Спорт, які мы заслужылі

Вы — заўзятар са шматгадовым стажам, але ў апошнія месяцы неяк страцілі цікавасць да спорту? Раней не прапускалі аніводнай трансляцыі, а на мінулым тыдні ганебна празявалі перамогу беларускіх баскетбалістак у кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы? Вас мала кранаюць трансферы Ігара Стасевіча і Ягора Філіпенкі з БАТЭ ў салігорскі «Шахцёр», а дэбют Ягора Шаранговіча ў НХЛ за «Нью-Джэрсі Дэвілс» зусім не выклікае імпэту?

marsz_adzinstva_6__34__logo_1.jpg

Не пужайцеся — вы не адзін такі. Разам з вамі феномен нацыянальнага спорту цяпер пераасэнсоўваюць многія тысячы беларусаў. Тыя, хто не можа ўспрымаць спартсменаў у адрыве ад іх грамадзянскай пазіцыі. Хто бачыць вялікую розніцу паміж краінай і дзяржавай — і адчувае, на чыю карысць ірве жылы вунь той атлет на пятай дарожцы. І нарэшце, каму баліць сёння ў першую чаргу за рэпрэсаваных, пацярпелых, палітзняволеных — і за гэтай шчырай эмпатыяй ён белага свету пакуль не бачыць.
Аднак ёсць добрая навіна. Хай цяпер спорт адышоў у цень — але ён абавязкова вернецца, калі цень зменіцца светам. І зойме такое месца ў новай Беларусі, якое і мусіць быць у краіне з чалавечым, дэмакратычным і цывілізаваным абліччам.
Давайце ўявім нашу спартыўную рэчаіснасць пасля Лукашэнкі, тым больш што прадбачыць гэта зусім не складана, а вельмі нават лёгка і прыемна.
Такім чынам, у новай Беларусі спорт будзе…

…адлюстроўваць нацыянальныя каштоўнасці

Беларускія спартыўныя чыноўнікі часта наракаюць: чаму гэта нашы каманды і асобныя атлеты да і пасля спаборніцтваў не спяваюць дзяржаўны гімн. Стаяць, маўляў, як сычы, і нават рот не раскрыюць. Ці не дарэмна родная дзяржава корміць іх, падшыванцаў? Вунь той хоць вуснамі трохі паварушыў — маладзец, трэба даць яму талоны на ўзмоцненае харчаванне.
Калі сур’ёзна, то праблема сапраўды існуе. Не з гімнам — спяваць яго ці не, прыватная справа кожнага. Хутчэй, увогуле з нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй, бо кім мы ёсць — на гэта пытанне сучасная Беларусь дагэтуль не адказала. Афіцыйная сімволіка ў нас фактычна засталася савецкая, мова навокал дамінуе руская, а капітан футбольнай зборнай можа напісаць у інстаграме, што гуляе за «Белоруссію». І дзе тут прытуліцца нармальнаму пасіянарыю, каб адчуць тую самую повязь, якая дапамагае перамагаць італьянцам і іспанцам, амерыканцам і грузінам, палякам і літоўцам?
Балазе, у той Беларусі, да якой мы рухаемся складанымі сцежкамі гістарычнага развіцця, гэта праблема паспяхова вырашыцца. Бо нездарма казалі яшчэ ў жніўні: беларусы нарэшце нараджаюць нацыю. Калі працэс скончыцца, знікне і гэты мянтальны кагнітыўны дысананс.
Невядома, ці набудзе бел-чырвона-белая сімволіка адразу афіцыйны статус, але кідаць праз яе за краты дакладна перастануць. І — тут можаце не сумнявацца — ці не першае, што ў нас насычана перафарбуецца ў белае і чырвонае, гэта будуць трыбуны стадыёнаў і гульнявых арэн. Апошнія месяцы сакралізавалі гэтыя сімвалы, дый раней ніхто са спартсменаў іх не цураўся — хутчэй наадварот.
А да гэтага дадасца і ўсё астатняе. Бо калі нацыя нарадзілася, то тое ўжо незваротна. Свае ўласныя каштоўнасці выявяцца, і мы яшчэ падзівімся, як іх у нас багата. І як актыўна распаўсюд прасоўваецца — і як для таго непатрэбны ўсялякія ідэолагі на дзяржаўным утрыманні.
А там ужо справа дойдзе і да спявання гімна, які б ён у нас не быў. Бо надта ж красамоўная намалявалася выява перад нядаўняй гульнёй узгаданых баскетбалістак з полькамі. Пакуль гучаў гімн, нашы дзяўчаты стаялі адна ад другой на піянерскай адлегласці, з кіслымі і каменнымі тварамі, нібыта вырашылі музыку проста перачакаць. Саперніцы ў той жа час абняліся, узялі ў фокус нацыянальны сцяг — і ў меру сіл і музыкальнага слыху выканалі «Яшчэ польска не згінела».
Аднойчы гэтак зможам і мы.

…рэальна аб’ядноўваць беларусаў

Даўно заўважана, што змрочныя часы і агульная нястача гуртуюць людзей, абуджаюць салідарнасць. Як гэта выглядае на вуліцах, мы памятаем з уласнага вопыту — узгадваюцца шматтысячныя пратэсты і ўсемагчымыя акцыі і формы падтрымкі. Як гэта выглядае ў спорце, нам лепш за ўсё распавядуць суседзі-ўкраінцы.
Сталыя заўзятары ведаюць, а лёгкія на пад’ём бачылі на свае вочы, што адбываецца ў горадзе і на стадыёне, калі туды прыязджае гуляць футбольная зборная Украіны. Аўтару гэтых радкоў даводзілася падарожнічаць на Поўдзень і падзяляць з мясцовымі гэтыя хвалі патрыятычнага ўздыму — у Кіеве, Львове, Данецку. Пасля першага і тым больш другога Майдану футбол для ўкраінцаў адназначна перасек межы «проста гульні» і стаў з’явай, якая падкрэслівае і мацуе нацыянальныя муры народа.
Сваё «Ще не вмерла…» яны спяваюць усім стадыёнам. Падчас матчу дзясяткі тысяч падтрымліваюць сваю каманду так, быццам ад выніку гульні залежыць іх асабісты лёс. У Львове на футболе гімн спяваюць нават мажныя цёткі-білецёркі на ўваходзе на сектар — выглядае гэты зачаравальна, да мурашак.
Нам гэтага вельмі бракуе сёння, як бракавала ўчора і пазаўчора. Неяк так сталася, што тыповы беларускі заўзятар не адчувае сябе працягам сваёй зборнай, не бачыць у ёй свайго адлюстравання, не асацыюе яе з сабой. Стадыёны мы запаўняем толькі ў дні, калі да нас прыязджаюць зорныя сапернікі. Нашы паводзіны на трыбунах падобныя да паводзінаў гледачоў у тэатры. Эстэтыку гульні мы ацаніць умеем, але каб яна пранізвала наскрозь, ахоплівала тым асаблівым нацыянальным пачуццём… Такога з намі не было, здаецца, з малафееўскіх часоў — 2001–2002 гадоў, — калі беларускія футбалісты на паўнюткім стадыёне «Дынама» разносілі палякаў ці здабывалі эпічную вікторыю над нарвежцамі.
Мінулі тыя часы — і цяпер нам зручней паўтыкаць на футболе ў тэлефон ды абмеркаваць чарговы раман ці заробкі лепшага нападаючага альбо варатара.
Часам даходзіць да абсурду. Летам 2019-га зборная Беларусі сустракалася ў Барысаве з зорнымі немцамі, і так сталася, што частка гледачоў падтрымлівала з трыбун… саперніка. Легендарны галкіпер «бундэсцім» Мануэль Нойер пасля агаломшана дзівіўся: «Яны заўзелі за нас, а не за сваю краіну. Як такое магчыма?!»
Магчыма, Мануэль. У Беларусі і не такое магчыма. Але аднойчы гэта скончыцца. Новая эпоха абавязкова здзейсніць перапрашыўку нашай самасвядомасці — і ўсё у нас стане на свае месцы.

…паўстане на рыначны шлях развіцця

Чвэрць века беларускі спорт жыве за дзяржаўны кошт, і гэта чамусьці з’яўляецца прадметам гонару ўладаў. Маўляў, дапамагаем — не тое, што іншыя, якім застаецца толькі зайздросціць.
Насамрэч, гэта заганны шлях, і ніхто ў той жа Еўропе не спяшаецца яго пераймаць. Бо зрабіць са спорту аналаг стратнага калгаса, які ўвесь час чакае дзярждатацый — справа няхітрая. А вось выбудаваць жыццяздольную рыначную мадэль — гэта якраз тое, на што спрадвеку арыентаваны «загніваючы» Захад.
Заробак ад продажу тэлетрансляцый. Даходы ад рэкламы, квіткоў і абанементаў. Рэалізацыя «мерчу» — то-бок атрыбутыкі і іншай брэндаванай драбязы. Трансферныя аперацыі з высокай ліквіднасцю. Вось што даўно зрабіла сусветны спорт сапраўднай індустрыяй, якая вабіць спонсараў і інвестараў. Вось што дагэтуль недасяжна для спорту беларускага, які сілкуецца з бюджэту, спараджаючы вострыя пытанні.
Чаму футбаліст зарабляе ў разы больш за медыка? Чаму хакеісту плацяць так шчодра, што настаўнік ці пажарны можа пра тое толькі марыць? Чаму гулец салігорскага «Шахцёра» атрымлівае як дзесяць шахцёраў «Беларуськалія», з чыёй працы гэтыя астранамічныя сумы і фарміруюцца? Дай адказ, беларускі спорт. Не дае адказу... І толькі зноў і зноў выцягвае сродкі падаткаплацельшчыкаў.
У новай рэальнасці, вядома, сітуацыя зменіцца — проста іншага шляху няма. Тут адно з двух: альбо рынак, дзе кожнаму — па здольнасцях, альбо тупік, да якога мы імкліва набліжаемся. У тым жа футболе ўжо анансавана рэзкае скарачэнне датацый — і гэта толькі пачатак.

…кіравацца прафесіяналамі, а не прызначэнцамі

Амаль тры гады Міністэрства спорту Беларусі ўзначальвае Сяргей Кавальчук — былы ахоўнік Лукашэнкі. Нацыянальным алімпійскім камітэтам з вясны 2019-га кіруе Віктар Лукашэнка. На чале федэрацыі футбола два гады завіхаецца Уладзімір Базанаў — палкоўнік-артылерыст, былы афганец. Галоўны чалавек у беларускім баскетболе — першы намеснік лукашэнкаўскай адміністрацыі Максім Рыжанкоў.
Набліжаныя да першай асобы, гульцы яго хакейнай каманды, буйныя дзяржчыноўнікі, генералы ды палкоўнікі… Каго толькі не прызначалі на кіруючыя пасады ў беларускім спорце апошнія гады і дзесяцігоддзі! Як далёка яны былі ад гэтай сваёй «сінекуры» ў плане досведу і ведаў… Пра аднаго з такіх футбольны трэнер Анатоль Байдачны неяк выказаўся: «Ён не адрозніць мяч ад моркаўкі».
Зразумела, што нічога асабліва добрага з практыкі такіх прызначэнняў не было і не будзе. Бо адміністрацыйны рэсурс — дрэнная замена прафесіяналізму, спецыяльнай адукацыі і спартыўнаму бэкграунду. Спортам мусяць кіраваць профільныя адмыслоўцы па тым жа прынцыпе, згодна з якім боты павінен шыць шавец, а пірагі пячы — пекар.
Аднойчы так у нас усё і будзе. Кожны зоймецца сваёй справай, а рудыменты старой эпохі мы забудзем як няўдалы сон. І спорт беларускі падымецца на іншы ўзровень — і не толькі спорт.
Але ж пакуль Беларусь жыве па-ранейшаму. І напрыканцы для вас свежая навіна. Нядаўна ў клубе «Дынама» з Брэста прызначылі новага спартыўнага дырэктара. Чалавека, напэўна, добрага, аднак яўна няпростага. Да з’яўлення ў футболе ён кіраваў брэсцкім ЦУМам.