Устаноўка помніка дзецям вайны ў Мёрах каштуе амаль удвая даражэй самой скульптуры

ЖКГ Мёрскага раёна абвясціла тэндар на ўстаноўку дэкаратыўнай скульптуры «Дзеці свету — дзецям вайны» і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

stones_450329_960_720_600x400.jpg

Арыенціровачны кошт гэтых работ, якія павінны быць выкананы да канца кастрычніка, складае 9661 рубель. Фінансавацца ўстаноўка помніка і добраўпарадкаванне тэрыторыі будзе з уласных сродкаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
У Мёрах хочуць усталяваць кампазіцыю ў выглядзе разбуранай дзіцячай пляцоўкі: на пясочніцы размесцяць гранітныя кубікі і мячык, а зверху пасадзяць голуба — таксама з граніту. На гранях кубікаў збіраюцца выгравіраваць выявы цацак і літары, з якіх можна скласці слова «МІР». На двух ніжніх кубіках будуць пазначаны 1941 і 1945 гады.
На адзін з кубікаў на дзве грані нанясуць першы куплет песні «Несумяшчальныя дзеці і вайна»:
«Играют дети всей земли в войну,Но разве о войне мечтают дети?Пусть только смех взрывает тишинуНа радостной безоблачной планете!
М. Садовский»
Новы манумент будзе вышынёй 2,4 метра і зойме плошчу 3 на 3 метры. Арыенціровачны кошт помніка — 4600 рублёў. Аднак тэндар на яго выраб не адбыўся, заяўкі прымаліся з 5 па 14 верасня.
Агульны кошт устаноўкі гэтай дэкаратыўнай скульптуры ў Мёрах, такім чынам, складзе 14 261 рубель.
«Народныя навіны Віцебска»