Траіх мінчан асудзілі да «хіміі» з накіраваннем і без за спальванне масленічнага пудзіла на прыватным участку

Напрыканцы лютага кампанія з двух дзясяткаў чалавек вырашыла адсвяткаваць Масленіцу на дачным участку, але ў выніку смажанне шашлыкоў са спальваннем пудзіла Зімы скончылася аблавай АМАПа, адміністрацыйнымі арыштамі і крымінальнай справай за абразу прэзідэнта. Сёння суд Маладзечанскага раёна вынес па ёй прысуды траім жыхарам Мінска.

1631554170450_logo.jpg

Суд Маладзечанскага раёна. Фота Дзіяны Серадзюк

«Макет чалавека меў знешнія прыкметы, сходныя з прыкметамі прэзідэнта»

Разглядаў справу суддзя Алег Лагачоў, пракурор — Алена Балоціна. Абвінавачанне грунтавалася на відэазапісе з месца святкавання, на якім было бачна, як некалькі мужчын спальваюць пудзіла. Адметна, што літаральна на наступны дзень гэтае відэа было апублікаванае на сумнавядомым тэлеграм-канале «Жёлтые сливы».
Паводле абвінавачання, Аляксандр Галкоўскі «ў групе асобаў сумесна з Багданам Шымановічам і Андрэем Хадкевічам, маючы злачынны намер на здзяйсненне злачынства супраць парадка кіравання, накіраваны на публічную абразу і прыніжэнне гонару і годнасці асобы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А. Р. у сувязі з ажыццяўленнем ім паўнамоцтваў, ускладзеных Канстытуцыяй і іншымі заканадаўчымі актамі, 27 лютага 2021 года ў неўстаноўлены перыяд часу, але не пазней за 16 гадзін, знаходзячыся на тэрыторыі дачнага ўчастка, размешчанага ў аграгарадку Гарадок Маладзечанскага раёна, вырабіў макет чалавека, на які павесіў таблічку з нанесеным тэкстам “Восток – в Гаагу”. Макет чалавека меў знешнія прыкметы, сходныя са знешнімі прыкметамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А. Р. Пасля чаго, працягваючы свой злачынны намер, ён устанавіў указаны макет на тэрыторыі ўказанага дачнага ўчастка і з выкарыстаннем газавай гарэлкі, сумесна з Шымановічам, які выкарыстоўваў газавую гарэлку, а таксама Хадкевічам, які выкарыстоўваў вадкасць для распальвання, наўмысна дэманструючы сацыяльную нецярпімасць і жаданне прадставіць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у прыніжаным становішчы ў вачах грамадскасці, кіруючыся нізкімі меркаваннямі, падпаліў указаны вышэй макет чалавека, знішчыўшы яго, тым самым здзейсніўшы публічную абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сувязі з выкананнем ім сваіх паўнамоцтваў, і здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 17 і ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, здзейсненая групай асоб)».  
Ні Галкоўскі, ні Шымановіч, ні Хадкевіч вінаватымі сябе не прызналі. Ніхто з іх раней не быў судзімы і не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці — за выключэннем 15 сутак арышту па гэтай справе.

«Я палітыкай не цікаўлюся»

Першым у судзе дапыталі Андрэя Хадкевіча, 56-гадовага шліфоўшчыка з Мінска. Да 27 лютага ён не быў знаёмы з Галкоўскім і Шымановічам, пазнаёміўся, калі прыехаў на лецішча ў Маладзечанскім раёне. Адсвяткаваць Масленіцу і пасмажыць шашлыкі на прыродзе Хадкевічу за два дні да гэтага прапанавала сястра.
Адразу адмовіўся. Але пасля наведвання ўрача ў пятніцу, 26 лютага, згадзіўся, бо ў панядзелак трэба было зноў класціся ў бальніцу, — распавёў мужчына.
Справа ў тым, што ў снежні 2020-га ён перанес інфаркт і правёў у шпіталі два месяцы. Цяпер ён праходзіць лячэнне і мае групу інваліднасці. Выезд на прыроду мужчына ўспрыняў як добрую магчымасць адпачыць, бо выязджаць за горад удаецца нячаста.
Андрэй Хадкевіч сцвярджаў, што не ведаў, да каго едзе, маршрут яму таксама быў невядомы — пра ўсё дамаўлялася яго пляменніца. Сярод удзельнікаў святкавання, апроч сястры і пляменніцы, знаёмых у яго таксама не было. Толькі ў працэсе смажання шашлыкоў ён пазнаёміўся з Шымановічам і Галкоўскім, якому і належыць дачны ўчастак.
Як распавёў абвінавачаны, пудзіла ён убачыў, калі выйшаў з дому, куды заходзіў пагрэцца. Хто яго рабіў і ўстанаўліваў, яму невядома. На пытанне дзяржабвінаваўцы, як выглядала пудзіла, Хадкевіч адказаў:
Як пудзіла. Зроблена з саломы, на ім была чырвоная куртка і зялёныя штаны. Галава — белы мяшок.
Хадкевіч не звярнуў увагі, ці было нешта выяўлена на твары пудзіла, а таксама што было напісана ў яго на таблічцы. Падабенстваў з якімі-небудзь людзьмі і, у прыватнасці, з Лукашэнкам, абвінавачаны ў падзіла не заўважыў.
Па словах мужчыны, пудзіла спрабаваў падпаліць гаспадар сядзібы Галкоўскі, але ў яго нічога не атрымлівалася.
Каля мяне стаяла вадкасць для распальвання, я падыйшоў, папырскаў ёй знізу пудзіла і адыйшоў. Не запальвалася, таму я вырашыў дапамагчы. Гэта мая асабістая ініцыятыва. Потым Шымановіч і Галкоўскі падпалілі пудзіла гарэлкамі, — тлумачыў у судзе абвінавачаны.
Мужчына сцвярджаў, што ў яго не было мэты абразіць Аляксандра Лукашэнку, з якім ён асабіста не знаёмы.Ён таксама ўзгадаў, што пазней непадалёк ад пудзіла з’явіўся белы з чырвонымі ўстаўкамі парасон. Хто яго прынёс і навошта, Хадкевічу было невядома. Ён зазначыў, што палітычных размоваў з удзельнікамі святкавання не вёў, у акцыях пратэсту ён ніколі не ўдзельнічаў, ні ў якіх сацсетках не зарэгістраваны. «Я палітыкай не цікаўлюся», — канстатаваў мужчына.
Пудзіла згарэла цалкам, Хадкевіч зрабіў некалькі фотаздымкаў на свой тэлефон — на памяць. А недзе праз паўгадзіны — гадзіну на ўчастак прыбыў АМАП і ўсіх затрымаў.
Дзяржабвінаваўца Балоціна знайшла несупадзенні ў паказаннях Хадкевіча з тым, што ён казаў на папярэдніх допытах. У прыватнасці, на судзе мужчына заявіў, што не памятае, ці нехта нешта крычаў падчас спальвання пудзіла. У пратаколе допыту ад 25 чэрвеня пазначана, што Хадкевіч сказаў: «Людзі сталі пляскаць у ладкі, крычаць. Нехта крычаў: “Не хоча сыходзіць, зараза, 26 гадоў сядзеў!”».

Скрыншот з відэа

Скрыншот з відэа


«Следчы тлумачыў сэнс надпісу на таблічцы»

Пасля Хадкевіча паказанні даваў 48-гадовы Багдан Шымановіч — у мінулым доктар анэстэзіёлаг-рэаніматолаг, а цяпер — самазаняты рамеснік. Ён быў крыху знаёмы з Галкоўскім, паколькі жыве з ім у суседніх дамах. На шашлыкі яго з жонкай запрасіла знаёмая з суседняга дома за 10 дзён да падзеі. Шымановіч распавёў, што ў «Тэлеграме» была створана група па падрыхтоўцы, якая называлася «Масленіца».
Мяне туды дадалі, мяне цікавіла дарога, бо я раней там не быў. Я не чытаў асноўную перапіску. Задаў пытанне, як дабрацца, атрымаў адказ, і ўсё, — распавёў Багдан Шымановіч.
Таксама ён напісаў у чаце, што бярэ на сябе прыгатаванне шашлыка. Шымановіч запрасіў на святкаванне свайго аднакласніка з жонкай, а падарозе падабраў яшчэ аднаго чалавека, які вёз шашлык.
Амаль увесь час мужчына быў заняты прыгатаваннем мяса і мала сачыў за тым, што адбываецца наводдаль. Да таго ж ён пачынаў сябе дрэнна адчуваць — балела галава, слязіліся вочы, таму зрок крыху прытупіўся. У нейкі момант убачыў, што на ўчастку стаіць пудзіла, але хто яго прынёс — не бачыў. Падабенства пудзіла з Лукашэнкам абвінавачаны не заўважыў і мэты абразіць кіраўніка дзяржавы ў яго таксама не было.
Пра наяўнасць надпісу на таблічцы даведаўся толькі падчас следства. Мне следчы тлумачыў яе сэнс, — зазначыў Шымановіч.
Калі ён смажыў шашлык, пачуў, як нехта сказаў: «Дайце гарэлку, не запальваецца».
Гарэлка была ў мяне, я падыйшоў і дапамог падпаліць масленічнае пудзіла, — рэзюмаваў абвінавачаны.
У той дзень, прыгадаў Шымановіч, быў моцны вецер, і па ўчастку туды-сюды катаўся бела-чырвоны парасон.
Я некалькі разоў яго папраўляў. Магчыма, ім нехта ўкрываўся. Парасон быў знойдзены ў мяне ў машыне падчас вобшуку. Каб ён не замінаў, я паклаў яго ў багажнік. Я не ведаю, чый ён, — сказаў Шымановіч.
 Як вы маглі знішчаць чужую маёмасць? Вы, не пытаючыся, падпалілі пудзіла — знішчылі чыюсьці маёмасць, — абурыўся суддзя Лагачоў.

«Выходжу — а на мяне чалавек з драбавіком»

Апошнім паказанні даваў 30-гадовы Аляксандр Галкоўскі, які працуе малодшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам чарнобыльскага сектару аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН. Менавіта яму належыць дачны ўчастак, на якім адбывалася святкаванне Масленіцы.
Па словах Аляксандра Галкоўскага, ён не ведае, хто быў ініцыятарам святкавання. Да гэтага ў кампаніі знаёмых абмяркоўвалі, што добра было б з’ездзіць на прыроду.
 У мяне ёсць свой дом, свой участак — мы нікому не будзем замінаць, і я прапанаваў: давайце ў мяне.
Галкоўскі распавёў, што яго далучылі да тэлеграм-чата «Масленіца 27.02», дзе ў тым ліку абмяркоўвалі пудзіла Зімы. Чыя гэта была ідэя, абвінавачаны не памятае.
 Я прапаноўваў зрабіць яго чырвона-зялёным, я валодаю колеравай семантыкай і арнаменталогіяй беларусаў — гэта ніяк не дысануе. Але потым ад гэтай ідэі адмовіўся. Нехта з удзельнікаў чата даслаў інфармацыю з інтэрнэта, што за нейкія пудзілы кагосьці асудзілі. Мне такое не трэба, — растлумачыў мужчына.  
Па яго словах, канкрэтыкі наконт таго, хто будзе вырабляць пудзіла Зімы, не было. Але яго падабенства з Лукашэнкам Галкоўскі адмаўляе.
Я пайшоў да сябе ў майстэрню, узяў абрэзкі дошак і шрубавёртам скруціў аснову. У мяне было сена, нехта прынёс адзежу, паклаў на стол. Хто рабіў галаву — не ведаю, я пры гэтым не прысутнічаў. Калі вярнуўся ў майстэрню, яна была — белы шар з тканіны.
Абвінавачаны сцвярджае, што не паспеў прачытаць надпіс на таблічцы, хто яе рабіў таксама не ведае. Тое, што на галаве пудзіла з’явіліся дзве рыскі, падобныя на вусы, знаўцу народных традыцый не здзіўляе.
Паводле беларускай народнай міфалогіі, Зіма была мужчынскага роду, а з прыходам хрысціянства адбыўся гендарны пераход, — патлумачыў ён.
Гэтую тэзу пацвердзілі далучаныя пазней адвакатам да справы матэрыялы з навуковай літаратуры.
У гісторыі з падпальваннем пудзіла Галкоўскі паўтарыў паказанні Шымановіча і Хадкевіча. Па словах гаспадара ўчастка, яно гарэла секунд 20 – 30. Падчас гэтага быў шум, нехта крычаў, пляскаў.
 Я пайшоў у майстэрню, каб павесіць, прабачце, фіранку ў прыбіральню, выходжу — а на мяне чалавек з драбавіком. Я не зразумеў, што гэта за канцэрт, — працягнуў Галкоўскі. — Я не лічу сябе вінаватым і не бачу тут ніякай крамолы. Я фактычна кожны год гэта раблю (спальванне пудзіла. — НЧ). Ну, вусы і вусы — можна сказаць, што Якубовіча палілі. Для мяне гэта проста пудзіла.

«Разумеў, што калі нешта не падпішу, магу не выйсці»

Таксама гаспадар участка заявіў, што колькасць удзельнікаў, якія прыехалі да яго на святкаванне Масленіцы, ён даведаўся толькі ў Маладзечанскім РАУСе, куды пасля спалення пудзіла ўсіх даставіў АМАП. З гэтых 25 чалавек Аляксандр Галкоўскі не ведаў і дзясятка.
Таксама абвінавачаны заявіў пра ціск і пагрозы пасля затрымання.
 У першую ноч у мяне было тры дадатковыя допыты, якія нідзе не фігуруюць. Людзі пэўнага целаскладу, якія не прадстаўляліся, патрабавалі ад мяне «паролі-яўкі», пагражалі тэрмінам да пяці гадоў. Верагодна, гэта былі прадстаўнікі КДБ і ГУБАЗіК.
Дзяржабвінаваўца знайшла супярэчанні паміж паказаннямі Галкоўскага ў судзе і тымі, якія ён даваў падчас допыту 11 сакавіка, калі яшчэ адбываў 15-сутачны адміністрацыйны арышт. Паводле пратаколу таго допыту, Аляксандр «з агульнай перапіскі зразумеў, што пудзіла будзе Лукі». Галкоўскі патлумачыў разыходжанні:
Я разумеў, што калі нешта не падпішу, магу адтуль не выйсці. Следчы сказаў так. Я прыняў рашэнне, каб выйсці з сутак, сказаць так. Тыя паказанні я не падтрымліваю, гэта было на эмоцыях. Прамога прымусу не было, але я ўспрыняў гэта як пагрозу, што я не выйду. Калі табе пагражаюць, што твая жонка будзе шыць рукавіцы ў гомельскай калоніі, а твой сын будзе па дзетдамах цягацца — як я павінен быў паступіць? Для мяне, як для законапаслухмянага грамадзяніна, які нават за безбілетны праезд не меў штрафаў, гэта быў шок і стрэсавы стан.
У матэрыялах справы маецца і перапіска ў «Вайберы» Галкоўскага з яго знаёмай, жыхаркай Гарадка Лінай Цывінай, якую ён запрашаў на святкаванне. Нібыта ён даслаў ёй паведамленне, у якім указаў, што будзе «спальвацца пудзіла Лукі». Але жанчына, якую апыталі на пасяджэнні ў якасці сведкі, сказала, што не заўважыла гэтага.

Што даказваюць сляды абутку і пустыя бутэлькі?

Больш за 20 сведак, апытаных у судовых пасяджэннях, заявілі, што ў іх ніякіх асацыяцый з пудзілам не было. Але пракурор палічыла, што віна абвінавачаных знайшла сваё пацверджанне. У якасці аргументаў дзяржабвінаваўца прадэманстравала «рэчыўныя доказы»: той самы БЧБ-парасон, знойдзены ў машыне Шымановіча, два мабільныя тэлефоны, вынятыя ў адной з удзельніц святкавання 28 лютага, слепкі вынятых на дачным участку слядоў абутку невядомай прыналежнасці, два газавыя балоны з гарэлкавымі насадкамі таксама невядомай прыналежнасці, адзенне і абутак Галкоўскага, дзве пустыя бутэлькі з-пад піва і з-пад шампанскага.
Пракурор папрасіла суд прыбраць з абвінавачання ч. 1 арт. 17 — злачынства, здзейсненай групай асоб, і запытала для абвінавачаных пакаранне: Галкоўскаму — 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем, Шымановічу і Хадкевічу — па 1 году і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання. Таксама з кожнага дзяржабвінаваўца прасіла спагнаць па 65 рублёў судовых выдаткаў.
Адвакаты прасілі суд апраўдаць іх падабаронных у сувязі з адсутнасцю складу злачынства. Не былі сабраныя доказы таго, што пудзіла мела падабенства з кіраўніком дзяржавы. Увогуле, спаленне пудзіла не было цэнтральнай падзеяй святкавання, многія не звярнулі на яго ўвагу, бо асноўнай мэтай мерапрыемства быў адпачынак і шашлыкі на прыродзе. У абвінавачаных не было задумы на злачынства — адпаведна, нельга тлумачыць іх дзеянні як намер.  
Адвакат Аляксандра Галкоўскага прасіла суд улічыць той факт, што ў яго на ўтрыманні знаходзіцца пяцігадовае дзіця. Больш за тое, сям’я пражывае ў жытле, выдзеленым Галкоўскаму па месцы яго працы. У выпадку прысуда, звязанага з накіраваннем у папраўчую ўстанову, з мужчынам разарвуць працоўныя адносіны і ўся сям’я застанецца без жытла ў Мінску.

«Ніколі нічога не парушаў»

У апошнім слове Аляксандр Галкоўскі сказаў:
Я — законапаслухмяны грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Усё сваё свядомае жыццё я працаваў і, спадзяюся, буду працаваць на карысць краіны. Бок абвінавачвання мне інкрымінуе, што я, на мове арыгіналу, «преступник» — чалавек, які пераступіў закон. Для мяне як для беларуса гэта не зразумела, таму што па-беларуску пераклад гучыць як «злачынец» — чалавек, які ўчыніў зло. Мне незразумела, якое ж такое зло я ўчыніў сваімі дзеяннямі на сваёй прыватнай сядзібе, якую я набыў за свае ўласнаруч заробленыя грошы і пабудаваў сваімі рукамі.
Я пагаджуся з Галкоўскім. Таксама ніколі нічога не парушаў. Я нават не ведаю, як гэта ўсё атрымалася. Проста быў вольны дзень, паехалі адпачыць. Лічу, што невінаваты, — прамовіў Андрэй Хадкевіч.  
Багдан Шымановіч у сваю чаргу нагадаў:
 Мэтай маёй паездкі ў тыя выходныя быў адпачынак на прыродзе, даўно нікуды не выбіраліся. Святкаванне заканчэння зімы — чым, уласна, мы і займаліся пасля прыезду. Тое, што нас прасілі дапамагчы нешта падпаліць, для мяне з’яўляецца абсалютна натуральным. Я большую частку часу знаходзіўся ў мангальнай зоне, усе сродкі для падтрымання агню і смажання шашлыка былі ў непасрэднай блізкасці, і калі я пачуў фразу «У каго гарэлка? Дапамажыце распаліць!» — я без задняй думкі падыйшоў і дапамог падпаліць масленічнае пудзіла, якое там знаходзілася. Ні з якой асобай я яго не асацыяваў, проста звычайнае масленічнае пудзіла. Больш за тое: калі б у яго былі нейкія прыкметы любога канкрэтнага чалавека, я б не стаў гэтага рабіць, гэта нават не па-хрысціянску. Калі я кагосьці пакрыўдзіў — я не меў такой задумы абсалютна. Я вельмі цяжка перажываю ўсё, што цяпер адбываецца. У мяне цудоўная сям’я, выдатныя дзеці, цікавая праца, дастаткова пажылыя бацькі. Мне ёсць дзеля чаго жыць, развівацца і ніяк не пераступаць закон — чаго ў думках у мяне ніколі не было, я такога не здзяйсняў і здзяйсняць не планую.
У выніку суддзя прызнаў Багдана Шымановіча, Андрэя Хадкевіча і Аляксандра Галкоўскага вінаватымі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (публічная абраза прэзідэнта) і прысудзіў: Галкоўскаму — 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем, Шымановічу — 1 год абмежавання волі з накіраваннем, Хадкевічу — 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання. Мера стрымання для ўсіх фігурантаў — падпіска аб нявыездзе. Тэрмін пакарання Хадкевіча адлічваецца з дня пастаноўкі на ўлік у РУУС, Галкоўскага і Шымановіча — з дня пастаноўкі на ўлік у папраўчай установе. Таксама суддзя пастанавіў спагнаць у роўных долях з Галкоўскага, Хадкевіча і Шымановіча судовыя выдаткі ў памеры 195,19 рубля, то-бок, па 65,07 рубля з кожнага.