Замест збору подпісаў — пікет, прысвечаны 100-годдзю БНР

7 студзеня — перадапошні дзень для збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Аліна Нагорная, адна з заснавальнікаў грамадскага руху «Дзея», зарэгістравала сваю ініцыятыўную групу, але пакуль ніводнага подпісу не сабрала. І рабіць гэта не збіраецца. 

img_0216_1_logo.jpg


Замест гэтага яна правяла ў Слуцку пікет, прысвечаны 100-годдзю БНР.
— Мясцовыя выбары — гэта яшчэ адна фікцыя, якая абыходзіцца народу «ў капеечку». Лічу, што спіс кандыдатаў ужо даўно падрыхтаваны і зацверджаны Слуцкім райвыканкамам, — выказвала сваю думку наконт выбарчай кампаніі Аліна Нагорнаяактывістка. — Ад майго ўдзелу ў выбарах і іншых актывістаў ён аніяк не зменіцца.

img_0223_logo.jpg


Па словах Нагорнай, яна зарэгістравала ініцыятыўную групу дзеля таго, каб мець магчымасць падчас выбарчай кампаніі ажыццявіць пікетаванне і не плаціць за гэта штраф.
— Слуцкія ўлады не дазваляюць ніякіх імпрэз, прысвечаных памяці Слуцкага збройнага чыну, які змагаўся пад бел-чырвона-белым сцягам БНР. У гэтым годзе мы будзем святкаваць 100-годдзе БНР. На дзяржаўным узроўні гэта свята зноў застаецца незаўважаным. Сваім пікетам я і мае сябры нагадваем случчанам пра важны этап у гісторыі нашай дзяржаўнасці. Бо без абвяшчэння БНР магло б не быць і БССР, а таксама сучаснай Рэспублікі, — патлумачыла мэту пікету Аліна.

img_0222_1_logo.jpg


Падчас пікетавання рэяў бел-чырвона-белы сцяг, а ўдзельнікі вулічнай імпрэзы адорвалі жыхароў горада памяткай пра Слуцкі збройны чын і каляндарыкамі з партрэтамі ўдзельнікаў Слуцкага паўстання і выявай бел-чырвона-белага сцяга. Прыкладна 300 чалавек панеслі дамоў памяць пра гістарычныя падзеі. Аматары фатаздымкаў зрабілі іх на фоне хэштэгу #БНР100.

img_0224_logo.jpg


Доўжыўся пікет каля 4-х гадзін. Міліцыянты не перашкаджалі яго праводзіць, а толькі сачылі за мерапрыемствам, седзячы ў аўтамабілі.

img_0219_logo.jpg


Цікава было паназіраць за мінакамі. Адны з іх абыякава глядзелі на прысутных і насцярожана абыходзілі. Іншыя з задавальненнем атрымлівалі падарункі і нават уступалі ў размову пра выбары, БНР і Слуцкі збройны чын. Большасць з гэтых людзей адмоўна ставяцца да выбараў кандыдатаў у мясцовыя саветы, паколькі тыя нічога не вырашаюць.


Многія з случчан нешта недзе чулі пра БНР, але не маюць акрэсленай пазіцыі.
А некаторыя негатыўна выказаліся пра ўрадавую антынацыянальную палітыку.
Жанчына сталага ўзросту, якая назвалася Нінай Паўлаўнай, — жонка былога ваеннага. Па службоваму абавязку мела магчымасць пажыць і ў Польшчы, і ў Расіі.
— Мне было няёмка слухаць палякаў, калі яны гаварылі пра тое, што на тэрыторыі нашай краіны павінна быць Польшча. Палякі добра ведаюць гісторыю Рэчы Паспалітай таго часу, калі яна падабрала пад сябе Беларусь. Суседзі расійскага паходжання ў сваю чаргу адмаўлялі беларусам у праве мець сваю дзяржаву. Дарэчы, адным з аргументаў для іх з’яўлялася панаванне расійскай мовы ў Беларусі. Яны лічаць, што сапраўдны народ не будзе гаварыць на мове іншай дзяржавы без асобага прымусу. Мне было няёмка і чамусьці сорамна, — падзялілася сваімі ўспамінамі пра размовы з жыхарамі суседніх краін жонка ваеннага.