Гары Паганяйла: Для Лукашэнкі ўсё дрэнна
Амаль у кожнага ў сям'і ці сярод знаёмых ужо ёсць ахвяры, а кроў народ не даруе, лічыць вядомы праваабаронца Гары Паганяйла.
У суботу Аляксандр Лукашэнка наведаў СІЗА КДБ, дзе прапанаваў палітвязням «дыялог». Але на наступны дзень на вуліцы беларускіх гарадоў вярнуліся жорсткасць сілавікоў, стрэлы, збіццё, катаванні.
Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла патлумачыў «Беларускаму партызану» дзеянні беларускага кіраўніка.
— Трэба ведаць прыроду Лукашэнкі. Як палітык і чалавек, ён не мае іншых інструментаў для размовы з апанентам, акрамя прымянення сілы; нават размаўляць з людзьмі за 26 гадоў знаходжання на самай галоўнай пасадзе ён так і не навучыўся, мудрасці не набраўся. Паводле яго філасофіі, па яго выхаванні, па яго адчуваннях, па яго разуменню ўлады, трэба прымусіць грамадзян падпарадкоўвацца недарэчным загадам, устаноўкам, хвораму ўяўленню аб тым, што адбываецца ў свеце і ў краіне. Хай нават сілай і страхам, шляхам жорсткага падаўлення ўсякага супраціву. Палітыка абапіраецца выключна на страх і жорсткасць, разумных метадаў Лукашэнка проста не ведае і не шукае.
— Нелагічна: у суботу прыходзіць у СІЗА КДБ да палітвязняў і прапануе руку для «дыялогу». А назаўтра — вяртанне да стральбы, збіцця, гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў.
— Лукашэнка прыйшоў у СІЗА КДБ да сваіх апанентаў, якіх ён уласнымі рукамі пасадзіў, усведамляючы, што яны абсалютна не вінаватыя, але з'яўляюцца яго супернікамі, перш за ўсё — палітычнымі супернікамі, якія наважыліся кінуць пальчатку за права заняць вышэйшую дзяржаўную пасаду. Для іх нічога іншага, акрамя нараў, ён не змог знайсці. У нармальнай барацьбе, палітычнай барацьбе ён існаваць не можа.
Увесь час у роце Лукашэнка целяпаецца слова: «жэйстачайшэ», «самым жэстачайшым чынам» — жорсткасць проста прэ з яго. Для яго гэта простыя рашэнні — схаваць у турму, знішчыць, зняважыць. У яго нават няма сумневаў, што менавіта так і павінна быць, што так ён і павінен дзейнічаць. Усякае адступленне ад гэтага правіла для яго — праява слабасці: «мяне не нахіліць», «са мной нельга размаўляць з пазіцыі сілы». Але гэта пазіцыя баязліўца, а не сведчанне мужнасці — аддаваць незаконныя загады аб сілавым падаўленні іншадумства, ніякага супраціву тым парадкам, якія спрабуе ўсталяваць. Лукашэнка хоча панаваць яшчэ як мінімум пяць гадоў, нічога іншага ён перад сабой і не бачыць.
Але ўсе чыноўнікі, якія вымушаныя падпарадкоўвацца яго волі, выконваць яго загады, выдатна разумеюць сваю залежнасць ад яго асабіста. Ён іх высунуў, ён іх узнёс на самы верх уладных паўнамоцтваў: на пасаду міністра ўнутраных спраў, старшыні Следчага камітэта, начальніка следчага ізалятара, камандзіра АМАПа, генеральног пракурора — усе яны залежныя ад яго волі, ад варушэння яго пальцаў. Яны падабраныя не паводле прафесійных якасцяў, не паводле маральных якасцяў, якія дазваляюць годна праявіць сябе на службе, а па ступені лаяльнасці асабіста да яго. Гэты маналіт моцны, таму што злітаваны кругавой парукай, а ў шэрагу выпадкаў — і крывавай парукай.
Што было з тым, хто публічна адмовіўся выконваць злачынныя загады, мы ведаем. Узгадаем былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку.
— Чаго Лукашэнка дамогся або паспрабаваў дасягнуць сваім прыездам у СІЗА КДБ?
— Гэта спроба лавіравання. Сёння ў Беларусі ўсё дрэнна. І для яго таксама ўсё дрэнна, таму што яго памкненні замацавацца ва ўладзе, нікчэмныя з усіх бакоў (і юрыдычнага, і маральнага, і палітычнага), даюць нулявы вынік. Ён правальваецца ўсё глыбей і глыбей у ціну, якая яго загубіць. Але ён спрабуе караскацца, спрабуе падзяліць тых, хто сёння адзінай сцяной выступае супраць яго, супраць яго ўлады, супраць паслугачоў, якія яго атачаюць. «Падзяляй і ўладар» — адвечны прынцып дыктатараў. Ён хоча падзяліць апазіцыю, таму выпускае некаторых з СІЗА і прапануе супрацоўнічаць з сабою, уцягваючы ў нікому ўжо не патрэбныя абмеркаванні «канстытуцыйнай рэформы». Але ён думае, што тым самым адцягне ўвагу грамадзян, разлічваючы нацкаваць адзін на аднаго. Зладзіць раздрай — і ў каламутнай вадзе прымаць наступныя рашэнні. Такім чынам ён разлічвае, што будзе лавіраваць-лавіраваць і можа быць вылавіруе.
Але, я думаю, што гэта безнадзейныя патугі. Ганебны сыход — справа часу: сваю краіну ён страціў, свой народ ён страціў — і яго ўжо не загнаць у аглоблі ні з дапамогай страху, ні з дапамогай жорсткасці, ні з дапамогай турмаў, ні з дапамогай спусташальных штрафаў. Не загнаць! Усё большая і большая колькасць грамадзян пранікаецца ўсведамленнем, што з такой уладай ім жыць немагчыма. Нарастанне супраціву адбываецца як у механізме, які працуе на шасцярэньках: у сям'і хтосьці аказаўся збітым, хтосьці патрапіў на Акрэсціна, хтосьці звольнены, хтосьці зганьбаваны іншым спосабам; лёсы, прафесіі, якія не адбыліся, — і ўсё дзякуючы рэпрэсіям, бясконцым рэпрэсіям і больш жорсткім рэпрэсіям. У кожнай сям'і ўжо ёсць ахвяра. Усё гэта прыводзіць да таго, што ўсё больш і больш людзей далучаецца да супраціву. Гвалтам і падманам супраціў ужо дакладна не здушыць: людзі навучыліся адрозніваць хлусню ад праўды, паказушнае ад відавочнага.
І як бы хто ні дапамагаў Лукашэнку выстаяць у гэтай краіне, я ўпэўнены, што гэта ўжо бессэнсоўна: ён ужо нават не кульгавая качка або падбіты качар. Дэманструючы няздольнасць прыняць паразу і годна сысці, цяпер ён проста сам сябе дабівае.