, пісалі і самі расійскія афіцэры. У сваю чаргу, з прыходам Напалеона, ліцьвіны звязвалі магчымасць адрадзіць сваю дзяржаўнасць.
Вайна 1812 года стала страшным выпрабаваннем для насельніцтва былога Вялікага Княства Літоўскага. Людзей рабавалі, забівалі, асуджалі на галодную смерць. Дзеля справядлівасці варта сказаць, што гэтым грашылі і “вызваліцелі з Усходу, і “вызваліцелі з Захаду. Наступствы вайны для рэгіёну былі жудаснымі: сотні тысяч забітых, памерлых ад хвароб і голаду, разрабаваныя гарады, мястэчкі і вёскі. Трагедыя, пра якую трэба памятаць і праз 200 гадоў.
Лекцыя пра падзеі 1812 года выклікала вялікую цікавасць з боку літоўскіх і польскіх студэнтаў. Пасля выступу, якое суправаджалася паказам вялікай колькасці графічных матэрыялаў была, ажыўленая дыскусія. Шмат польскіх і літоўскіх студэнтаў падышло да мяне і задавала пытанні па дадзенай тэматыке. Было бачна, што гісторыя 1812 года іх вельмі зацікавіла.
Старшыня праўлення Калегіюм Усходняй Еўропы імя Яна Новака Езяраньскага ва Ўроцлаве Ян Анджэй Дамброўскі ў размове са мной адзначыў, што безумоўна беларускі кантэкст з’яўляецца адным з найважнейшых пры разглядзе гісторыі мінулага і аналізе сучаснага стану краін Усходняй Еўропы. “У будучыні мы маем намер запрашаць на наш семінар і студэнтаў з Беларусі. Думаю, такое пашырэнне навуковага гарызонту пойдзе нам толькі на карысць“, — падкрэсліў спадар Дамброўскі.
З гэтым згодны і каардынатар семінара з літоўскага боку, доктар гісторыі Русціс Камунтавічус. “Некалі мы былі адным цэлым. Спадчына Вялікага Княства Літоўскага — наш агульны здабытак, таму ўдзел беларускіх навукоўцаў у працы цяперашняга семінара з’яўляецца вялікім для яго полюсам, — адзначыў літоўскі гісторык.
Такім чынам, польска-літоўскі навуковы семінар стаў цудоўнай пляцоўкай для абмеркавання розных аспектаў мінулага і сучаснасці ўсходнееўрапейскага рэгіёну.