За заклікі да санкцый у Беларусі асуділі мінімум 188 чалавек. Хронікі рэпрэсій 7 сакавіка

У Беларусі за чатыры гады мінімум 188 чалавек асудзілі паводле арт. 361 КК за «заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». Гэтая крымінальная норма стала адным з інструментаў рэпрэсій пасля пратэстаў 2020 года, дазваляючы караць за выказванні ў сацыяльных сетках і медыя. «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі па стане на 7 сакавіка. 

1_1097_1.png

Пад пераслед трапляюць не толькі актывісты і палітыкі, але і прадстаўнікі розных прафесій — адвакаты, журналісты, праваабаронцы, лекары і прадпрымальнікі. Сам артыкул юрысты называюць інструментам палітычных рэпрэсій, які не адпавядае міжнародным стандартам правоў чалавека, а пераслед па ім — запужваннем людзей.

«Вясна» распавядае, каго і як у Беларусі пераследуюць за «заклікі да санкцый».

Пачынаюць судзіць журналістку Паліну Піткевіч

Паліна нарадзілася ў 1994 годзе. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ (2016). Яна захаплялася тэатрам і нейкі час грала як актрыса ў Лабараторыі сацыяльнага тэатра ў Мінску. Як журналістка пісала на культурніцкія тэмы.

Таксама Паліна вядомая сваёй любоўю да жывёл — на яе старонках у сацсетках можна знайсці мноства аб’яў пра дапамогу бяздомным хвастатым. Па словах знаёмых, у Паліны ў самой дома жыў не адзін выратаваны кот, пісала «Наша Ніва».

7 сакавіка Паліну пачалі судзіць у Мінскім гарадскім судзе. Яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фарміраванні» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Суддзя — Святлана Чарапанава.

Калі ў чэрвені 2024 года КДБ Беларусі абвясціў (https://t.me/viasna96/26497) праект Media IQ экстрэмісцкім фармаваннем, то называў Піткевіч сярод яго ўдзельнікаў.

Беларускай актывістцы Аляксандры Васілевіч, якая ўжо сем гадоў жыве ў ЗША, патэлефанавалі з КДБ

Пра гэта паведамляе @nebovkletku. «Мне сёння тэлефанавалі на беларускі нумар з УКДБ па Гродзенскай вобласці з запрашэннем на размову. На пытанне прадставіцца і выслаць позву супрацоўнік сказаў, вось прыйдзеце і прадстаўлюся. Тэма гутаркі таксама засталася нераскрытай («паразмаўляць і пазнаёміцца»), як і пытанне як наогул пра мяне ўспомнілі, калі я не актыўнічала ў Беларусі апошнія 7-8 гадоў. Размова скончылася, калі яму стала зразумела, што я не прыйду і пад'ехаць да мяне на размову яму таксама наўрад ці атрымаецца», — распавяла актывістка ў Facebook.

У Беларусі яна 10 гадоў займалася палітычным актывізмам. Апошнім часам узначальвала гродзенскую арганізацыю Аб'яднанай грамадзянскай партыі і моладзевую арганізацыю АГП «Маладыя дэмакраты».

Высветліўся прысуд палітвязню з Гомеля

Мужчыну рэпрэсавалі ў 2023 годзе, але праз закрытасць суда не было вядома, на які тэрмін карнікі вырашылі яго зняволіць, піша Флагшток.

16 кастрычніка 2023 года ў Гомельскім абласным суддзя Сяргей Салоўскі асудзіў мясцовага жыхара Уладзіслава Наважэнцава за распальванне варажнечы (частка 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса), абразу Лукашэнкі (ч. 1 артыкула 368 КК) і абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Праз закрытасць судоў і пераслед за наведванне судовых пасяджэнняў і распаўсюд інфармацыі пра іх, праваабаронцы не маглі высветліць, якім менавіта чынам Салоўскі пакараў Наважэнцава.

Цяпер атрыманая інфармацыя пра тое, што Сяргей Салоўскі ў сваім прысудзе загадаў зняволіць Уладзіслава Наважэнцава на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму. 22 снежня 2023 года апеляцыйную скаргу Наважанцава разглядалі ў Вярхоўным судзе, але нічога не змянілі. Цяпер Уладзіслаў Наважэнцаў знаходзіцца ў Магілёве ў калоніі № 15.

5 студзеня 2024 года МУС дадаткова абмежаваў правы Наважэнцава, дадаўшы яго ў свой так званы «спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». А пасля таго, як праваабаронцы даведаліся пра падставы для пераследу Уладзіслава, яны 22 жніўня 2024 года вызналі яго палітычным зняволеным.

«Экстрэмістаў» чакае пажыццёвая забарона на педагагічную дзейнасць? 

Група Спецыяльных дакладчыкаў ААН звярнулася напрыканцы лютага да ўрада Беларусі з нагоды прынятага ў першым чытанні законапраекта «Аб папраўках у законы аб забеспячэнні правоў дзяцей». Паводле гэтага законапраекта, асобам, якія былі асуджаныя за «злачынствы экстрэмісцкага характару», альбо асуджаных паводле артыкулаў Крымінальнага кодэкса, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, будзе забаронена займацца педагагічнай дзейнасцю і займаць пасады, звязаныя з рэгулярнай працай з дзецьмі, піша Вясна.

Гэтая забарона будзе дзейнічаць незалежна ад таго, ці была знятая судзімасць, ці спынены крымінальны пераслед у сувязі са сканчэннем тэрміну даўніны або па амністыі».

Спецдакладчыкі ў звароце да ўрада Беларусі  нагадваюць, што расплывісты і празмерна шырокі тэрмін «экстрэмізм» не мае пад сабой абавязковых нормаў міжнароднага права і, калі ён ужываецца ў якасці крымінальна каральнай катэгорыі, несумяшчальны з прынцыпам прававой дакладнасці, прадугледжаных артыкулам 15 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), ратыфікаванага Беларуссю:

«Мы зноў звяртаемся да ўрада з заклікам прывесці беларускае заканадаўства аб супрацьдзеянні тэрарызму і экстрэмізму і адпаведныя палажэнні Крымінальнага кодэкса ў адпаведнасць з міжнародным правам, уключаючы міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека… Таксама мы адзначаем, што ў выпадку прыняцця законапраекта ён прадаставіць празмерную свабоду дзеянняў органам выканаўчай улады, што можа прывесці да парушэнняў права кожнага чалавека на магчымасць зарабляць сабе на жыццё працай, якую ён свабодна выбірае, у адпаведнасці з артыкулам 6 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, ратыфікаваных Беларуссю і ўяўляюць сабой забароненую дыскрымінацыю па прыкмеце палітычных ці іншых перакананняў».

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 33 прозвішчы — цяпер у ім 5023 чалавекі

7 сакавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Украіны Вячаслава Бародзія, бізнесоўца Генадзя Саўрыцкага, журналістку Вольгу Радзівонаву, а таксама 71-гадовую Ніну Барысевіч. Паведамляецца, што ў дачыненні да яе набыў моц прысуд суда Маскоўскага раёну Мінска паводле ч. 1 арт. 342 КК. У спісе МУС пазначана, што яе «судзімасць не пагашана».

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

Telegram-каналы і чаты «Диаспоры Беларуси против войны Дзечат:dze.chаt», «Напильники», «Crimethlnc. Ex-Workers

Collective», «Хранители», «Чат ПарламентБел», «Выведка "ТЭРОР"», «ГЦУ "ТЭРОР"», «Суполка Беларусы Уроцлава», «Оперативний ЗСУ»;

Instagram старонкі «belarusian», «zubr_in», «eurobelarus», «alieh_baradzin», «belaryski.patruyot.47», «storks_histoty»;

Інтэрнет-старонка «belpol.prо»;

Старонка ў Аднакласніках «Виталий Рымашевский»;

Старонкі ў TikTok «nexokeist», «kirillsarychevrlz», «Sapraudny Liwin», «Александр».