З вядром на галаве і без вушэй: Топ-5 помнікаў савецкай эпохі, што з’явіліся ў незалежнай Беларусі
Калі ў іншых постсавецкіх краінах Сталінаў ды Ленінаў менее, у нас яны працягваюць усплываць з небыцця. Апошні прэцэдэнт – з’яўленне профілю Леніна на трыумфальнай арцы ў Магілёве… А дзе яшчэ?

На сайце budzma.by. паспрабавалі сабраць топ-5 самых скандальных савецкіх помнікаў, якія з’явіліся за апошнія 27 гадоў альбо проста вярнуліся пасля перапынку на свае старыя пастаменты.
Лінія Сталіна: “вождзь” без вушэй
Самы вядомы Сталін краіны “красуецца” на лініі свайго ж імя, якая паспела стаць турыстычнай атракцыяй. Адкуль узяўся гэты бюст? Некалі “вождзь” красаваўся ў Івянцы, але, паводле мясцовай байкі, яго патрушчыў былы “лясны брат”, які вярнуўся на Радзіму з ГУЛАГа пасля 1956 года. На фоне “развянчання культу асобы” былы палітвязень нібыта і не пацярпеў моцна пасля інцыдэнту, а вось Коба – пацярпеў: помнік застаўся без вушэй.

Доўгія гады бюст захоўваўся на задворках нейкага мясцовага мехдвара і зноўку ўсплыў толькі пасля адкрыцця Лініі Сталіна. Пры гэтым першы час так і стаяў без вушэй. Пасля вушы даручылі дарабіць мясцоваму скульптару. Кажуць таксама, што Уга Чавес падчас свайго візіту на Лінію ўскладаў кветкі яшчэ да “бязвухага” Сталіна…
Ленін ля МТЗ: бойка пад дажджом
Помнік Леніну каля прахадной МТЗ з’явіўся пару гадоў таму з ініцыятывы дырэкцыі завода. На адкрыццё апроч рабочых і АМАПа прыйшлі сталічныя камуністы. Падчас урачыстасці ўспыхнуў канфлікт, які перарос у бойку: на адкрыццё прыйшлі таксама і антыкамуністы з плакатамі ў выглядзе рэзанансных цытатаў Ільіча.


Штурханіна суправаджалася крыкамі і скандаваннем лозунгаў з абодвух бакоў пад халодным восеньскім дажджом. Актывістаў арыштавалі, а помнік застаўся сабе стаяць на месцы, вітаючы рабочых штораніцы.
“Алея герояў” у Свіслачы: ад Каліноўскага да Сталіна
Свіслач, невялічкае мястэчка на поўдні Гарадзеншчыны, можа пахваліцца ўнікальнай для Беларусі “Алеяй герояў”. Гэта, мабыць, і ёсць адлюстраваннем стракатай ідэалагічнай карціны ў галовах нашых суайчыннікаў. Тут вам і Ленін, і Сталін, і Каліноўскі, і Траўгут, і помнік “афганцам”…


Насамрэч Сталін на пастаменце з’явіўся даволі позна: фактычна, яго паставілі ў супрацьвагу паўстанцам – Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту. Мясцовыя ідэолагі палічылі патрэбным разбавіць кампанію нацыянальных герояў, а ў выніку атрымаўся поўны “вінегрэт у камені”.
Ленін у Сапоцкіне: сабралі, як пазл, і паставілі на месца
Мястэчка Сапоцкін – гэта самы захад Гарадзеншчыны, мяжа зусім блізка. Тут пануе каталіцкі дух, а мясцовыя па-ранейшаму трымаюцца старых польскіх традыцыяў: адзіная ў краіне вуліца імя Яна Паўла ІІ менавіта тут. Быў у Сапоцкіне і свой Ленін, якога сапоцкінцы зрынулі яшчэ ў пачатку 1990-х, нічога не баючыся і ні ў кога не пытаючыся.

Часы змяніліся: па загадзе “зверху” Леніна трэба было вяртаць. Але што рабіць, калі ён разбіты на некалькі кавалкаў (па лініі грудзей і па нагах)? Правільна, склеіць! Сказана –зроблена, але нават цяпер праз слаі фарбы праглядаюцца тыя шнары-пераломы. Зрэшты, нават пасля вяртання сапоцкінцы не раз дэманстравалі сваё стаўленне да помніка: аднаго ранку, напрыклад, на галаве Леніна аказалася металічнае вядро…
Помнік чэкістам: “крылаты гусар” Дзяржынскі
Памятны знак “Шчыт Айчыны” з’явіўся ў Мінску ў 2012 годзе. Кампазіцыя даволі мазаічная: тут вам і савецкі жаўнер часоў Другой сусветнай, і сучасны супрацоўнік КДБ, і, канечне ж, “Жалезны Фелікс”. Усё гэта дапаўняюць выявы Холмскіх варотаў Брэсцкай крэпасці, абеліска на плошчы Перамогі, Сафійскага сабора ў Полацку.

Цікава, што па полі шчыта раскіданыя некалькі выяваў буслоў. Адной з птушак не бачна, але яе крыло нібыта вырастае з левага пляча Фелікса Эдмундавіча, што робіць яго падобным да крылатага гусара часоў Хадкевіча ці Януша Радзівіла.
Алесь Кіркевіч, budzma.by