БНК пачаў падрыхтоўку да масавага святкавання 100-годдзя БНР

Беларускі нацыянальны кангрэс (БНК) пачаў падрыхтоўку да масавага святкавання 25 сакавіка ў Мінску 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).

5018911432_0.jpg


Як паведаміў БелаПАН сустаршыня БНК Мікалай Статкевіч, 8 студзеня адбылася сустрэча грамадскіх і палітычных дзеячаў, якія падтрымалі гэтую ідэю. У пасяджэнні рабочай групы прынялі ўдзел Статкевіч, Яўген Афнагель, Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык і Генадзь Фядыніч.

16 студзеня адбудзецца першае пасяджэнне аргкамітэта па масавым святкаванні 25 сакавіка ў Мінску 100-годдзя БНР. Беларускі нацыянальны кангрэс запрашае да ўдзелу ў пасяджэнні прадстаўнікоў арганізацый, якія падтрымліваюць ідэю сумеснага святкавання юбілейнага Дня Волі.

Партыя БНФ перадала ў Адміністрацыю прэзідэнта прапановы па святкаванні 100-годдзя БНР

Рабочая група лічыць магчымай формай масавага святкавання шэсце ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Незалежнасці з наведваннем месцаў, звязаных з гісторыяй БНР. Пры гэтым група адкрыта да абмеркавання іншых фарматаў акцыі.

Удзельнікі групы лічаць мэтазгодным падаць заяўку на правядзенне святочнага шэсця ў Мінгарвыканкам, каб даць магчымасць ўлады пацвердзіць дэклараваную прыхільнасць незалежнасці Беларусі.

«Дзень Волі мусіць прадэманстраваць сілу і адзінства беларускага народа», — лічаць у працоўнай групе па святкаванні 100-годдзя БНР.

Дзень Волі (чарговыя ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі) адзначае дэмакратычная грамадскасць краіны, хоць афіцыйна гэтага свята ў краіне няма.

Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года. Многія гісторыкі лічаць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.