Выкананне смяротных прысудаў Гершанкову і Беражному часова прыпынена

Намеснік старшыні Вярхоўнага суда прыпыніў выкананне смяротных прысудаў ў адносінах да фігурантаў справы "чорных рыэлтыраў" Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога на час разгляду іх наглядных скаргаў. Пра гэта праваабаронцам стала вядома ад сваякоў асуджаных да вышэйшай меры.

Разгляд апеляцый па справе "чорных рыэлтараў" у Вярхоўным судзе 18 снежня 2017 года.

Разгляд апеляцый па справе "чорных рыэлтараў" у Вярхоўным судзе 18 снежня 2017 года.


Гэта сапраўдны шанец захаваць жыццё ці звычайная фармальнасць?
"Наглядная скарга для любога асуджанага – гэта заўсёды шанец для таго, каб прысуд быў зменены, — каментуе юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка. — Але калі гэта смяротны прысуд, то, безумоўна, кожны такі шанец можа быць апошнім. І калі мы даведваемся, што выкананне смяротнага прысуда прыпынена, гэта значыць, што чалавек, як мінімум, на перыяд разгляду нагляднай скаргі і прыняцця па ёй рашэння застанецца жывым. Таму такія звесткі вельмі важныя і гэта можна расцэньваць станоўча, што такі шанец у асуджаных з’явіўся".
Тэрмін разгляду нагляднай скаргі – месяц з моманту яе паступлення да службовай асобы. Гэта значыць, што цягам наступнага месяца прысуд у адносінах да Гершанкова і Беражнога не будзе прыведзены ў выкананне.
Па прысудзе Магілёўскага абласнога суда 21 ліпеня Сямён Беражной, а таксама муж і жонка Ігар і Таццяна Гершанковы абвінавачваліся ў здзяйсненні забойстваў і падрыхтоўцы да здзяйснення забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або знішчэнні дакументаў. Таццяну Гершанкову дадаткова абвінавацілі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропаў. Судом было ўстаноўлена, што злачынная група агулам зарабіла на махінацыях з чужым жыллём больш за 2 мільярды недамінаваных рублёў.
Удзельнікам злачыннай групоўкі былі вынесеныя наступныя прысуды: Ігару Гершанкову – вышэйшая мера пакарання – растрэл; Сямёну Беражнову – вышэйшая мера пакарання – растрэл; Таццяне Гершанковай – 24 гады турмы з канфіскацыя маёмасці; Барысу Калеснікаву – 22 гады і 1 месяц калоніі строгага рэжыму.
20 снежня 2017 года Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі вынесла рашэнне па апеляцыйных скаргах двух фігурантаў так званай справы магілёўскіх «чорных рыэлтараў»: Ігара Гершанкова і Барыса Калеснікава: прысуд Магілёўскага абласнога суда ад 21 ліпеня пакінуць у сіле, а скаргі без задавальнення.

spring96.org