Генпракуратура абвінаваціла аўтараў фільма пра сталінскія злачынствы ў адмаўленні генацыду. Хронікі рэпрэсій 5 сакавіка

На сайце генпракуратуры з’явілася паведамленне, што аўтары дакументальнай стужкі «Выжыў пасля расстрэлу. Лес» адмаўляюць генацыд беларускага народа падчас Другой сусветнай вайны. «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра рэпрэсіі, што адбываюцца ў Беларусі цяпер. 

1_1097_1.png

Пазіцыя генпракуратуры грунтуецца на тым, што ў фільме нібыта ставіцца пад сумнеў афіцыйная версія вынікаў раскопак у Шчакатоўскім лесе пад Гомелем, якую праводзіла «следчая група Генпракуратуры ў масіве Чонкаўскага лясніцтва». Згодна з заключэннямі праўладных экспертаў, там былі знойдзеныя не ахвяры сталінскіх рэпрэсій, а парэшткі грамадзян, забітых нацыстамі падчас акупацыі Беларусі ў гады вайны.

Рэжысёрка Марыя Булавінская зазначае, што ў фільме распавядаецца тое, што яшчэ да вайны Шчакатоўскі лес мог выкарыстоўвацца НКУС у якасці палігону для расстрэлаў апанентаў савецкай улады. Паводле Марыі, нервовая рэакцыя на стужку паказвае слабасць аргументацыі ўладаў, піша «Штодзень».

Марыя Булавінская:

— Мы хацелі адлюстраваць сённяшнюю пазіцыю ўладаў. Таму ў фільме мы паказалі гомельскага пракурора Шынкарова, які выказваецца на тэму знойдзеных у лесе чалавечых парэштак. Можа, улады ўбачылі ў стужцы небяспеку для сваёй версіі? Я радая, што ў фільме нам удалося сабраць дастаткова пераканаўчыя факты, якія сведчаць, што забойствы апанентаў савецкай улады праходзілі яшчэ ў 1930-я гады. Напрыклад, згадваецца гісторыя чыноўніка, які выжыў у гэтым лесе пасля расстрэлу. І падчас стварэння фільма мы знайшлі пацвярджэнне гэтай гісторыі. Насамрэч ёсць вельмі шмат крыніц, якія даводзяць, што ў гэтым лесе пад Гомелем расстрэльвалі супрацоўнікі НКУС. Тое, што яны цяпер так агрэсіўна рэагуюць на фільм, – гэта іх уласныя страхі, напэўна, наконт таго, што афіцыйная версія «пра злачынствы нацыстаў» з’яўляецца слабай. Гомельскія ўлады ўвесь час сцвярджаюць, што ў 1930-я не было масавых ахвяр сталінізму і масавых рэпрэсій, хоць гэта не так. Гэта яны насамрэч супрацьпастаўляюць сваю версію даследаванням гісторыкаў 1990-х і цяперашніх даследчыкаў.

Дакументальны фільм «Лес» распавядае некалькі рэальных гісторый 1930-х пра сталінскія рэпрэсіі. Паводле даных археалагічных раскопак у 1995 годзе, у гэтым лесе супрацоўнікі НКУС расстрэльвалі савецкіх грамадзян. У стужцы ўдзельнічае зорны акцёрскі склад: Алег Гарбуз, Святлана Зелянкоўская, Мікіта Хвалюк, Максім Шышко. Рэжысёр — Марыя Булавінская. У студзені 2025 года фільм «Лес» унеслі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фармаванні»

Гэта праекты «Democratic Media Institute», «Nastaunik.іnfo», «Пра Віцебск». Усе яны былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» па рашэнні КДБ.

Паводле ведамства, дачыненне да «Democratic Media Institute» маюць грамадзянін Літвы Герман Бернотас (Гардзееў), а таксама Марыя Буднік, Сяргей Сацюк, Георгій Загайнаў, Ганна Валынец, Дзмітрый Гамеза, Мікіта Моніч, Дзмітрый Новікаў, Аляксандр Кухта, Андрэй Казакевіч, Яраслаў Раманчук, Максім Жбанкоў, Аляксандр Чарнуха, да «Nastaunik.іnfo» — Людміла Рыбчынская, Святлана Іванюшына, Мікалай Запрудскі, Алена Казлова, Тамара Мацкевіч, Ірына Яфрэмкава, Марына Зялёная (Калініна), да «Пра Віцебск» — Ірына Базылевіч, Сяргей Пятроў, Яўгенія Патапава, Наталля Лантух.

Больш за 50 палітвязьняў асудзілі за «непадпарадкаванне турэмнай адміністрацыі»

Праваабаронцам вядома пра 53 палітвязняў, якія сутыкнуліся з абвінавачаннем у «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы», якія выстаўляюць зняволеным па сукупнасці дысцыплінарных спагнанняў (артыкул 411 Крымінальнага кодэксу), піша «Свабода».

Сярод іх як мінімум 8 палітвязняў, якія працягваюць адбываць пазбаўленне волі ў сувязі з прысудам па гэтых абвінавачаннях.

Паводле праваабаронцы «Вясны» Леаніда Судаленкі, 411-ы артыкул шырока прымяняецца менавіта да палітвязняў. На яго думку, гэты метад ціску выбраны ўладамі адносна палітвязняў менавіта за іхную палітычную пазіцыю і тое, што яны ад яе не адмаўляюцца.

Праваабаронца кажа, што суды паводле 411-га артыкула КК праходзяць «на аўтамаце».

Паводле «Вясны», у лютым 2025 году працягвалася і практыка судоў над палітвязнямі за былыя нібыта злачынствы. Так, супраць палітвязня Кірыла Вевеля, раней асуджанага на 3 гады пазбаўлення волі, завялі новую крымінальную справу праз абвінавачанне ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні».

Магілёўца адправілі на «хімію» на два з паловай гады за «клас» у «Аднакласніках»

Як стала вядома MAYDAY TEAM, у студзені судом Кастрычніцкага раёна Магілёва мясцоваму жыхару быў вынесены прысуд за «абразу Лукашэнкі» (ч.1 арт. 368 КК РБ). 

Паводле матэрыялаў справы, магілёвец у лістападзе 2021 года адрэагаваў на публікацыю ў адной з супольнасцяў, якая «ўтрымлівала выяву і пісьмовы тэкст у ненарматыўнай форме з негатыўнай ацэнкай» Аляксандра Лукашэнкі.

Вядома, што абвінавачаны прызнаў сваю віну і «чыстасардэчна раскаяўся». Судом Кастрычніцкага раёна Магілёва ён быў прысуджаны да 2 гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ («хімія»).

Паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, асуджаным можа быць Анатоль Берагейка — у студзені ў судзе Кастрычніцкага раёна паводле ч. 1 арт. 368 КК РБ разглядалася толькі ягоная справа. У канцы студзеня Міністэрства ўнутраных спраў РБ унесла Берагейку ў так званы «спіс асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

У 15-тысячным Астраўцы за «распаўсюд экстрэмізму» ў мінулым годзе канфіскавалі 51 тэлефон

У Астравецкім раёне за 2024 год па артыкуле аб «распаўсюдзе экстрэмізму» асудзілі 51 чалавека, паведаміла @zerkalo_io са спасылкай на «Астравецкую праўду». Пры гэтым, ва ўсіх гэтых людзей канфіскавалі тэлефоны.

Адзначым, што мясцовая раёнка рэгулярна справаздачыцца аб самых распаўсюджаных парушэннях у раёне за тыдзень — і амаль заўседы «распаўсюд экстрэмізму» сярод лідараў гэтага антырэйтынгу. Напачатку верасня ў райвыканкаме нават праводзілі спецыяльную нараду — сярод іншага, абмяркоўвалі вялікую колькасць «распаўсюду экстрэмізму» ў раёне.

У Чачэрску хлопца будуць судзіць за «масавыя беспарадкі»

Жыхара Чачэрска Рамана Емяльянава збіраюцца судзіць 14 сакавіка ў мясцовым судзе. Яму інкрымінуюць ч. 3 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Судовы працэс будзе ўзначальваць суддзя Мікалай Сергіевіч.

У чым менавіта абвінавачваюць Рамана — невядома, піша «Гомельская Вясна».

Паведамляецца, што ў мінулым годзе гэты самы Мікалай Сергіевіч судзіў хлопца паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянавае пікетаванне).

Па пастанове пракурора Мінскай вобласці абмежаваны доступ да інтэрнэт-рэсурсу «Legalize Belarus»

Падставай для прыняцця такога рашэння сталі парушэнні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі».

Сцвярджаецца, што на рэсурсе публікавалася «не адпаведная рэчаіснасці "фейкавая" інфармацыя, накіраваная на фармаванне ў грамадзян ілжывай перакананасці ў адсутнасці грамадскай небяспекі шэрагу злачынстваў супраць здароўя насельніцтва, неабходнасці легалізацыі свабоднага абароту наркатычных сродкаў, іх бясшкоднасці ўжывання».

Таксама на партале «размешчаны спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы экстрэмісцкіх фармаванняў, справаздачы аб працы «дэмакратычных сіл, якія знаходзяцца за мяжой».

Сталічную настаўніцу фізкультуры пачынаюць судзіць за ўдзел у пратэстах

У судзе Ленінскага раёна Мінска 5 сакавіка пачаўся працэс над Янай Андрэеўнай Чобат. Дзяўчыне інкрымінаваны «народны» арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Суддзя — Анастасія Ачалава.

Яне Чобат 28 гадоў. Яна мінчанка. Пасля школы дзяўчына скончыла ўніверсітэт і працуе настаўніцай фізкультуры ў адной з мінскіх школ.

Таксама яна фітнэс-трэнерка. Захапляецца аматарскім трыятлонам і конным спортам, піша «Наша Ніва».

У Мінску пачынаюць судзіць гаспадыню аграсядзібы з Баранавічаў Тамару Патоцкую 

Тамару затрымалі 5 снежня 2024 года ў Баранавічах. Пазней стала вядома, што жанчыну перавялі ў Мінск у СІЗА № 1. Яе абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Судзіць Тамару пачалі 5 сакавіка ў судзе Першамайскага раёна Мінска. Суддзя Анастасія Ляйкоўская.

Паводле яе знаёмых, жанчына грамадскай актыўнасці пасля 2020 года не праяўляла. Займалася толькі аграсядзібай. Але ў 2020 годзе яна была ў ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай, была арыштавана на 15 сутак. А ў 2022 годзе атрымала штраф за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП).

У Брэсцкай вобласці на гэтым тыдні судзяць 2 чалавек за «публічную абразу Лукашэнкі» 

Так, 3-4 сакавіка такую справу разглядаў Маскоўскі суд Берасця супраць Наталлі Носавай. Суддзя Марыя Аліферук.

А сёння, 5 сакавіка, справу па такім артыкуле разглядаў яшчэ і Баранавіцкі суд супраць Івана Патаповіча. Суддзя Анастасія Паўлечка.

Улады, падобна, «адціскаюць» нерухомасць яшчэ ў аднаго асуджанага з-за палітыкі

На таргі на пляцоўцы «Белюрзабеспячэнне» выставілі жылы дом у вёсцы Пагарэльцы Нясвіжскага раёна. Яго ўладальнікам паказаны поўны цёзка аднаго з палітвязняў-Васіля Дземідовіча, звярнула ўвагу Люстэрка.

Сярод абцяжаранняў паказаны забарона здзяйснення рэгістрацыйных дзеянняў судовага выканаўцы, рэгіструючага органа.

Таргі прызначаныя на 20 сакавіка. Стартавая цэны нерухомасці — 12 560 рублёў.

Пенсіянера з Нясвіжа Васіля Дземідовіча КДБ унёс у «тэрарыстычны спіс». Яго неаднаразова судзілі за абразу прадстаўнікоў улады, суддзі, Аляксандра Лукашэнкі, а таксама арганізацыю масавых беспарадкаў. Сярод іншага мужчыну прызначылі выплату маральнай шкоды на 32 тысячы рублёў, а таксама штрафы.