Ярмошына адмовілася абмяркоўваць змены ў выбарчае заканадаўства з Канапацкай

Працоўная група на чале з дэпутатам парламенту ад АГП Ганнай Канапацкай вызначылася з неабходнымі на іх погляд зменамі выбарчага заканадаўства.

vybary_2405_2.jpg


Прапановы прадставяць для абмеркавання экспертам падчас дыскусіі «Выбары як умова пазітыўных перамен», якая пройдзе 25 траўня.

Ганна Канапацкая:
«Іх тры: абавязковае прадстаўніцтва ва ўчастковых выбарчых камісіях прадстаўнікоў кандыдатаў у дэпутаты, дакладная рэгламентацыя працэсу датэрміновага галасавання і адкрыты і зразумелы падлік галасоў. Гэтыя змены былі прадстаўленыя для разгляду Міжведамаснай экспертнай працоўнай групе пры Цэнтрвыбаркаме. А зараз мы запрасілі эксперта з Вялікабрытаніі, парламентарыяў з Літвы і Украіны для таго, каб абмеркаваць, наколькі магчымая імплементацыя гэтых прапаноў працоўнай групы і наколькі сёння гатовыя ўлады ісці на змены выбарчага працэсу».
Паўдзельнічаць у дыскусіі арганізатары прапанавалі і старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. Але тая адмовілася на падставе таго, што прадстаўнікі ЦВК прымаюць удзел у абмеркаванні прапановаў па змене выбарчага заканадаўства ў адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы як суб'екта права заканадаўчай ініцыятывы. «Паколькі такое даручэнне адсутнічае, наш удзел у згаданым мерапрыемстве падаецца немагчымым», — канстатуе чыноўніца ў афіцыйным адказе.
Таксама, кажа Канапацкая, запрашэнне атрымала дэпутаты парламенту. І нібыта спярша выказалі зацікаўленасць ва ўдзеле. Але потым пачалі адмаўляцца па розных прычынах. Напярэдадні мерапрыемства Канапацкая заявіла, што не здзівіцца, калі нікога з народных абраннікаў апроч яе на дыскусіі не будзе.


Паводле euroradio.fm