«Выбачаць нельга, іх трэба судзіць»: Ганна Хітрык пра злачынцаў, ліст у турму КДБ і купалаўцаў

Былая акторка Купалаўскага тэатру, спявачка Ганна Хітрык, якая цяпер жыве ў Ізраілі, расказвае, як была напісаная песня «Письмо» аб пратэстах у Беларусі. Яна лічыць, што злачынствы нельга забываць і дараваць, параўноўвае праўладныя мітынгі з «мазнёй».

a2df9ae5_7a50_453c_b14c_ae3ce8a37f9d_cx0_cy0_cw98_w1023_r1_s.jpg


Ганна расказвае, як яна ў Ізраілі навучылася «не перапрашаць» за тое, што ў яе асаблівы сын, і як важна ўсім перастаць баяцца, хлусіць і саромецца.


«Першы куплет пра сябе, другі — пра краіну»

— «Дзеці сьмелыя, стужкі белыя, хочацца крычаць, цяжка дараваць». Гэта словы з вашай песьні «Письмо». Ганна, што падштурхнула напісаць гэтую песьню?

— Я цяпер гляджу ўсё, што адбываецца. Плачу. Заўсёды публікавала ў сваёй стужцы казкі, цяпер не магу. Спачатку не было ідэі пра песьню. Я села напісаць ліст блізкаму чалавеку, які цяпер у турме КДБ. Яе зьняволеньне не зьвязанае з масавымі пратэстамі, а хутчэй з тым, што адбываецца ў Беларусі доўгія гады. Яе пасадзілі бяз доказаў, яна сядзіць бяз тэрмінаў, без усяго... Я села пісаць ёй ліст, а напісала песьню. Пра сябе напісала першы куплет, а другі — пра краіну, пра людзей, якіх люблю.

— Я добра памятаю вас на сцэне Купалаўскага тэатру, творчая група якога цяпер цяпер пазбаўленая памяшканьня, афіцыйнай працы, але працягвае заставацца тэатральнай трупай і тварыць. Якая была і ёсьць ваша рэакцыя, водгук на тое, што адбываецца з вашым тэатрам?

— Калі мы выходзілі на мітынг у Ізраілі, на нашым транспаранце быў бел-чырвона-белы сьцяг і надпіс «Я/мы купалаўцы». Гэта кропля ў моры, але мне вельмі хацелася, каб яны пачулі. Я гэтым ганаруся і заўсёды ганарылася — і да таго, як усё пачалося. Я вельмі люблю гэтых людзей. Тое, што яны зрабілі... Інакш не магло быць. Як толькі ўсё пачалося, мы з мужам (Сяргей Рудзеня. — РС), таксама былым акторам Купалаўскага тэатру, сказалі — малайцы, мы б таксама так зрабілі. Гэта ня быў эмацыйны парыў, гэта была сапраўды грамадзянская пазыцыя. І па-іншаму быць ня можа. Так, людзі страцілі працу, будынак, але яны ня страцілі сваю прафэсію, сяброў, наадварот, яны набылі новых сяброў і гледачоў. І прэм’еру «Тутэйшых» усе глядзім — якая розьніца, у якіх сьценах. Гэта проста сьцены, і яны вернуцца. Людзі цяпер трацяць ня толькі працу, але і жыцьцё. Людзей забіваюць. Я не ўяўляю, як цяпер там ім усім. Я тут далёка і проста рыдаю ўвесь час.

e78abfaf_418a_4fc5_ad4e_cd5728da886f_w650_r0_s.jpg


«Усе цудоўна разумелі, што сутыкнуцца з агрэсіяй»

— Я шмат кантактую з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, якая надзвычайна актыўная апошнія паўгода. Многія гавораць пра дрэнны сон, перажываньні, адчуваньне неабходнасьці нешта зрабіць для радзімы. Часам адчай, часам сьлёзы радасьці. Як гэта праходзіць у вас?

— Я веру, што ўсё атрымаецца. Калі ня верыць, то нічога сэнсу ня мае. Усе цудоўна разумелі, што сутыкнуцца з агрэсіяй. Я пра гэта гавару, і сьлёзы зьяўляюцца. Гэта ня проста страшна. Ёсьць адчуваньне, што людзі перасталі быць людзьмі, што ёсьць нейкая чорная маса. У мяне нават не выклікаюць сьмеху кавалкі ідыёцкага інтэрвію нейкіх сёстраў... Неадукаваных, самазакаханых. Не разумею, як можна ня бачыць таго, што адбываецца. Толькі сьляпы ня можа пабачыць, дык хаця б адчуць.

Не хачу разьмяркоўваць людзей — управа, улева, добры, дрэнны, бо я сама з гэтым сутыкалася, калі маё дзіця аказалася не такім, калі яно стала няўгодным, непрыгожым, неразумным, а значыць не беларусікам. Кожная маці з асаблівымі дзецьмі дастаткова «купалася» у гэтым цкаваньні, маўклівым, з усьмешкай ці гучным. Цяпер з гэтым цкаваньнем сутыкаецца ўся Беларусь. Цяпер мы ўсе асаблівыя. Цяпер мы ўсё няўгодныя. Дзякуй Богу, маё дзіця жывое і здаровае. А ўвогуле ніколі не было так страшна. Калі мне здавалася, што я памру, мне не было так страшна.


«Я бачу запалоханых людзей, якія робяць глупства»

— Ганна, беларускі мірны пратэст часам называюць маральна-этычным. У яго ёсьць і свая эстэтыка. Маглі б вы параўнаць з гледзішча эстэтыкі, вобразнасьці мірныя пратэсты і тых, хто ходзіць на праўладныя мітынгі?

— Няма параўнаньня. Ёсьць карціна, а ёсьць мазьня. На любую мазьню той, хто намазаў, можа сказаць, што гэта карціна. Няма карціны, няма параўнаньня. Я бачу запалоханых людзей, якія робяць глупства. Нам усім страшна, але яны вырашылі выбраць такі шлях. Жывуць так, як вучылі нас доўгія гады на постсавецкай прасторы.

У маім дзяцінстве нас вучылі баяцца — баяцца сысьці з працы, баяцца разводзіцца. Жанчын білі, а ім казалі. «А дзе ты лепшага знойдзеш?» Вучылі хлусіць, не казаць пра дрэнныя адзнакі, бо баяліся. Вучылі саромецца сябе. Усе такімі вырасьлі. Нехта знаходзіць сілы сказаць: мне 40 гадоў, мне 30, мне 80, і мне надакучыла баяцца. І ўсе пачынаюць расплюшчваць вочы. А нехта працягвае баяцца.

5f1918a4_74ec_4542_8e44_70c84f151ffe_w650_r0_s.jpg


«Гэтых людзей трэба судзіць»

— «Не забудзем, не даруем», — часта гукаюць удзельнікі пратэстаў. Калі б тыя ж людзі ў чорным, фальсыфікатары выбараў, судзьдзі, турэмнікі публічна і з адкрытымі тварамі папрасілі прабачэньня, ці можна было б дараваць? Як вы думаеце?

— Вядома, абавязкова. Праз суд. Рознага ўзросту людзі памерлі, мы многага ня ведаем, зразумела. Маці і бацькі забітых... Калі б так адбылося, то ім трэба было б дараваць толькі ў галаве, каб адпусьціць. Як мы прыходзім у царкву і ўнутры нешта камусьці даруем. Гэтых людзей трэба судзіць. Скасаваць сьмяротную кару, забіваць нікога ня трэба. Хай яны доўгія гады жывуць здаровыя, але жывуць там, дзе павінны цяпер знаходзіцца. У турме. А дараваць толькі ў галаве, каб адпусьціла, бо немагчыма жыць з думкай «забілі». Я не ўяўляю, як гэтыя людзі жывуць, як яны баяцца. Гэта вялізарны ком, як падмяў усіх людзей. Як мне страшна і я зраблю «каку», дзьве «какі», а потым «какі» пераўтвараюцца ў гіганцкае зло. І выбачаць нельга.


«Нас адаграваюць тут»

— Вы эмігравалі ў Ізраіль з мэдычных, сямейных прычынаў. Як цяпер ваша здароўе, наколькі адаптаваўся сын?

— Я пакуль ня вывучыла мову, працую зь дзеткамі на расейскай мове. У нас зьявілася шмат сяброў. Нас адаграваюць тут. У Ізраілі ўсё па-іншаму. Ёсьць добрае і дрэннае, але добрага значна болей. Сьцёпка цяпер Стэфан. Ён зрабіў вялікі прарыў і сёлета пайшоў у звычайную школу, у звычайную клясу. Мы баяліся... Два гады ён вучыўся ў малой клясе, дзе было 8 вучняў, а цяпер у клясе 26 вучняў. На жаль, павучыўся паўтара тыдні і абвясьцілі карантын, але за гэты час у школе ён пасьпеў зьдзівіць настаўнікаў. Нам сказалі, што ўсё вельмі добра, мы вельмі радыя, Стэфан — круты хлопец.

Калі мы прыехалі, у мяне была звычка прасіць прабачэньня, якая мінае толькі цяпер. «Выбачайце, ён вас не зразумеў, не дачуў, ён так ня можа». Я ўвесь час перапрашала, насіла нейкія торбы ў дзіцячы садок. Мне было крыўдна, што гэтая праблема ёсьць паўсюль у сьвеце, а ў нас не. Мы, гэтыя мамы і таты, зрабілі сваю маленькую рэвалюцыю. Вы не ўяўляеце, як гэта балюча і страшна. Даходзілі да міністэрства адукацыі, сустракаліся зь дзядзечкамі і цётачкамі ў шэрых, маіх «любімых» нарадах... У іх была тэчка, і яна казалі: «Мы ўсё пра вас ведаем». Ты мусіла паўсюль пачувацца вінаватай. А тут, калі прыйшлі на першую камісію, нам сказалі: «Якое цудоўнае, салодкае дзіця, як вам пашанцавала, што ў вас ёсьць такі асаблівы сын». Дапамогу мы атрымалі калясальную. Калі я захварэла, мяне «разарвалі на часткі» сваёй дабрынёй. Я рыдала ня гэтулькі праз боль, колькі праз удзячнасьць. Я сама цяпер у рэмісіі, праходжу раз на паўгода абсьледаваньне. Прымаю шмат лекаў, калю ўкольчыкі.

77beff4d_9914_437a_80af_5684152469f4_w650_r0_s.jpg


«Мы жывем, працягваем крыху тварыць»

— Як рухаецца ваша творчая праца? Што з тэатральнымі групамі, якія вы ведзяце?

— Усё было добра, але нас ужо другі раз закрываюць на карантын. Мы ня ходзім далей, чым у краму. Усё спынена, сядзім у вельмі эканомным рэжыме. І молімся, каб гэта хутчэй палагодзілася. Седзячы на карантыне, я напісала сваю першую казку. Буду рабіць паводле яе навагоднюю праграму, далей напаўняю наш youtube-канал добрымі казкамі. Мы жывем, працягваем крыху тварыць.

— Што б вы цяпер сказалі купалаўцам у год стагодзьдзя легендарнага тэатру?

— Рэжысэр Купалаўскага, дырэктар Купалаўскага, усе артысты Купалаўскага — вельмі разумныя людзі. Калі я скажу, што ўсё часова, яны і самі гэта цудоўна ведаюць. Я хачу іх павіншаваць з тым, што надышоў такі час, калі тэатар моцна зьяднаўся. Гэта вельмі ня проста — пакінуць любімую працу і крочыць наперад, але самае кляснае, што зрабілі купалаўцы, — гэта тое, што яны засталіся разам. А разам можна зрабіць усё. Што яны і робяць.

Ганна Хітрык, былая акторка Купалаўскага тэатру, лідэрка музычных гуртоў «Детидетей» і «S°unduk». У 2017 годзе зь сям’ёй пераехала ў Ізраіль дзеля сына Сьцёпы, у якога аўтызм, бо ў гэтай краіне дзецям з асаблівасьцямі стварылі добрыя ўмовы для камфортнага і пасьпяховага жыцьця. Вядзе ў Ізраілі дзіцячыя тэатральныя гурткі, адкрыла тэатар кніг для дзяцей «Дом чорнай савы».

Паводле Радыё Свабода