Выкрыць фэйкі і забаніць троляў – як школьнікі вучацца арыентавацца ў медыяпрасторы

Як інфармацыйныя тэхналогіі робяць урокі цікавымі, а школьнікаў дапытлівымі і крытычнымі.

fake.jpg

Намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч расказала, навошта настаўнікі паказваюць вучням рэкламныя ролікі
Ці праўда, што школьнікі мала чытаюць?
– Прынята казаць, што дзеці сталі менш чытаць. Але гэта не так. Проста раней мы бачылі, што яны чытаюць, бо школьнікі былі вымушаны чытаць тое, што было ў бліжэйшай бібліятэцы і ў бацькоў, тое, што ўключана ў школьную праграму. І нават, калі дарослыя гэтага не заўважаюць, зараз дзеці ўсё ж сталі чытаць нашмат больш. І не толькі інфармацыю з інтэрнэта і сацыяльных сетак, а і літаратуру таксама. Бо цяпер з’явіўся доступ да падлеткавай і да якаснай дзіцячай літаратуры. Ім проста нецікава чытаць тую не заўсёды якасную літаратуру, якую «запіхнулі» у школьную праграму. Яна не вытрымлівае канкурэнцыі. Школьная праграма састарэла, хоць у ёй і засталіся добрыя творы. Пастаўце ў праграму Гары Потэра альбо творы Толкіна, і літаратура стане любімым урокам, а дзеці самі чаму-небудзь навучаць настаўніка.
Таксама падлеткаў любяць абвінавачваць ў тым, што яны не цікавяцца навінамі, газетамі, тым, што адбываецца навокал. А я ў адказ спытаю: ці ёсць у сродках масавай інфармацыі кантэнт для падлеткаў? Ці ёсць на тэлевізіі падлеткавыя рэдакцыі, якія рыхтуюць адмысловыя праграмы, улічваюць псіха-фізіялагічныя патрэбы падлеткаў? Няма падставы абвінавачваць падлеткаў у тым, што яны не чытаюць газеты і не глядзяць тэлебачанне.
Увогуле ж сёння дэфіцыту інфармацыі не існуе. Усё вакол ззяе, круціцца, мільгае, каб завалодаць увагай людзей. Тут паўстае праблема медыяпісьменнасці – як зрабіць так, каб дзеці выбіралі якасную інфармацыю. Бо не заўсёды тое, што блішчыць, ёсць золата.
Ці ўмеюць школьнікі фільтраваць і аналізаваць інфармацыю?
– Аналізаваць і фільтраваць атрыманую інфармацыю у нас не ўмеюць і многія дарослыя, што ўжо казаць пра школьнікаў. І мне здаецца, што дзеці нават больш кампетэнтныя ў гэтых справах. Тым не менш сёння важна развіваць такі напрамак, як медыяадукадыя, каб навучыць дзяцей і падлеткаў арыентавацца ў моры інфармацыі, аналізаваць яе, даваць крытычную ацэнку, ведаць, што такое адказнае карыстанне медыяпрасторай, аўтарскія правы…
Таму Таварыства беларускай школы ўжо шосты год праводзіць праграму «Медыяадукацыя ў школе». І пачалі мы з навучання настаўнікаў. Праз настаўніка кожны дзень прахозіць 20-100 вучняў, таму мы разлічваем на эфект снежнага кома – мы навучым тых, хто ўмее вучыць, а яны навучаць астатніх.
Зараз настаўнікі навучаюцца праз дыстанцыйны курс падтрымкі, які расцягваецца больш чым на палову навучальнага года. Кожныя 2-3 тыдні яны атрымліваюць невялікі тэарэтычны матэрыял і заданне інтэграваць яго ў свой прадмет. Напрыклад, хімік ці фізік можа паглядзець з дзецьмі фрагмент дакументальнага фільма ці рэкламу, знайсці там памылку і прааналізаваць яе з пункту гледжання тэмы ўрока. Так па-першае, ўрок становіцца цікавейшым, па-другое, дзеці разумеюць, што вучаць тэму яны не для таго, каб здаць цэнтралізаванае тэсціраванне, а для таго, каб іх не падманулі, каб умець распазнаць дэзінфармацыю, выкрыць маніпуляцыю.
Ці становіцца навучанне больш цікавым праз медыйныя сродкі?
– Медыязмест актуалізуе вывучаемы прадмет, набліжае яго да жыцця, запрашае асэнсоўваць інфармацыю. Цікавей жа палічыць працэнт крэдыта, чым проста лічбы.
Гэта бачна з практыкі настаўніцы Алены Панкратавай адной са школ Воршы. Яна разам са школьнікамі зрабіла медыялабараторыю і часта жадаючым вучням замест простых практыкаванняў дае рабіць праекты – школьныя навіны, відэа-ролікі, вершы ў выглядзе караоке. Так дзеці навучаюцца ствараць медыя, мантаваць ролікі, выказваць зразумела, даступна і цікава свае думкі. Сучасныя творчыя формы засваення ведаў актуалізуюць і развіваюць кампетэнцыі 21 стагоддзя – вядомыя чатыры К: крытычнае мысленне, кааперацыя, камунікацыя і крэатыўнасць. Яны фарміруюцца якраз праз актуальныя прыклады, сучасны змест і формы падачы. З дапамогай медыяадукацыі гэтыя кампетэнцыі фармуюцца ў школьнікаў і застаюцца звычкай на будучае.
Гэта вельмі важна для таго, каб дзеці былі канкурэнтаздольнымі, маглі стаць паспяховымі на рынку працы і самарэалізавацца як асобы.  
А з другога боку, медаяадукацыя фармуе пісьменнага чытача, які будзе ствараць попыт на якасную прэсу і інфармацыю. Калі мы такіх чытачоў сфармуем зараз, яны створаць рынак для якасных СМІ, без якіх не пабудуеш дэмакратыю.
Ці папулярна ў школах жаданне фармаваць гэтыя уменні?
Рэформы ў гэтым плане ў краіне няма і сістэмных змен пакуль не адбываецца, хаця ў новых праграмах з’явіўся пункт пра крытычнае мысленне. Але ў школы кропкава пранікае медыяадукацыя, новыя метады выкладання ведаў. Калі няма ціску зверху, то трансфармацыя спакойна адбываецца знізу, бо граммадзянская супольнасць ёсць і яна не спіць у шапку. Над гэтым працуюць настаўнікі, метадысты, розныя арганізацыі, журналісты.
Па выніках апошняга адукацыйнага курса, у межах якога настаўнікі інтэгравалі медыяпісьменнасць у свае ўрокі, 82% настаўнікаў сказалі, что палепшыліся стасункі паміж імі і вучнямі, 72% кажуць, што вучні сталі больш матывавана вучыцца, у 88% яны сталі ставіцца да інфармацыі больш крытычна і асэнсавана. І хаця ў нас не было такой мэты, 32% бацькоў сталі цікавіцца медыяадукацыяй.
Працэс распаўсюджвання медыяадукацыі ідзе і ўдасканальваецца. Вядома, што сучасныя дзеці адрозніваюцца ад нас, у нечым яны нават разумнейшыя за нас. Таму Таварыства беларускай школы запусціла конкурс «Лаві фэйк!», каб дзеці дапамаглі навучаць аднакласнікаў, настаўнікаў, бацькоў арыентавацца ў медыяпрасторы, бачыць фэйкі, шукаць інфармацыю, выкрываць троляў праз зразумелыя і цікавыя ім медыяадукацыйныя прадукты і формы. Мы заклікаем іх дапамагчы навучыць дарослых і іншых школьнікаў. Але іх працы дазволяць нам ўбачыць, якія формы падачы інфармацыі і ведаў любяць і лепш разумеюць школьнікі, каб зразумець, ці мы іх вучым тымі ж метадамі, якія яны лепш за ўсё ўспрымаюць. Мы хочам убачыць, якія прадукты і метады падлеткі абіраюць, якія праблемы іх цікавяць, як яны іх прапануюць вырашыць. Сыходзячы з вынікаў конкурса, можна будзе стварыць курс па медыяадукацыі для падлеткаў.
Паводле Заўтра тваёй краіны