Арцемiй Троiцкi: Летам ніякага Лукашэнкі на пасадзе самадзержца ўжо не будзе

Расійскі журналіст і музыказнаўца, аўтар папулярнага праекту «Хижина дяди Тёма» на ARU TV Арцемiй Троiцкi расказвае «Свабодзе», хто ў Расіі падтрымлівае мірны пратэст беларусаў, прагназуе, калі беларусы атрымаюць Нобелеўскую прэмію міру.

a382abfb_ac26_435c_b404_a487b9ff2c72_w1023_r1_s.jpg

Пра рэакцыю Лукашэнкі на сустрэчы Ціханоўскай з сусветнымі лідарамі


Думаю, што ён шалее і локці кусае, бо ў яго ніякіх сустрэчаў з сусветнымі лідарамі не было, за выключэннем сустрэчы з Пуціным у Сочы, дзе ён ледзь не на каленях перад ім стаяў. Мова цела Аляксандра Лукашэнкі настолькі была падлізніцкая і ўгодлівая, што можна было і не слухаць, што ён там гаворыць, а толькі паглядзець на фота, дзе ён сцелецца перад Пуціным, вымольвае нейкія падачкі. Святлана Ціханоўская — малайчына. Удалае супадзенне, што яна паводле прафесіі выкладчыца англійскай мовы і свабодна валодае гэтай мовай. Гэта вельмі дапамагае ў яе сённяшняй няпростай місіі. Я рады, што яна гэтаму так здорава дае рады і прынятая, як кажуць, у найлепшых дамах Еўропы. Спадзяюся, яе місія будзе мець поспех, на які і беларусы, і Ціханоўская, і мы, усе тыя, хто перажывае за Беларусь, вельмі спадзяемся.


Ці будзе 31 снежня навагодні зварот Лукашэнкі да беларусаў

Пяцьдзясят на пяцьдзясят. Калі запытаецеся, ці будзе зварот Лукашэнкі напярэдадні 2022 года, я ўпэўнена скажу, што не будзе. Думаю, што час Лукашэнкі палічаны, але ці гэта тыдні, ці месяцы, ці больш працяглы перыяд — паўгода ці год, — мне сказаць складана. Больш чым магчыма, што наступным летам ніякага Лукашэнкі на пасадзе беларускага самадзержца ўжо не будзе. Чым раней, тым лепей. Я быў бы шчаслівы, каб Каляды і Новы год у Беларусі прайшлі не ў рэжыме супраціву дыктатуры, а ў рэжыме нармальнай свабоднай краіны, якая ажыццяўляе кідок у будучыню.

Што будзе, калі не атрымаецца

Гэта будзе варыянт не Паўночнай Карэі, а Вэнэсуэлы, дзе таксама былі масавыя пратэсты супраць дыктатарскага, папулісцкага рэжыму Мадуры, дзе ўсталявалася дваяўладдзе: Мадура, сілавікі, урад — і народ з парламентам. Яно працягваецца ўжо некалькі гадоў і на жаль, ніяк ня можа скончыцца канчатковай перамогай дэмакратычных сілаў. Такі варыянт у Беларусі не выключаны, але, на маю думку, малаімаверны. Думаю, што беларускі народ збярэ сілы, пяройдзе да больш рашучых дзеянняў і завершыць той працэс, які беларусы вельмі прыгожа і ўдала і пераможна пачалі.

Чаму не трэба параўноўваць пратэсты ў Беларусі і Кіргізстане

Беларусь — іншая краіна, іншыя традыцыі. З аднаго боку, гэта добра, з другога — не вельмі. Вельмі шмат адрозненняў сітуацыі ў Беларусі і Кіргізстане. У Кіргізстане за 15 гадоў гэта ўжо трэцяя рэвалюцыя такога плану. Там грамадства кланавае, ёсць паўночны, ёсьць паўднёвы клан. Цяпер відавочна адбылося паўстанне не толькі народу супраць эліты, але і поўначы супраць поўдня. У Беларусі такога падзелу няма.

Калі беларусы атрымаюць Нобеля

Cёлета ў беларусаў не было шанцаў. Прэміі даюць пераможцам. Пакуль што народ Беларусі перамог маральна. Дыктатар па-ранейшаму на месцы. Калі беларуская рэвалюцыя пераможа, тады ў народу Беларусі, у жанчын Беларусі, у палітычных лідараў цяперашняй беларускай апазіцыі будуць усе шанцы атрымаць Нобелеўскую прэмію міру.

Пра падтрымку расійскімі рокерамі беларускага мірнага пратэсту

Адкрыты ліст супраць гвалту і ў падтрымку пратэстоўцаў у Беларусі падпісалі больш за 300 расійскіх музыкаў, практычна ўсе самыя вядомыя рок-музыкі — Барыс Грабеншчыкоў, Юрый Шаўчук, Андрэй Макарэвіч, Жэня Хаўтан ды іншыя. Расійскія рокеры запісалі некалькі песень у падтрымку народу Беларусі. Апошняя — кліп гурта «Ногу свело». Найлепшая частка расійскіх музыкаў займае пэўную сфармуляваную пазіцыю і не баіцца яе выказаць.

Пра расійскіх папсавікоў, які падтрымліваюць Лукашэнку

Кіркораў, Газманаў, Валерыя ды іншыя — уся гэтая папсовая кліка вельмі моцна залежыць ад расійскай дзяржавы. Што загадваюць зверху, тое яны і робяць. Калі расійскія папсовыя артысты мелі перад выбарамі выступаць у Беларусі на перавыбарчых мітынгах Лукашэнкі, ім далі каманду з адміністрацыі прэзідэнта не ехаць (Лукашэнка паводзіць сябе дрэнна, нейкіх расійскіх наймітаў арыштаваў, супраць Расіі выказваецца, не трэба яго падтрымліваць). Адпаведна ўсе гэтыя Баскавы і Валерыі тармазнулі. А потым з таго ж апарату прэзідэнта далі каманду Кіркораву, Баскаву, яшчэ камусьці запісаць песню, відэакліп у падтрымку Лукашэнкі. І яны зрабілі, хаця ім гэта не асабліва выгадна, бо відавочна, што той жа Кіркораў траціць беларускі рынак і больш яму ў Беларусі не выступіць ніколі, бо закідаюць гнілым памідорамі.

Пра заяву супраць гвалту Уладзіміра Співакова

Думаю, што ў яго былі свае, асабістыя прычыны для такога шчырага выступу. Можа, у яго ёсць сябры ці родныя ў Беларусі, што ён так блізка да сэрца сітуацыю ўспрыняў. Якія артысты рассыпаюцца перад Пуціным і прэзідэнцкім апаратам? Як правіла, дастаткова бяздарныя артысты, тыя, чыя папулярнасць трымаецца на тэлеэфірах і дзяржаўных мерапрыемствах. Мікалай Баскаў — тыповы прыклад. За выключэннем адной убогай песні «Шарманка», няма ў Баскава ніводнага хіта, затое ён увесь час на тэлеэкране. Ён зробіць усё на загад зверху. Сапраўды вялікіх, таленавітых артыстаў, як Уладзімір Співакоў, гэта не тычыцца. Ён можа смела выказвацца, і яго не забароняць. А калі б Лукашэнка паспрабаваў гэта зрабіць у Беларусі, як зрабіў з Міхалком, нічога — акрамя Беларусі і Расіі, ёсць уся Еўропа і Амерыка для Уладзіміра Співакова.

Пра памылку Пуціна наконт Ціханоўскай

Ціханоўская ў вышуку — чарговы ляп з боку ўладаў Расіі. МЗС, ФСБ, Міністэрства абароны, апарат прэзідэнта апошнія гады робяць неймаверную колькасць памылак. З Ціханоўскай — чарговая, відавочная памылка. Для Расіі гэта вельмі нявыгадна. Гэта перашкодзіць прэзідэнту Пуціну ў ягоных кантактах, у дамоўленасцях з еўрапейскімі і сусветнымі лідарамі. Гэта зрабілі не падумаўшы.

Пра «першую лінію» абароны на ўзор Чылі

Год таму мы з сям'ёй каля месяца былі ў Чылі. Там тады ішлі масавыя пратэсты, на вуліцы выходзілі дзясяткі, сотні тысяч чалавек. У выходныя дні да двух з паловай мільёнаў людзей ува ўсёй краіне выходзілі. Было жорсткае супрацьстаянне паміж паліцыяй і пратэстоўцамі.

Былі вадамёты, гумавыя кулі, дубінкі і слезацечны газ. І вельмі хутка чылійцы арганізавалі так званую «першую лінію». Знайшліся смелыя хлопцы, у асноўным з бедных гарадскіх ваколіц, якія ўзялі на сябе ролю абаронцаў 100-тысячных масаў. Яны адпаведна выстройваліся — матацыклетныя шаломы, матацыклетныя акуляры, каб гумавыя кулі ў вочы не трапілі (там такіх выпадкаў было вельмі шмат). Адпаведнае адзенне, накаленнікі, самаробныя ці адбітыя ў паліцыянтаў шчыты. І яны станавіліся пластом паміж паліцыяй і простымі людзьмі, якія выйшлі на акцыю пратэсту (пенсіянеры, дзеці, жанчыны), і іх абаранялі.

У Беларусі, на жаль, з таго, што я бачу, гэтага няма. І таму ўвесь час кадры — амапаўцы, «чорныя чэрці» — наскокваюць на людзей, выцягваюць з натоўпу і пачынаюць біць, бо няма першай лініі абароны, лініі самаабароны.

Глядзіце размову цалкам:


Ганна Соўсь, «Радыё Свабода»