Разгляд праекту зонаў аховы Курапатаў адпавядае заканадаўству

Пра гэта гаворыцца ў адказе Генеральнай пракуратуры на ліст старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча.



kurapaty4.jpg

Нагадаем, што 27 лістапада Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры разглядала праект зонаў аховы нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”, распрацаваны КУП “Мінскграда”.
Рада згадзілася з прадстаўленымі ў праекце межамі зонаў аховы Курапат з іх паўднёвага, заходняга і паўночнага бакоў, але ў пратакол пасяджэння рады за подпісам намесніка міністра культуры, старшыні рады Аляксандра Яцко ўвайшла іншая фармулёўка:
“П.1.4. Прапанаваць у дадзеным праекце зон аховы: 1.4.1. Удакладніць усходні і паўночны участкі мяжы ахоўнай зоны, зыходзячы з узгодненага меркавання зацікаўленых адносна прапаноў па дэтальнаму плану забудовы тэрыторый, размешчаных з поўначы і з ўсходу ад гісторыка-культурнай каштоўнасці”.

На думку Астаповіча, такое рашэнне стварае не толькі мажлівасці змяньшэння зонаў аховы, але і сведчыць пра аказанне чыноўнікамі неправамернай перавагі інтарэсам інвестара пры падрыхтоўцы рашэнняў, а таксама мае прыкметы самавольнага здзяйснення свайго сапраўднага ці меркаванага права з боку Аляксандра Яцко.


Старшыня грамадскага аб’яднання прасіў Генпракуратуру ініцыяваць скасаванне рашэння рады ад 27 лістапада, правесці праверку законнасці працэдуры ўзгаднення радай праекту зонаў аховы Курапатаў; праверыць факты, маючыя прыкметы правапарушэння згодна артыкулу 20 закону аб барацьбе з карупцыяй, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці; па выніках праверкі ўзбудзіць крымінальную справу супраць Аляксандра Яцко.
Аднак у Генпракуратуры палічылі, што рашэнне рады прынята ў межах, прадастаўленых пастановай ураду № 762 ад 15 чэрвеня 2006 году “Аб некаторых пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны”. Згодна пункту 4 палажэння аб радзе, зацверджанага вышэйназванай урадавай пастановай, выпрацоўка прапаноў і рэкамендацый па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны з’яўляецца асноўнай задачай рады, у кампетэнцыю якой не ўваходзіць узгадненне праектнай дакументацыі, адзначаецца ў адказе.
Ягоны аўтар падкрэсліў, што ў адпаведнасці з пунктам 26 Інструкцыі аб складзе, парадку, распрацоўцы і зацявярджэнню праектаў зонаў аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцыяў, якая набыла сілу згодна пастановы Міністэрства культуры № 21 ад 21 траўня 2007 году, зацвярджэнне праектаў зонаў аховы вышэйназваных помнікаў катэгорый “0”, “1” і “2” ажыццяўляецца на падставе станоўчага заключэння рады.
Паколькі рада не ўхваліла праект зонаў аховы Курапатаў, ён падлягае не зацвярджэнню, а дапрацоўцы з улікам заўваг, паведамляецца ў адказе Генпракуратуры.