Законапраект адносна БЧБ-сцяга накіраваны ў Палату прадстаўнікоў
Генпракуратура ўлічыла меркаванне людзей, якія патрабуюць прызнання экстрэмісцкім бел-чырвона-белага сцяга і іншай сімволікі. Ужо падрыхтаваны і накіраваны ў Палату прадстаўнікоў законапраект «аб змене законаў па супрацьдзеянні экстрэмізму». Такі адказ з ведамства атрымаў адзін з юрыстаў, якія жадаюць прыняць удзел у абмеркаванні ініцыятывы. Здымак адказу апублікаваў тэлеграм-канал JurFuck.
«У Генеральнай пракуратуры разгледжана ваша заява па пытанні
ўдзелу грамадзян у ўдасканаленні заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму.
Як паведамлялася вам раней, выкладзенае ў папярэднім звароце калектыўнае
меркаванне аб недапушчальнасці прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкай
сімволікай Генеральнай пракуратурай прынятае да ведама і ўлічанае ў рамках
мерапрыемстваў па ўдасканаленні заканадаўства аб супрацьдзеянні
экстрэмізму», — гаворыцца ў лісце.
Там таксама пазначана, што Генеральная пракуратура завяршыла
працу над адпаведным законапраектам «аб змене законаў па пытаннях процідзеяння
экстрэмізму»: ён накіраваны ў Падлату прадстаўнікў для ўзгаднення і наступнай дапрацоўкі.
Адзначым, што сапраўднасць дакумента не пацверджана — атрымаць
каментар у Генпракуратуры TUT.BY не ўдалося.
Нагадаем, 29 студзеня стала вядома, што ў Генпракуратуру
звярнуліся «неабыякавыя» беларусы з заявай, каб забаранілі
БЧБ-сімволіку і прылічылі яе да экстрэмісцкай.
У цяперашнім заканадаўстве БЧБ-сцяг не адносіцца да
забароненай сімволікі, што, зрэшты, не перашкаджае судам штрафаваць і выносіць
«суткі» нібыта за парушэнне заканадаўства аб масавых акцыях. БЧБ-сцяг у акне ці
пафарбаваны дом у тых жа танах прыраўноўваюцца да пікетавання.
Раней неаднаразова пра БЧБ-сцяг выказваўся Аляксандр
Лукашэнка: называў яго «фашысцкай сімволікай» і заяўляў, што не мае намеру
трываць яе ў Мінску (гэтая заява зробленая ў лістападзе мінулага года), а
таксама казаў пра немагчымасць гераізацыі нацызму «ў краіне, якая страціла
кожнага трэцяга свайго грамадзяніна», а «захоплена маршыруючымі з БЧБ-сцягамі і
партрэтамі фюрэра» бачылі ў нямецкай кінахроніцы (заява зробленая ў канцы
снежня).
Між тым прыхільнікамі БЧБ-сцягамі лічаць сябе не толькі многія беларусы (ліст супраць ініцыятывы па прызнанні нацыянальнага сцяга экстрэмісцкім падпісалі больш за 100 тысяч чалавек) — імі былі і застаюцца многія інтэллектуалы Беларусі. У прыватнасці, пісьменнікі-франтавікі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч, якія бачылі вайну на свае вочы, ваявалі з фашыстамі, потым пісалі аб вайне і лічылі БЧБ-сцяг сваім сцягам.