Вечарына памяці Гавела пад песні Вайцюшкевіча (фота)

Нягледзячы на абмежаваны фармат імпрэзы, ушанаваць памяць пра легендарнага чэшскага прэзідэнта 12 студзеня прыйшла вялікая колькасць беларускіх VIP.

img_0439_logo.jpg


Сярод ганаровых гасцей (а іншых, па праўдзе, і не было запрошана), вечарыну адведалі Мечыслаў Грыб, Ганна Канапацкая, Алена Анісім, Алег Трусаў, Уладзімір Някляеў, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Уладзімір Дунаеў, Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Ярашук, Алена Макоўская, Ніна Шыдлоўская, Святлана Калінкіна, Аляксандр Старыкевіч, Віктар Карнеенка, Лявон Баршчэўскі, Зміцер Бартосік, Таццяна Нядбай, Сяргей Мацкевіч, Алесь Міхалевіч, Валеры Карбалевіч, Андрэй Фёдараў, Андрэй Ляховіч і многа іншых знаных прадстаўнікоў грамадска-палітычнай і экспертнай супольнасці.


Невялічкай прамовай імпрэзу адкрыў старшыня Руху «За Свабоду» Юры Губарэвіч.

img_0299_1_logo.jpg


Пасля весці імпрэзу працягнуў артыст Свабоднага тэатра Аляксей Сапрыкін. Паводле прапановы вядоўцы перад удзельнікамі вечарыны выступалі амбасадар Чэхіі Мілан Экерт, палітык Аляксандр Мілінкевіч, паэт Уладзімір Някляеў, першы лідар незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, заснавальніца камітэта «Салідарнасць» Іна Кулей, палітык Алесь Міхалевіч.


Выступоўцы ўзгадвалі цікавыя старонкі біяграфіі Вацлава Гавела, дзяліліся сваімі ўспамінамі і ўражаннямі ад сустрэч з ім.
«Гэта быў дысідэнт, драматург, палітык, прэзідэнт. Гавел быў надзвычай рознабаковым чалавекам, які заўсёды падкрэсліваў, што для яго самае важнае — ідэя свабоды чалавека. І гэтая ідэя для яго вельмі шмат значыла», — адзначыў у сваім выступе Аляксандр Мілінкевіч. Прамоўца таксама ўзгадаў словы Гавела пра асабістую адказнасць усіх чальцоў грамадства за атмасферу амаральнасці, якая пануе пры дыктатуры.

img_0354_logo.jpg


«Гавел быў здольны дзеля высакароднай агульнай мэты аб’яднаць тых, каго, здавалася, аб’яднаць немагчыма. Я рады за чэхаў, што яны мелі такога прэзідэнта», — зазначыў падчас сваёй прамовы Алесь Міхалевіч.

img_0334_1_logo.jpg


Пасля ўрачыстай частцы адбыўся конкурс на веданне біяграфіі Вацлава Гавела. Самыя кемлівыя атрымалі ў якасці прызоў кнігі і сувеніры.


На музычна-лірычны лад імпрэзу скіраваў Зміцер Вайцюшкевіч, які выканаў пад гітару нізку сваіх шырока вядомых песень. Знакамітую песню «На Каляды» падпявала ўся заля. Дзякуючы музыку напрыканцы вечарыны панаваў прыўзняты, адухоўлены настрой. 

img_0445_logo.jpg

Нагадаем, беларуская вечарына памяці апошняга прэзідэнта Чэхаславакіі і першага прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела адбываецца штогод, пачынаючы з 2012 года з ініцыятывы і пры арганізацыйнай падтрымцы Руху “За Свабоду”. На пачатку новага году ва ўсім свеце ўшаноўваюць памяць Вацлава Гавела: 6 студзеня 1977 года яго арыштавалі за подпіс пад дакументам чэхаславацкіх дысідэнтаў “Хартыя-77”.