Забяспечыць зацвярджэнне межаў зонаў аховы Курапатаў
З такой просьбай звярнуліся да прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча прадстаўнікі грамадскасці, у тым ліку старшыня “Хрысціянскай злучнасці “Курапаты” Вацлаў Нямковіч, сябра рады гэтага грамадскага аб’яднання Алесь Макаў, археолаг Валянціна Вяргей, рэдактар электроннага архіву “Вытокі” Вацлаў Арэшка і супрацоўнік часопісу “Спадчына” Вінцук Вячорка.
У лісце, між іншым, адзначаецца, што 18 студзеня спаўняецца 25 год з дня прыняцця пастановы Савета міністраў БССР № 42 “Аб увекавечванні памяці ахвяраў масавых рэпрэсій у лясным масіве
Курапаты”. Згодна з гэтай пастановай, адпаведным міністэрствам і ведамствам было даручана правесці адкрыты конкурс на праект помніка і ўпарадкаванне ляснога масіва, распрацаваць неабходную
праектную дакументацыю, прадаставіць ва ўрад прапановы па фінансаванні гэтых прац. Прэзідыюму Акадэміі навук даручалася арганізаваць усебаковае вывучэнне прычынаў і наступстваў масавых рэпрэсій 1930
– пачатку 1950-х гадоў у Беларусі, а выдавецтву “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” – падрыхтаваць выпуск спецыяльнага выдання з мэтай увекавечвання памяці ахвяраў
рэпрэсій.
Ягоныя аўтары нагадваюць, што згодна заканадаўству, межы зонаў аховы Курапатаў, як гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння, павінны быць зацверджаны да распрацоўкі праекту
дэталёвага планавання тэрыторыі вакол мемарыялу. Аднак, на жаль, дагэтуль Міністэрства культуры не выканала сваіх абавязкаў па дзяржаўнай ахове Курапатаў і канчаткова не зацвердзіла межы зонаў аховы
гэтага помніка гісторыі і археалогіі. У сітуацыі, калі на полі з усходняга боку Курапатаў рыхтуецца будаўніцтва Міжнароднага выставачнага цэнтру агульнай плошчай 40 тыс. м2 з павільёнамі,
бізнэс-цэнтрам, кангрэс-холам, гатэлем і інфраструктурай для абслугоўвання міжнародных дэлегацый, ухіленне Міністэрства культуры ад акрэслення і зацвярджэння ўсходняй мяжы ахоўнай зоны мемарыяла
стварае пагрозу знішчэння асяроддзя гісторыка-культурнай каштоўнасці з яе ўсходняга боку, у тым ліку гістарычнага шляху (так званай “Дарогі смерці”), па якому ў даваенныя гады ў
“чорных варанках” вазілі людзей з Мінска ва ўрочышча на расстрэл.
Падпісанты лісту просяць прэм’ер-міністра забяспечыць зацвярджэнне ўсіх межаў зонаў аховы Курапатаў, на якія павінны абапірацца праекты дэталёвага планавання тэрыторыі вакол мемарыялу.
Прычым, межы ахоўнай зоны помніка неабходна зацвердзіць на аснове папярэдне прынятай у 2004 годзе схемы, з улікам заканадаўства, вынікаў раскопак і даследаванняў, а абмежаванні функцыянальнага
прызначэння суседніх аб'ектаў, запланаваных у зоне рэгулюемай забудовы, – зважаючы на меркаванні грамадскасці.