Беларускія снежныя бабы як светлая надзея снегу, як цуд і дзеля цуду

Злыдні руйнуюць іх аж да самай зямлі — за тое, што яны сваё белае зімовае ўбранне ўпрыгожваюць чырвонымі палоскамі… Але на наступны дзень снежныя бабы адраджаюцца зноў, адраджаюцца як птушка Фенікс, як сама Беларусь.



Фота з інстаграм typicalborisov

Фота з інстаграм typicalborisov

Даўно такой зімы не было на Беларусі. Нават, калі гаварыць толькі пра надвор’е, і то гэтая выснова ёсць відавочнай. Маразы не на жарт развязалі спрэчку з прыхільнікамі тэорыі глабальнага пацяплення і не збіраюцца пацвярджаць высновы апошніх. Прынамсі ў нас.

Рэкі і азёры ўспомнілі, што такое лёд, палі і лясы ўхуталіся і накрыліся снегам, людзі зноў убачылі таямнічы прыход снежных баб у іх двары, падворкі, і нават у такія месцы, у якіх раней тыя снежныя стварэнні не сустракаліся.

Ну а снежныя бабы, у сваю чаргу, паказалі людзям, што яны не нейкія злепленыя прымітыўныя балваны, а сапраўды казачныя і міфічныя персанажы, што ўзнікаюць з чыстага як светлая надзея снегу як цуд і дзеля цуду. І яны, гэтыя чароўныя персанажы, з’яўляюцца да людзей у патрэбны час выключна для таго, каб парадаваць іх і ўмацаваць людскую веру ў здзяйсненне мар і надзей, ды ў самых сябе…

full_2.webp

Беларускія снежныя бабы найяскравейшае пацвярджэнне гэтага, бо прыйшлі яны цяперашняй зімой да грамадзян нашай краіны выключна ў бела-чырвона-белым убранні. З’явіліся да людзей у такіх колерах, якія людзі ад іх і чакалі. У колерах іх надзеі, веры і Беларусі.

Стаяць яны ля дамоў і радуюць чалавечы позірк. Якая сцяжок трымае, якая чырвоны шалік павязала на белую вопратку, якая проста палоскі на сабе намалявала… Бела-чырвона-белыя палоскі, вядома ж, такія як і сцяжкі, як і мары і надзеі беларусаў.

Іх цэлая армія, тых снежных бабаў. Яны паўсюдна, у дварах і задворках, на вясковых падворках, на лецішчах, ля аўтамагістраляў, на скрыжаваннях і нават у лясах. Яны ўсе розныя, і адначасна ўсе аднолькавыя. Розныя памерамі, шырынёй і вышынёй, месцам знаходжання, але аднолькавыя ў сваім убранні. Аднолькавыя сваімі чырвонымі ўпрыгожаннямі на белым фоне.

Іх перыядычна развальваюць, тых снежных баб, знішчаюць іх ушчэнт, распыляюць як ядзерны пыл… Разбураюць нейкія злыдні, за тое, што яны сваё белае зімовае ўбранне ўпрыгожваюць чырвонымі палоскамі. Руйнуюць аж да самай зямлі. Але на наступны дзень снежныя бабы адраджаюцца зноў, адраджаюцца як птушка Фенікс, як сама Беларусь. Колькі яе руйнавалі, колькі знішчалі, а яна ўсядно ёсць. І нават снежныя бабы ў яе свае, адрозныя ад іншых, вясёлыя такія, самааднаўляльныя, у самых прывабных колерах. Стаяць яны зараз на крэпкіх маразах і дораць цяпло беларусам.

full__1_.webp


Ну а маразы на вуліцы сапраўды моцныя. Мацнейшымі за цяперашнія маразы ў Беларусі аказаліся толькі яе грамадзяне. Яны працягваюць выходзіць на свае дваровыя маршы, хоць не толькі маразы ім перашкаджаюць у гэтым. Іх працягваюць лавіць, садзіць, судзіць, штрафаваць, караць усялякімі мажлівымі і немажлівымі спосабамі. Але яны выходзяць. Хто ў дзень, хто ноччу, хто і тады і тады, і нішто іх не можа спыніць. Яны адчулі сябе Грамадзянамі, і паводзяць сябе як Грамадзяне. Адчулі сябе Народам, і паводзяць сябе як Народ. Як вялікі Народ.    

Калі нехта яшчэ нядаўна лічыў, што на пустым месцы можна арганізаваць нейкія масавыя акцыі, то апошнія падзеі ў Беларусі прымусілі яго перагледзець свой погляд. Прыкладам, улады вельмі хацелі арганізаваць такія ж шырокамаштабныя акцыі ў падтрымку сябе любімай. І ў яе распараджэнні было ўсё. І дзяржаўны бюджэт, і тэхнічная база, і адміністратыўны рэсурс, і ахова і поўная дзяржаўная падтрымка… І чаго толькі не было. Не атрымалася. Хоць такія спробы рабіліся імі яшчэ тады, калі і мароз не перашкаджаў. Машыны з нумарамі з усіх рэгіёнаў Беларусі везлі кагосьці, хто мусіў дзеля праўладных камер афіцыйнай тэлебачання стварыць бачнасць масавага людскога зборышча. Дзеля гэтага сілавікі перакрывалі вуліцы ў горадзе, лавілі актыўных жыхароў па дварах, каб тыя не сапсавалі праўладнага свята, выстаўлялі паўсюдна пасты… І чаго толькі не нарабілі. Але відовішча не атрымалася.

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

Вось і снежныя бабы таму пацвярджэнне. Не адна не з’явілася ў Беларусі ў якіх іншых колерах. Каб прапагандысты і хацелі паказаць такую па тэлебачанні, то не знайшлі б. І самыя ляпіць такіх не хочуць. І ніхто не хоча.

Па ўсім бачна, што беларускія снежныя бабы цяпер кожную зіму будуць прыходзіць менавіта ў беларускіх нацыянальных колерах. Толькі наступнымі зімамі іх, напэўна, разбураць ужо ніхто не будзе.

www.racyja.com