Выбары як умова пазітыўных пераменаў

Дыскусійная пляцоўка «Выбары як умова пазітыўных пераменаў» прайшла 25 мая ў Мінску.

vibary_logo.jpg


У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі розных беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў дэмакратычнае скіраванасці, дэпутаты парламентаў Літвы і Украіны, міжнародных арганізацый. Улады мерапрыемства праігнаравалі.
Да ўдзелу ў дыскусіі былі запрошаны прадстаўнікі Цэнтрвыбаркаму і профільных камісіяў парламента, але нікога з іх заўважана не было. Апроч дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ганны Канапацкай (АГП), якая была адной з ініцыятараў мерапрыемства.  

Ганна Канапацкая

Ганна Канапацкая

Як адзначыла Канапацкая ва ўступным слове, беларускія грамадзяне адвыклі ад сапраўдных выбараў, таму вельмі важна знайсці тыя інструменты, якія дапамогуць людзям дабіцца празрыстых і чэсных выбараў па стандартах АБСЕ. «Я спадзяюся, што нам кольвеч атрымаецца дагрукацца да нашых уладаў, каб яны селі з намі з стол перамоваў», — сказала дэпутатка.
Каардынатар працоўнай групы па выпрацоўцы прапановаў па змяненні выбарчага заканадаўства Антаніна Кавалёва падзякавала ўсіх, хто спрычыніўся да дзейнасці групы, але яна адзначыла, што падрыхтоўка тэкстаў з прапановамі зменаў — гэта толькі частка агульнай задачы. «Справа ў тым, што змены ў беларускае заканадаўства – гэта тое, чаго менш за ўсё жадае беларуская ўлада, бо гэта падрывае самі асновы яе існавання. Пры наяўнасці палітычнае волі дзяржавы дэмакратычныя выбары можна было б правесці і па дзейным заканадаўстве, але самае важнае, што такой волі няма», — канстатавала Кавалёва.
Дырэктар Усходнееўрапейскай Школы палітычных даследванняў Аляксандр Дабравольскі нагадаў прымаўку, што «ўлада разбэшчвае, а абсалютная ўлада разбэшчвае абсалютна». Магчымасць, карыстаўчыся неабмежаванай уладай, зрабіць усё, каб меркаванне выбаршчыкаў ні на што не ўплывала, сапраўды разбэшчвае, адзначыў мадэратар панэлі «Міжнародныя стандарты выбараў і беларуская рэчаіснаць». І гэты досвед доўжыцца ўжо дзесяцігоддзі.

Злева направа: Аляксандр Дабравольскі, Віктар Карняенка, Дзяніс Садоўскі, Аляксандр Чарненка, Міхаіл Пастухоў

Злева направа: Аляксандр Дабравольскі, Віктар Карняенка, Дзяніс Садоўскі, Аляксандр Чарненка, Міхаіл Пастухоў

Сваё бачанне сітуацыі з выбарамі ў краіне і з выбарчым заканадаўствам выказалі прадстаўнікі кампаній «Права выбара» Дзяніс Садоўскі і «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка, суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі (1994-1996 гады) прафесар Міхаіл Пастухоў, які заявіў, што Выбарчы кодэкс не адпавядае анікім нормам і вымагае кардынальных зменаў.
Досведам правядзення дэмакратычных выбараў у сваіх краінах падзяліліся дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Аляксандр Чарненка і дэпутат Сейма Літвы, сябра Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Лаўрынас Кашчунас.
У дыскусіі ўзялі ўдзел таксама эксперт Міжнароднага Інстытута дэмакратыі і судзеяння выбарам Эндру Эліс, былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Мечыслаў Грыб, кіраўнік Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» і сукаардынатар кампаніі «За свабодныя выбары» Сяргей Калякін, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, праваабаронца Валянціна Свяцкая, публіцыст і палітолаг Аляксандр Класкоўскі ды іншыя вядомыя асобы.
Прысутным прэзентавалі падрыхтаваныя азначанай вышэй працоўнай групай змяненні ў Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, якія будуць перададзеныя ў Цэнтрвыбаркам ды іншыя дзяржаўныя ўстановы.