Цэны страляюць ва ўпор

Усяго за восем дзён новага года цэны ўзраслі на 1,5%. На гэтым дзяржава спыняцца не збіраецца. Не паспеў новы год пачацца, а ўжо прынёс некалькі непрыемных падаруначкаў. Здаецца, усе рашэнні, якія маглі зашкодзіць выкананню інфляцыйнага прагнозу на 2012 год, улада перанесла на пачатак 2013-га. І паказчыкі не сапсавалі, і грошыкі здабылі.  



470595503_large.jpeg

Як паведамляе Белстат, за некалькі дзён новага года цэны ўзраслі на 1,5%. Найбольшы прырост цэн з пачатку месяца адзначаны на тытунёвыя вырабы (13,6%), тварог нятлусты (1,7%), гарэлку (1,5%), муку пшанічную (1,3%), піва (1%), малако згушчанае з цукрам (0,9%), сыр плаўлены, шматкі аўсяныя, крупы манныя (0,8%), паслугі сувязі (20%), чыгуначнага транспарту рэгіянальных зносінаў эканом-класа (16,7%) і міжнародных зносін (7,5%), санаторна-аздараўленчыя паслугі (7,4%).

Гэта — толькі статыстыка за 8 дзён месяца. На гэтым, дарэчы, дзяржава спыняцца не збіраецца. Як і раней, яна збіраецца пераканаць беларусаў, што быць здаровым і працаваць — значна танней, чым хварэць. Істотна падаражэлі беларускія лекі. Гранічныя максімальныя адпускныя цэны павышаныя на лекавыя сродкі, якія вырабляюцца рэспубліканскім вытворчым унітарным прадпрыемствам «Акадэмфарм», «Белмедпрэпараты» і сумесным таварыствам з абмежаванай адказнасцю «Лекфарм». Павышэнне склала ад 6% да 20%.

Больш за ўсё сярод прэпаратаў, якія падаражэлі, антыінфекцыйных сродкаў для сістэмнага выкарыстання — 26 найменняў, лекаў, прызначаных для лячэння сардэчна-сасудзістай сістэмы — 23 найменні. Гранічныя максімальныя адпускныя цэны павышаныя на 11 найменняў проціпухлінных лекавых сродкаў і імунамадулятараў. Падняліся цэны і на іншыя прэпараты.

Ад 16 студзеня амаль традыцыйна на 5% падняліся кошты на бензін. Зараз дызельнае паліва каштуе 8 000 рублёў, дызельнае паліва «Арктыка» — 9 300, АІ–95 — 7 800, АІ–92-К-5 — 7 400. Прычым такое падвышэнне можа адбывацца штоквартальна. А калі яно можа адбывацца штоквартальна, то яно і будзе адбывацца штоквартальна.

Ёсць падаражанні, якія мы яшчэ адчуем. З 1 студзеня насельніцтву загадана аплачваць не 17% выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі, а 21,8%. Калі канкрэтна, то ацяпленне стала даражэй на 5%, электрычнасць — на 9,5%.

І думаеце, на гэтым падаражанне спыніцца? Не, не спадзявайцеся. Міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак у інтэрв’ю газеце «Рэспубліка» ўжо паплакаўся, што «21 прадпрыемства, якое падпарадкавана міністэрству, з’яўлялася ў мінулым годзе, як і ў 2011-м, планава стратным». На ягоную думку, вінаватыя ў гэтым нізкія цэны на чыгуначныя квіткі! Яны негатыўна адбіваюцца на стане пасажырскіх аўтапаркаў, якія на міжгародніх перавозках становяцца неканкурэнтаздольнымі і не могуць кампенсаваць выдаткі на стратныя ўнутрыгарадскія паездкі.

То бок, вінавата не занадта дарагое паліва, не раздоўбаныя ўшчэнт міжгароднія аўтобусы і маршруткі, якія жаруць гэтае паліва няведама колькі, а нізкія кошты на чыгуначныя квіткі! Гэта пры тым, што ў беларускія чыгункі перад святамі проста не ўбіцца і квіток не набыць — на сабе гэта адчуў. За два тыдні з усімі дадатковымі цягнікамі не было месцаў.

Можа, лепш бы міністр падумаў, як кошт на паліва знізіць — і яму была б карысць, і ўсяму насельніцтву.

Пакуль што наш урад дзейнічае па прынцыпу: «Калі вораг не здаецца — яго знішчаюць». Зразумела, з такімі коштамі ў крамах няма чаго туды хадзіць. Але вінаватыя, зноў жа, не кошты, вінаваты злыя канкурэнты.

Намеснік міністра гандлю Вячаслаў Драгун на тыдні заявіў, што беларускі гандаль павінен цалкам адмовіцца ад кіёскаў. На яго думку, кіёскі павінны «плаўна памерці», паколькі ў гэтых аб’ектах гандлю няма адпаведных умоваў ні для працы людзей, ні для захоўвання і рэалізацыі тавараў. «Гэта не зусім правільна, гандляваць так, калі ёсць адпаведныя гандлёвыя плошчы, дзе створаны ўсе неабходныя ўмовы», — адзначыў Вячаслаў Драгун.

Услед за сталіцай ад кіёскаў адмаўляюцца і рэгіёны — там, паводле яго слоў, вядзецца планамерная праца. «Індывідуальным прадпрымальнікам прапануецца перавод у добраўпарадкаваныя памяшканні. Гэтая праца вядзецца і па гарадах, і па асобных групах тавараў», — сказаў намеснік міністра.

Правільна! Калі чалавеку зручна набыць нешта мімаходзь у кіёску, то ён павінен ісці ў краму за тры кіламетры. Бо крамаў «крокавай даступнасці», пра якія нам шмат казалі ў тым жа Мінгандлі, на замену кіёскам так і не з’явілася.

Можна спадару Драгуну параіць яшчэ больш і глыбей развіваць гэтую ініцыятыву. Калі па шляху на працу табе трэба пару батарэек у плэер — ты павінен ісці ў спецыялізаваную краму, якая гандлюе батарэйкамі. Калі стрыжань для асадкі — у спецстрыжневую краму. Калі шакаладку — у фірмовую краму «Спартака» ці «Камунаркі». Адзінае, што незразумела, дык гэта дзе набываць «Чупа-чупсы» — ідэалагічна варожую прадукцыю, якую дагэтуль не здолелі «імпартазамясціць», а вытворца фірмовай крамы «Чупа-чупсаў» не адкрывае, падлюка.

І яшчэ адзін званочак пра тое, што ўсё будзе толькі даражэць. У Беларусі з 1 студзеня 2013 года для дзяржаўных прадпрыемстваў і гаспадарчых таварыстваў з доляй дзяржавы ўніфікаваны памер прыбытку, які павінен пералічвацца ў бюджэт. Усе дзяржпрадпрыемствы абавязалі пералічваць у бюджэт 20% ад прыбытку. Такое рашэнне замацавана ўказам прэзідэнта №18 ад 11 студзеня 2013 года, тэкст якога апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

Указ уносіць змены і дапаўненні ў шэраг нарматыўных актаў. Паводле гэтых зменаў, у Беларусі дзяржаўныя ўнітарныя прадпрыемствы і дзяржаўныя вытворчыя аб’яднанні абавязаны пералічваць у бюджэт 20% ад прыбытку. Для гаспадарчых таварыстваў з доляй дзяржавы адлічэнні часткі прыбытку (20%) будуць вырабляцца прапарцыйна долі дзяржавы ў статутных фондах.

Выключэнне зроблена толькі для дзяржпрадпрыемстваў і гаспадарчых таварыстваў, якія спецыялізуюцца на вытворчасці сельгаспрадукцыі, рыбалоўстве і рыбаводстве. Яны абавязаны пералічваць у бюджэт 5% ад прыбытку.

А на каго ўскладуць гэтыя 20% ад прыбытку? Зноў жа, на пакупніка.

Карацей, у 2013 годзе трэба як ніколі берагчы свой гаманец, менш вандраваць і старацца не хварэць. Занадта дорага ўсё выйдзе.