У Курапатах ушанавалі памяць Міхаіла Жызнеўскага

Вечарам 29 студзеня ва ўрочышчы Курапаты, што знаходзіцца на паўночна-усходнім ускрайку Мінска, адбылося традыцыйнае штомесячнае ўшанаванне памяці ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій перыяду сталінізму. Нягледзячы на марознае надвор’е, ва ўшанаванні пад бел-чырвона-белымі сцягамі ўдзельнічалі каля 10 дэмакратычных актывістаў.



kurapaty_1.jpg

Хвіліна маўчання ў памяць загінулых абаронцаў украінскага Майдану
Намеснік старшыні аргкамітэту па стварэнню руху салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў нагадаў, што вечарам 28 студзеня ў вёсцы Сцяг Працы пад Гомелем адбылося пахаванне Міхаіла Жызнеўскага, які быў забіты на барыкадах у Кіеве 22 студзеня. Макаеў прапанаваў ушанаваць хвілінай маўчання памяць Жызнеўскага і іншых загінулых на Украіне людзей.
Дэмакратычны актывіст Ілля Добратвор зачытаў заяву кіраўніка аргкамітэту па стварэнню руху салідарнасці “Разам” Вячаслава Сіўчыка “Вянок памяці на магілу героя, сябра УНА-УНСО, беларуса Міхася Жызнеўскага”.
У заяве адзначаецца, што “высокі, малады, мужны, светлы Міхась Жызнеўскі загінуў за Украіну, за яе лепшае будучае ў смяротнай барацьбе з наймітамі Крамля і Лубянкі – адвечнымі ворагамі беларускай нацыі. Міхась чатыры дні не дажыў да 26 гадоў – фатальны ўзрост для Беларусі, бо ў 26 гадоў быў страчаны Кастусь Каліноўскі, у 25 гадоў -- пахаваны Максім Багдановіч. Міхась далучыўся да ўсіх вялікіх беларусаў, якія на нябёсах, але іхняе зямное жыццё дае перспектыву Беларусі. Міхась, прабач усе правіны нашыя перад табою – вольныя і нявольныя.

Міхась не пакінуў запавету, але смерць героя – гэта і наказ беларусам, якія забыліся на славу сваіх продкаў, бо Беларусь некалькі стагоддзяў стрымлівала дзікую ўсходнюю навалу, а калі тэрыторыя Беларусі была акупавана Расійскай імперыяй, у адказ на гэта кожнае пакаленне беларусаў ладзіла паўстанне.


А цяпер мы 20 гадоў церпім здзек, сарамліва адводзім вочы і маўчым пра Колю Лукашэнка, якога нахабна рыхтуюць у якасці ярма на шыю беларускай нацыі. Смерць героя – гэта і напамін Украіны аб нашых спрадвечных братэрскіх сувязях, і аб тым, што ўкраінцы змагаюцца за волю ўсіх паняволеных Масквою народаў, гэта і напамін Украіне, што ў Беларусі ёсць толькі адзін сцяг -- бел-чырвона-белы, што беларуская нацыя яшчэ мае ваяроў і волю да змагання. Міхась Жызнеўскі сваёй гераічнай постаццю назаўжды яднае Беларусь і Украіну. Выбачаюся, што не магу кінуць колькі камкоў зямлі на тваю труну. Спі спакойна, Міхась у роднай беларускай зямлі. Пра твой подзвіг не забудуць ні нашыя браты-украінцы, ні мы – беларусы. Дазволь прывітаць цябе вось гэтым лозунгам, пад якім шчыра аддавалі сваё жыццё лепшыя сыны і дачкі Украіны і Беларусі: Слава Украіне! Жыве Беларусь! Слава нацыі!”
Каардынатар грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” Ганна Шапуцька адзначыла, што грамадскасць будзе рабіць усё неабходнае, каб не дапусціць адкрыцця рэстаранна-забаўляльнага комплексу, узведзенага каля заходняй мяжы народнага мемарыялу.
Удзельнікі ўшанавання правялі малебен, усклалі знічкі і праспявалі беларускі духоўны гімн “Магутны Божа”.
Наступнае ўшанаванне ў Курапатах адбудзецца 29 студзеня а 18.00.