Забарона на прафесію ў Беларусі — форма барацьбы з нязгоднымі
Рэальныя палітычныя прычыны пераследу працоўных у Беларусі нават не хаваюцца, яны павінны быць усім вядомыя, паколькі гэта практыка накіраваная не толькі на пакаранне нелаяльных, але і на застрашванне ўсіх астатніх.
Даследчыкі Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі і Лятучага ўніверсітэта ў супрацоўніцтве з грамадзянскімі ініцыятывамі беларусаў прадставілі справаздачу па выніках даследавання аб рэалізацыі ў Беларусі ў 2020-2022 гадах практыкі «забароны на прафесію».
Даследчыкі паспрабавалі знайсці шляхі нейтралізацыі негатыўных эфектаў для людзей, якія падвергліся рэпрэсіям, вызначыць напрамкі працы з імі, дапамогі і падтрымкі, а таксама прааналізавалі даныя аб пацярпелых ад рэпрэсій медыкаў і работнікаў сферы аховы здароўя, сабраныя Фондам медыцынскай салідарнасці Беларусі (202 кейсы), пішуць Белыя Хал*ты.
«Забарона на прафесію» — гэта сацыяльна-палітычная практыка, якая ўключае ў сябе любыя перашкоды ў ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці і з'яўляецца разнавіднасцю пераследу па палітычных і ідэалагічных матывах.
Эксперты ўключылі ў абагульненую з'яву «забарону на прафесію» наступныя віды дзеянняў улад:
- Звальненні
- Пазбаўленне ліцэнзій або неатэстацыя
- Адлічэнні з ВНУ і іншых прафесійных навучальных устаноў
- У дачыненні да прадпрымальнікаў практыкуецца стварэнне перашкод у вядзенні бізнесу
- «Чорныя спісы»
- Пазбаўленне воінскіх і спецыяльных званняў і рангаў
- Ліквідацыі НДА і недзяржаўных СМІ
У справаздачы гаворыцца, што аднаўленне практыкі «забароны на прафесію» ў Беларусі стала формай барацьбы з палітычнай апазіцыяй і іншадумствам у існуючай аўтарытарнай сістэме.
Як было аформлена звальненне, спыненне працоўных адносін?
- Звальненне па дамове бакоў — 52%
- Заканчэнне (непадаўжэнне) кантракта — 20%
- Звальненне па ініцыятыве наймальніка («па артыкуле») — 11%
- Ліквідацыя ўстановы, арганізацыі — 6%
- Неатэстацыя, непадаўжэнне ліцэнзіі — 1%
- Іншае — 11%
Адна з асаблівасцяў рэалізацыі практыкі «забароны на прафесію» ў сённяшніх умовах — гэта тое, што пры фармальнай завуаляванасці рэальных прычын звальнення (усё адбываецца ў адпаведнасці з літарай працоўнага заканадаўства), рэальныя прычыны пераследу не хаваюцца, яны павінны быць усім вядомыя, паколькі практыка накіраваная не толькі на пакаранне нелаяльных, але і на застрашванне ўсіх астатніх.
Даследчыкі адзначаюць, што сёння няма магчымасці аб'ектыўна даць ацэнку маштабам з'явы. Па-першае, нягледзячы на заявы з высокіх трыбун аб звальненнях і «чыстках», на месцах працягвае дзейнічаць практыка завуалявання падстаў для звальненняў.
Калі да 2020 года ў ахове здароўя назіраўся прырост кадраў, то ў пачатку ліпеня 2022 года Telegram-канал сайта Banki24.by паведаміў, што «па выніках 5 месяцаў 2022 года арганізацыі аховы здароўя прынялі на працу 12,8 тысячы чалавек, а звольнілі 16,6 тысячы. На чыстай аснове адток кадраў з галіны склаў 3,8 тысячы чалавек».