Валянціна Вяргей будзе працаваць над планаваннем тэрыторыі вакол Курапатаў

Археолаг Валянціна Вяргей дала згоду на ўдзел у камісіі па грамадскім абмеркаванні праекту дэталёвага планавання тэрыторыі вакол Курапатаў.  



kurapati_koshman_2.jpg

Пра гэта паведаміў 27 студзеня ў Мінску на нарадзе экспертаў па сітуацыі вакол народнага мемарыялу сябра рады “Хрысціянскай злучнасці “Курапаты” Алесь Макаў. Паводле ягоных слоў, неўзабаве ў Мінскі райвыканкам будзе даслана выпіска з пасяджэння рады грамадскага аб’яднання аб накіраванні ў склад камісіі (рабочай групы) па грамадскім абмеркаванні праекту дэталёвага планавання (ПДП) тэрыторыі вакол Курапатаў вядомага беларускага археолага, кандыдата гістарычных навук Валянціны Вяргей.

Яна родам з гораду Петрыкаў, што на Гомельшчыне. Пасля заканчэння Беларускага дзяржуніверсітэта працавала ў БДУ, Гродзенскім дзяржаўным педагагічным інстытуце і Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Асноўны кірунак дзейнасці — гістарыяграфія археалогіі Беларусі і гісторыя насельніцтва Беларускага Палесся жалезнага веку. Аўтар кнігі “Археалагічная навука ў БССР, 1919–1941 гады” (Мінск, 1992), адзін з аўтараў выданняў “Проблеми исторіі та археологіі давнього населення Украінськоі РСР” (Кіеў, 1989), “Беларуская археалогія” (Мінск, 1987) і “Курапаты. Зборнік матэрыялаў” (Мінск, 2002).   

Згодна з інфармацыяй Мінскага райвыканкаму і ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкаму, арганізатарам грамадскага абмеркавання ПДП тэрыторыі вакол Курапатаў вызначаны Мінскі райвыканкам. Паведамленне пра час, месца, парадак і тэрміны правядзення грамадскага абмеркавання будзе змешчана ў раённай газеце “Прысталічча” і на сайце Мінрайвыканкаму (mrik.gov.by) не пазней як за 10 дзён да ягонага пачатку. У межах грамадскага абмеркавання прадугледжана размяшчэнне экспазіцыі горадабудаўнічага праекту ў месцах, даступных грамадскасці.

У склад камісіі (рабочай групы) ўключаюцца прадстаўнікі заказчыка і распрацоўшчыка горадабудаўнічага праекту, а таксама (з іх згоды) — прадстаўнікі мясцовых саветаў дэпутатаў і ўдзельнікаў грамадскага абмеркавання.

Ягоныя ўдзельнікі маюць права накіроўваць у Мінрайвыканкам пісьмовыя заўвагі і прапановы, якія грунтуюцца на нарматыўна-прававых актах, у тым ліку тэхнічныя, а таксама праводзіць за кошт уласных сродкаў прафесійную незалежную экспертызу выстаўленага праекту. Прычым, усе прапановы і заўвагі павінны ўлічвацца і прымацца камісіяй (рабочай групай) падчас правядзення грамадскага абмеркавання, а вынікі незалежнай экспертызы — накіроўвацца ў орган дзяржаўнай экспертызы.

Удзельнікі нарады экспертаў выказалі думку аб неабходнасці накіравання ў склад камісіі (рабочай групы) прадстаўнікоў іншых зарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў, што займаюцца пытаннямі культуры.

Як адзначалася на нарадзе, паколькі 27 лістападу мінулага года Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры не ўхваліла праект зонаў аховы Курапатаў і накіравала яго на дапрацоўку, будзе незаконным адкрыццё рэстаранна-забаўляльнага комплексу, узведзенага каля заходняга боку Курапатаў. Справа ў тым, што чатыры домікі гэтага комплексу пабудаваны ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці, зацверджанай пастановай Міністэрства культуры № 15 ад 12 траўня 2004 года.