Любоў, сяброўства, безумоўная вернасць. Як беспрытульныя жывёлы знаходзяць сваё шчасце
Чытачы НЧ ведаюць нашу пастаянную рубрыку «Выратуй жыццё», дзе мы пішам пра беспрытульных жывёл, якія шукаюць дом і сям’ю. І менавіта ў нашых чытачоў некаторыя з гэтых «хвастоў» ужо атрымалі прапіску.

Літаральна ў мінулым месяцы адбылася цікавая гісторыя. Грамадзянка Германіі, якая з’ехала з Мінска больш за 20 гадоў таму, падпісалася на тэлеграм-канал «Новага Часу», каб ведаць пра падзеі ў нашай краіне. Першай навіной яна ўбачыла інфармацыю пракотку Багіру. Будзем шчырымі: котка з пашкоджаннямі мусіла шукаць дом яшчэ шмат часу, але тут ёй вельмі пашанцавала. Багіра і гісторыя яе пакут настолькі закранула сэрца нашай няблізкай суайчынніцы, што тая адразу патэлефанавала куратарцы коткі.

У працэсе гутаркі высветлілася, што жанчыны калісьці жылі побач у Мінску і нават былі знаёмыя ў дзяцінстве. Размова працягвалася шмат часу. Аказалася, што ў суразмоўцы куратаркі ўжо ёсць пара катоў, але, нягледзячы на гэта, яна вельмі хоча забраць і Багіру. Праз некалькі дзён котка з’ехала з ператрымцы да сястры будучай гаспадыні, якая жыве ў Мінску. Цяпер Багіра ўжо стэрілізаваная і чакае магчымасці паехаць у Германію да сваёй новай сям’і, якая пакуль дасылае грошы на яе патрэбы і шукае варыянты пераезду.
Гэта выпадак далёка не адзінкавы. Вядомыя гісторыі, калі былыя беспрытульныя каты і сабакі з Беларусі з’язджалі ў новыя сем'і ў Італію, Францыю і нават Канаду. Зразумела, большасць «хвастоў», якія трапляюць да валанцёраў, знаходзяць сваё шчасце тут. Іх шлях дадому можа цягнуцца як некалькі гадзін, так і некалькі гадоў.

Яша
Так здарылася з Яшам — катом, які трапіў у адзін з прытулкаў з вуліцы. Больш за год ён сядзеў у прытулку, нягледзячы на сваю прыгажосць. Яшу падлячылі (некалькі разоў выдалялі паліп з вуха) і адкармілі. На Вялікдзень куратарцы патэлефанавала жанчына і вельмі ўзрушана паведаміла, што гэта яе кот, які згубіўся год таму. Жанчына выпадкова ўбачыла яго фота на старонцы прытулку «УКантакце». Далейшая размова пераканала валанцёрку, што гэта сапрауды так, і Яша ў той жа дзень вярнуўся ў старую сям’ю.

Здараецца і так, што надзея на тое, што чарговы «хвост» знойдзе сям’ю амаль страчаная, але... На сумна вядомым падвор’і аднаго з манастыроў не адзін год жыла Пальма — метыска ірланцкага ваўкадава, з першага погляду, страшэнны вялізны сабака. Валанцёры ведалі, што найдабрэйшага сабакі не існуе, але хто ж слухае, большасць верыць вачам.

Пальма
Таму калі раптам на падвор’е прыйшла пажылая жанчына і паведаміла, што хацела б узяць Пальму, валанцёры адразу не паверылі, меркавалі, што яна памылілася. Але калі яна пазвала Пальму, тая падышла да яе, дазволіла ўзяць сябе на ланцужок і паглядзела жанчыне ў вочы, нібыта кажучы: «Ну што, пайшлі дадому?» Новая гаспадыня Пальмы потым распавяла, што дома сабака адразу ўладкаваўся на падрыхтаванае для яго месца, а ўвечары дачакаўся шпацыру. Дагэтуль Пальма ніколі не хадзіла на ланцужку.

Пальма
У мяне жывуць два каты і сабака. Усе яны — былыя беспрытульнікі. Метыска нямецкай аўчаркі Бася больш за тры гады правяла на ланцугу ў алкаголіка з Міншчыны, пакуль яе не забралі валанцёры. Старэйшага ката валанцёры знайшлі ў Асіповічах, другога — ужо мы з Басяй падчас шпацыру: нехта наўпрост выкінуў месячнае кацяня з запаленымі вочкамі.

Бася ў мінулым жыцці

Бася цяпер
Старэйшы кот Веніямін з’явіўся ў нас праз два тыдні, як пайшла з жыцця наша котка Адэлаіда, якая пражыла амаль 15 гадоў. Яшчэ годам раней памёр наш сабака, і дома стала зусім пуста. Веню я ўбачыў, калі маніторыў аб’явы валанцёраў, і адразу зразумеў: гэта наш кот! Увечары ён ўжо даследваў прасторы пад нашай канапай.

Веня

Больш за два гады мы жылі без сабакі. Але я шукаў і знайшоў. У студзені 2019 года заўважыў аб’яву пра дарослую метыску нямецкай аўчаркі, якая шукае дом. Мне было дастаткова аднаго погляду на фота! Звязаліся з куратаркай, і ў бліжэйшую суботу мы ўжо ехалі на ператрымку. Калі адчынілі вальер, Бася адразу кінулася да мяне, нягледзячы на жонку і куратарку. Жонка мне адразу тады сказала: «Так, гэта твой сабака. Вы знайшлі адно аднаго!»

Бася цяпер
Малодшага, Арсенія, знайшла Бася ў чэрвені 2020 года, калі мы вярталіся са шпацыру. Кацяня ціха пішчала ў траве, яго вочы былі залеплены гноем, а побач нехта пакінуў шматок каўбасы памерам з гэтае малое. Вылечылі літаральна за тры дні, і, як сказала жонка, «дзе адзіны кот, там і другі». Арсенія ўжо чакалі ў новым доме, але вырашылі, што туды паедзе іншае кацяня.

Арсеній тады

Арсеній цяпер
Бася добрасумленна ўзяла на сябе абавязкі маці, і цяпер усе трое вельмі сябруюць.

Веня і Сеня
Не магу сказаць, што ўсё было гладка. Здараліся пашкоджаныя рэчы, пабітыя вазоны з кветкамі, бывае і зараз. Але мы гатовы прабачыць усё за позірк сабакі, калі ён сустракае цябе ўвечары. Усё дараваць кату, які муркае на тваіх каленях. Мой калега Алег Новікаў у сваім артыкуле трапна заўважыў, што «праз захапленне хатнімі жывёламі чалавецтва дэманструе фенаменальную здольнасць да спагады і клопату. За кошт гэтага свет у хуткім часе будзе больш добрым і негвалтоўным». І, ведаеце, я з ім пагаджуся. Апошнія некалькі гадоў падчас шпацыраў з Басей заўважаю ўсё больш людзей з былымі беспрытульнымі сабакамі (а я як фотаваланцёр былых валацугаў добра адрозніваю і амаль ніколі не памыляюся). Гэта добры знак! Будзем спадзявацца, што грамадства пачынае ставіцца больш уважліва і спагадліва да тых, хто ў гэтым мае патрэбу.
Часцяком, убачыўшы фота таго ці іншага небаракі, людзі імпульсіўна вырашаюць забраць яго, не вельмі ўяўляючы далейшае развіццё падзей. І здараецца, што праз некалькі дзён котка ці сабака вяртаюцца на ператрымку, а бывае — зноў апынаюцца на вуліцы. Менавіта таму куратары вельмі падрабязна пытаюцца ў будучых уладальнікаў пра ўсе хатнія ўмовы, матэрыяльнае становішча, досвед жыцця з жывёламі і іншае. Для любога ката ці сабакі змена месца жыхарства — вялікі стрэс. Не трэба чакаць, што адразу кот, які зведаў шмат пакут на вуліцы, будзе муркатаць у вас на каленях, ці сабака, які яшчэ добра памятае пінкі, холад і голад, будзе паслухмяна хадзіць на павадку. Вядома, бываюць выключэнні, але толькі час, увага і любоў абавязкова зробяць з былога небаракі паўнавартаснага чальца сям’і. Таму, калі вы хочаце прыняць у сваю сям’ю беспрытульнага «хваста», каб пазбегнуць розных непрыемных момантаў вось вам некалькі парад:
2. Парайцеся з усімі чальцамі сям’і, ці згодныя яны з вашым рашэннем. Калі раней у вас не было хатніх жывёл, лепш здаць аналіз на алергены, каб выключыць магчымасць алергіі.
3. Паважліва стаўцеся да пытанняў куратара і слухайце яго, будзьце гатовыя падпісаць дамову аб перадачы вам жывёлы. Некаторыя куратары самі прыязджаюць да патэнцыйных уладальнікаў, каб на свае вочы пераканацца ў тым, што для «хваста» будуць створаны ўсе ўмовы. Асабліва калі ў вас раней не было досведу ўтрымання гадаванца.
4. Калі жывёла яшчэ не стэрылізаваная, трэба будзе гэта зрабіць — дзеля таго, каб істотна знізіць магчымасць анкалагічнага захворвання ў будучыні. Многія куратары дапамагаюць гэта арганізаваць.
5. Будзе лепш, калі ў вас атрымаецца пабыць дома першыя 2-3 дні пасля пераезду да вас новага чальца сям'і — гэта дапаможа яму хутчэй прызвычаіцца да вас і новага дома. Не рабіце рэзкіх рухаў і гучных гукаў, якія могуць напужаць жывёлу.
6. Калі вам здаецца, што штосьці ідзе не так — не саромцеся патэлефанаваць куратару і папытаць парады. Пачытайце тэматычныя форумы ў інтэрнеце.
Рабіць дабро не цяжка. Добрага здароўя вам і вашым цяперашнім і будучым гадаванцам!