Запісваюць рускую мову хатняй, патрабуюць імя па-руску. Якія хібы ў перапісу-2019
З 4 па 30 кастрычніка ў Беларусі праходзіць перапіс насельніцтва, за 6 дзён у ім узялі ўдзел 1,5 мільёна чалавек, больш за 600 тысяч перапісаліся праз інтэрнэт. Свабода сабрала хібы, пра якія распавялі ўдзельнікі.
Аўтаматычна запісваюць хатняй рускую мову
У Светлагорску перапісчыкі запісалі мясцоваму жыхару Пятру Пяцко мовай, на якой ён гаворыць дома, рускую (пра выпадак ён расказаў «Нашай Ніве»). Калі спадар Пяцко пачаў абурацца, перапісчыцы адказалі, што «ўсім так запісваюць».
Пра такія праблемы кажуць і іншыя ўдзельнікі перапісу, якія праходзілі яго не ў інтэрнэце.
Просяць перакласці беларускае імя
Гісторыка Язэпа Янушкевіча перапісчыца, якая завітала да яго ў Ракаве, папрасіла перакласьці імя «Язэп», каб было «па-руску, як у пашпарце». Не дапамог нават чытацкі білет з Нацыянальнай бібліятэкі. Пра гэта спадар Янушкевіч піша ў сябе на старонцы ў «Фэйсбуку».
«...Каб не адрывацца ад пільнай працы (людзі на замову чакаюць ад мяне звестак гістарычных) — шукаць свой пашпарт і даказваць нешта, — сказаў маладзіцы, што мне проста цяжка ў дадзены момант зразумець, чаму мы не можам у Беларусі паразумецца роднай мовай маёй... На тым і развіталіся», — апісвае фінал гісторыі спадар Янушкевіч.
У першы ж дзень лёг сайт перапісу
4 кастрычніка, калі пачаўся перапіс, былі перабоі ў працы сайта, на якім можна перапісацца праз інтэрнэт. Праблему прызналі ў Белстаце.
«Гэта звязана з тым, што вельмі шмат людзей адначасова ўваходзяць на сайт. І тыя, хто хацеў бы перапісацца, і тыя, хто хоча проста паглядзець ці пачытаць. Кампанія, якая абслугоўвае сайт, падлічыла, што заходзяць 70 тысяч чалавек за секунду», — сказала Свабодзе прэс-сакратарка Тацяна Лапкоўская.
Беларусы, якія год не былі на радзіме, не могуць перапісацца
Паводле правілаў перапісу прыняць у ім удзел нельга, калі ўжо год не быў на радзіме. Гэта супярэчыць тэзе, што перапісу падлягаюць усе грамадзяне Беларусі. Беларусы, якія жывуць не ў Беларусі, абурыліся такім рашэннем арганізатараў перапісу.
«Не выключаю, што гэта зроблена дзеля таго, каб зменшыць колькасць галасоў за беларускую мову. Прынамсі, нейкага іншага сэнсу я не бачу. Так склаліся абставіны, што людзі апынуліся за мяжой, але яны працягваюць жыць Беларуссю і ў любы момант могуць вярнуцца назад. Усё залежыць ад сітуацыі — і асабістай, і той дзяржавы, дзе яны жывуць», — выказаў думку доктар навук Захар Шыбека, які цяпер жыве ў Ізраілі.
Жанчыны мусяць пазначыць планы на дзяцей
Жанчыны мусяць адказаць перапісчыкам, колькі дзяцей яны плануюць нараджаць. Многіх жанчын такое пытанне абурыла — «навошта дзяржаве ведаць такія падрабязнасці?» Абурыла гэта і некаторых мужчын, бо пытанне стаіць так, нібыта яны не ўдзельнічаюць у планаванні і гадаванні дзяцей. Для іх у перапісных лістах пытання пра дзяцей проста няма.
Фармулёўка пытання пра родную мову
Яшчэ адна хіба, якой абураліся грамадзяне, — фармулёўка пытання пра родную мову. «Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве)?» — менавіта такое пытанне стаіць у анкеце. Такая фармулёўка, на думку ўдзельнікаў перапісу можа заблытаць, бо родная мова — гэта не ў меншай ступені пытанне ідэнтыфікацыі, чым засвоеных у раннім дзяцінстве ведаў.